Суббота, Май 25Дзержинский район: новости - афиша - реклама

Койданаўшчына вясковая: “Прырастай мой пасёлак багаццем”

Дзе б ні быў, я заўсёды з табою,
Мілы сэрцу радзімы куток.
Поім сокам бярозы вясною,
Тут гады свае сплёў я ў вянок.

Карані мае тут—на пагосце,
Прадаўжаю і я радавод…
Прыязджайце ў Путчына ў госці,
Ці на месяц, ці можа на год.

Ці, наогул, да нас, назаўсёды
Працаваць прыязджайце і жыць.
Тут жывуць людзі ў ладзе і згодзе,
Іх ніякай вадой не разліць.

Дык квітей жа і поўніся шчасцем,
І не ведай нягодаў, бяды,
Прырастай мой пасёлак багаццем,
Я адданы табе назаўжды!

Гэтым радком з верша паэта і краязнаўцы з Путчына Антона Анісовіча мы адкрываем чарговы яго нарыс пра яго малую радзіму. На гэты раз размова пойдзе гісторыю стварэння пасёлка, які стаў сучасным цэнтрам буйной гаспадаркі – РКУП “Путчына”.

У 1930-м годзе ў Койданава была створана першая ў Беларусі машынна-трактарная станцыя (МТС). Яна павінна была стаць лакаматывам правядення суцэльнай каллектывізацыі ў раёне і прыкладам для астатніх аднаасобнікаў, якія не жадалі абагульняць свае ўласныя землі ў калгасы. Асабліва марудна гэты працэс адбываўся ў Путчынскай зоне, дзе вяскоўцы мелі больш глыбокія традыцыі прыватнай, а не абшчыннай формы землекарыстання.

Сяляне з самага пачатку не ўспрынялі ідэю калектывізацыі: ні заможныя, ні сярэднякі, ні нават тыя, хто адносіўся да бедных, не жадалі раставацца са сваёю маёмасцю. Вось напрыклад, якія ўспаміны аставіў жыхар пасёлка Путчына Іван Русак: “Мой дзед, жыхар вёскі Ліпкі, увесь час марыў набыць кавалак уласнай зямлі. У канцы свайго жыцця ён нарэшце сабраў патрэбную суму грошай і набыў у землеўласніка Антонія Славінскага з Загаран дзве валокі (валока – зямельная памера ў 21, 3 гектара – заўвага аўтара). Можна зразумець яго пачуцці, калі набытую з такой цяжкасцю зямлю давялося аб’ядноўваць у агульны надзел”. З гэтай прычыны працэнт калектывізацыі ў Путчынскім сельскім Савеце быў адзін з самых нізкіх у раёне, а ён, дарэчы, знаходзіўся на памежжы з буржуазнай Польшчай. Каб паказаць перавагу сацыялістычнага ладу і паскорыць працэс стварэння калгасаў, было прынята рашэнне аб узмацненні Койданаўскай МТС. Другі такі механізаваны атрад стварылі на Путчынскай зямлі.

З прамысловых цэнтраў РСФСР у Беларусь накіравалі звыш 600 чалавек з ліку так званых “дваццаціпятітысячнікаў”, мабілізаваных для ўздыму сельскай гаспадаркі. Вясной 1932 года для стварэння Путчынскай  МТС прыехаў масквіч Міхаіл Аляксандравіч Маеў. Ён і стаў першым дырэктарам новага прадпрыемства. Будынкі для размяшчэння тэхнікі былі ўзведзены ў кароткі тэрмін на месцы цяперашніх складоў для мінеральных угнаенняў, на павароце з шашы Заслаўе-Возера. Гэтая мясціна і цяпер завецца старажыламі “старая МТС”. У канцы лета 1932 года тут з’явіліся першыя трактары на металічных колах – “Джон-Дзіры”, “Універсалы”, “Інтэрнацыяналы”. Да іх набываўся і прыцапны інвентар: плугі, бароны, сеялкі. Кадры трактарыстаў рыхтаваліся з ліку мясцовай моладзі на курсах Койданаўскай МТС. Ужо ўвосень 1932 года тэхніка выйшла на палі калгасаў “За ўладу Саветаў” (в. Гаруцішкі), імя В. І. Чапаева (в. Саковічы), “Новае жыццё” (в. Вертнікі і пас. Карукі).

Новым кадрам патрабавалася жыллё, таму побач з гаспадарчымі і адміністрацыйнымі збудаваннямі раслі дамы, запрацавала пошта і крама. На вачах набываў абрысы цэлы пасёлак, які пераняў назву суседняга населенага пункта, дзе знаходзіўся сельскі Савет. Так, недалёка адзін ад другога, пачалі суседстваваць вёска і пасёлак Путчына. З Масквы пераехала сям’я дырэктара МТС – жонка і тры дачкі. Дарэчы, старэйшая з іх, Анастасія, пазней выйшла замуж за мясцовага хлопца з Наследнікаў Стася Ціхановіча. Іх дачка Мая, названая так у гонар прозвішча дзеда, жыве зараз у Мінску, а ў вольны час наведвае дом сваіх бацькоў, які стаў для яе лецішчам.

Галоўным аграномам у Путчынскай МТС быў таксама рускі – Міхаіл Аляксандравіч Лімантаў. У гады Вялікай Айчыннай вайны ён стаў кіраўніком падпольна-патрыятычнай групы, створанай у вёсцы Вялікія Навасёлкі. Памочнікам агранома быў прызначаны Пётр Рысявец, мясцовы селянін з Гаруцішак. Трэба адзначыць, што ў гэтым населеным пункце з 1926 па 1931 гады працаваў доследны пітомнік, якім кіраваў акадэмік, доктар біялагічных навук Васіль Васільевіч Пашкевіч. Вось Пётр Рысявец, працуючы разам з гэтым выдатным навукоўцам, і набыў вопыт работы з зямлёю.


