Среда, Январь 22Дзержинский район: новости - афиша - реклама

У Дзяржынску праходзіць III этап рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі

Гара Дзяржынская – найвышэйшая кропка Беларусі. Калі ўяўляеш яе, то думкі мімаволі імкнуцца ўвысь, хочацца марыць аб чымсьці пафасным і ўзнёслым. Сімвалічна, што ў Дзяржынскім раёне сёлета будзе праходзіць трэці (абласны) этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Геаграфія”. Гасцінна прымае алімпіяду дзяржаўная ўстанова адукацыі “Абласны аграрна-тэхнічны прафесійны ліцэй”.

Да ўдзелу ў гэтым няпростым, але прэстыжным інтэлектуальным спаборніцтве запрошаны 81 вучань Мінскай вобласці.

Вучняў і гасцей чакалі маляўніча аформленыя Цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі Дзяржынскага раёна выставы аб святкаванні Новага года ў розных краінах свету, арганізавана фотазона з глобусам. Выдатнаму настрою паспрыялі гукі аркестра гімназіі г.Дзяржынска. Пазітыўнай энергіяй зарадзіла геаграфічная латарэя з цікавымі прызамі.

На плённую працу ўдзельнікаў і членаў журы настроіла ўрачыстае адкрыццё алімпіяды. Прысутных прывіталі: начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Дзяржынскага райвыканкама Галіна  Гапанькова, старшыня журы дацэнт кафедры геаграфічнай экалогіі кандыдат геаграфічных навук Белдзяржуніверсітэта Яўгеній Казлоў, начальнік вучэбна-метадычнага аддзела прыродазнаўча-матэматычных і тэхналагічных дысцыплін Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Вольга Арцёмава.

“Вы ўсе ўжо з’яўляецеся пераможцамі”, – адзначыў дырэктар ліцэя Эдуард Юр’евіч Пірскі. Алімпійцам запомніўся запавет старшыні журы: “Алімпіяда – своеасаблівы конкурс, жорсткая канкурэнцыя. Трэба вызначыць найлепшых, таму варта працаваць з поўнай самааддачай”.

Прадстаўнікі раёнаў размясцілі на ёлцы шары з самымі рознымі пажаданнямі (дабра, перамогі, задавальнення, поспеху). Кожны атрымаў асалоду ад канцэрта гімназіі г. Дзяржынска, прысвечанага Году малой радзімы.

Закрыццё алімпіяды пройдзе 17 студзеня ў 10.00 ў абласным аграрна-тэхнічным прафесійным ліцэі.

Добавить комментарий