Вторник, Октябрь 24Дзержинский район: новости - афиша - реклама

Радасць, падораная Вялікаднем

Фарбаваныя яйкі, духмяныя булкі, іншыя адмысловыя пачастункі… Без іх, як вядома, не бывае Вялікадня. Як і без сапраўднай, шчырай радасці – ад таго, што сышлі ў нябыт зімовыя сцюжа і змрок, а свет, абноўлены і малады, усміхаецца кожнаму дню, напоўненаму стваральнай сілай вясны.

 І хоць яна, крыху абнадзеіўшы спачатку, пакуль не спяшаецца цешыць сапраўдным красавіцкім надвор’ем, нішто не замінае нам дзяліцца адно з адным цяплом і шчырасцю сваіх сэрцаў.

“Велікодная радасць” – так называецца выстава, якая напярэдадні галоўнага хрысціянскага свята адкрылася ў Дзяржынскай раённай бібліятэцы. Вышытыя іконы, карціны, сурвэткі, ручнікі – усе работы, нягледзячы на тое, што яны належаць розным аўтарам, аб’яднаны агульнай тэматыкай.

Святлана Антонава і Любоў Дзянісава, Ларыса Несцяровіч і Наталля Ляўшэвіч, Вера Кручок і Валянціна Яфімовіч, Святлана Шабар і Валянціна Крылова – вось колькі захопленых і творчых жанчын наважыліся прадставіць гледачу плён уласных старанняў. Дарэчы, экспазіцыя адметная не толькі колькасцю аўтараў, але і, калі можна так сказаць, геаграфічнай разнастайнасцю. Акрамя работ дзяржынскіх майстрых, на ёй дэманструюцца творы, чые аўтары жывуць у Волме, Станькаве, Баравым.

Перадаць узнёсла-урачыстую атмасферу не толькі праз тэматычныя сюжэты, але і праз яркія, жыццярадасныя колеры – “Велікодная радасць” імкнецца ўздзейнічаць як на эстэтычныя пачуцці гледача, так і на яго эмоцыі. Тым жа, хто зацікавіўся выставай, застаецца нагадаць, што яна будзе дзейнічаць месяц, і значыць, на працягу многіх вясенніх дзён дарыць святло і радасць.

Ірына МАТУСЕВІЧ

Фота Ганны ХАЛДЗЕЕВАЙ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.