Стварэнне МТС сапраўды адкрыла шлях да пачатку тэхнічнага пераўзбраення ў сельскагаспадарчай вытворчасці. Спрадвечная ручная праца селяніна стала замяняцца на машынную. Адпаведна павышалася ўрадлівасць палёў. Згодна звестак у канцы 1936 года ў двух МТС раёна – Дзяржынскай і Путчынскай налічвалася 149 трактароў, 55 малацілак, 9 ільноцерабілак, шмат іншай сельскагаспадарчай тэхнікі. А к пачатку 1941 года ў Дзяржынскім раёне было створана яшчэ дзве МТС – у Фаніпалі і Негарэлым, а агульная колькасць колавых і гусенічных трактароў дасягнула 249 адзінак, зернеўборачных камбайнаў – 38, мелася ўся неабходная прыцапная тэхніка.


З пачаткам дзейнасці машынна-трактарнай станцыі калектывізацыя дробных мясцовых гаспадарак значна актывізавалася. Да 1934 года ў Путчынскім і суседнім Нарэйкаўскім сельскіх Саветах было створана 22 калгасы. Тым не менш, колькасць сялян-аднаасобнікаў, якія жылі на хутарах і не жадалі прымаць калгасную сістэму, была высокай. Для павышэння агітацыйнай і прапагандзісцкай  работы сярод сялян пры МТС быў створаны палітаддзел, які меў свой друкаваны орган – газету “Палітаддзельскі шлях”. Яна выходзіла з друкарні раённай газеты “Ударнік Дзяржыншчыны”. Атрымаўшы такую моцную ідэалагічную падрымку, кіраўніцтва МТС пачало адкрытае наступленне на тых сялян, якія працягвалі супраціўляцца калгаснаму ладу. Іх абвінавачвалі ў кулацкім сабатажы, пагражалі высылкай у паўночныя раёны, нацкоўвалі адну частку сялян на другую. Гэтыя гвалтоўныя меры хоць і давалі нейкі станоўчы эфект, але больш стваралі напружанне на вёсцы. З-за такіх перагібаў пастрадала нямала ні ў чым не павінных людзей.

За гады Вялікай Айчыннай вайны Путчынская МТС была разрабавана нямецка-фашыстскімі акупантамі і амаль цалкам знішчана. Не вярнулася з фронту большасць кваліфікаваных трактарыстаў, загінулі многія былыя кіраўнікі. Але жыццё не стаяла на месцы. Адразу ж пасля выгнання нямецка-фашыскіх захопнікаў, у ліпені 1944 года востра паўстала неабходнасць аднаўлення МТС. Першачарговай задачай стала падрыхтоўка кадраў, асабліва механізатараў. Сярод першых курсантаў, якіх накіравалі на вучобу па авалоданні тэхнікай, быў мой бацька Браніслаў Анісовіч. З 1946 года ён пачаў працаваць на трактары ў адноўленнай Путчынскай МТС. У механізаваным атрадзе побач з ім таксама працавалі Уладзімір Нікалаевіч (в. Наследнікі), Антон Матусевіч (в. Піяніна), Уладзімір і Іосіф Рыдзеўскія (в. Вертнікі), Пётр Шылаў (в. Валоўнікі), Сяргей Харытон (в. Гаруцішкі) і іншыя.

Нягледзячы на эканамічныя цяжкасці пасляваеннага часу, у пас. Путчына зноў закіпела работа на будаўнічых пляцоўках. На новым месцы быў узведзены машынны двор і мехмайстэрні. Матэрыялы збіралі, дзе прыйдзецца, нават часткова на гэтыя патрэбы давялося выкарыстаць рэшткі плашаўскага касцёла. Для работнікаў МТС будавалася жыллё, пераважна баракі. Узвялі інтарнат на 15 ложкамесцаў, сталоўку. У пачатку1950-х гадоў упрыгожыў пасёлак двухпавярховы адміністрацыйны будынак МТС, які, дарэчы, працягвае выконваць тыя ж функцыі, але ўжо ў сельскагаспадарчым прадпрыемстве “Путчына”. У 1953 годзе налічвалася ўжо 14 двароў-гаспадарак. І рост пасёлка працягваўся. Сюды перабіраліся з сем’ямі маладыя механізатарыі работнікі МТС.

Адразу ж пасля вайны Путчынскую машынна-трактарную станцыю ўзначаліў Марк Ціханавіч Красоўскі з Уздзенскага раёна. Яго змяніў Мікалай Фёдаравіч Пракапенка, які працаваў на пасадзе да 1956 года, калі МТС рэарганізавалі ў РТС. У канцы 1950-х гадоў пас. Путчына ўжо сфарміраваўся як цэнтр Путчынскай зоны. З гаспадарчых аб’ектаў была пабудавана цагляная рамонтная майстэрня, склады, гаражы, з сацыяльных – прадуктовы і гаспадарчы магазіны, камбінат бытавога абслугоўвання, швейны цэх, пошта, бібліятэка, з’явіўся Дом культуры. Пачатковая школа па-ранейшаму знаходзілася ў вёсцы Наследнікі, сярэдняя – у Татаршчыне, сельсавет да 1989 года – у вёсцы Путчына. З пераносам яго ў пасёлак ён канчаткова стаў адміністрацыйным цэнтрам Путчынскага сельскага Савета.

Сёння пасёлак Путчына – аграгарадок, які налічвае 198 двароў-гаспадарак з колькасцю насельніцтва 605 чалавек.

Да друку падрыхтаваў Віктар УРАНАЎ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *