Среда, Август 15Дзержинский район: новости - афиша - реклама

Мінімальная зарплата прымушае зацягнуць паясы

З 1 студзня 2018 года мінімальная заработная плата  павялічылася да 305 рублёў: адпаведнае рашэнне замацавана пастановай Савета Міністраў №1022 ад 28 снежня 2017 года. Ці можна пражыць цэлы месяц на гэтую суму? Што можна дазволіць сабе за такія грошы? Паспрабуем разабрацца.

Што спатрэбіцца для падлікаў

Памер мінімальнай заработнай платы з’яўляецца абавязковым для наймальнікаў у якасці ніжэйшай мяжы аплаты працы работнікаў. Нават калі калектыўным дагаворам ці пагадненнем зацверджаны іншы памер, дык, паводле  заканадаўства, ён можа быць толькі вышэйшы за названую лічбу.

Разгледзім яшчэ адзін тэрмін — “спажывецкі кошык”. Гэта дапаможа зразумець, якія тавары і паслугі патрэбны чалавеку на працягу года, каб забяспечыць камфортны і паўнацэнны ўзровень жыцця, задаволіць яго мінімальныя патрэбы. Спажывецкім кошыкам улічваюцца патрэбы розных сацыяльна-дэмаграфічных груп грамадзян, таму памер яго, напрыклад, для дзяцей, мужчын і жанчын розных узростаў неаднолькавы.

Пры складанні спажывецкага кошыка ў першую чаргу  ўлічваюцца такія катэгорыі, як прадукты харчавання, прадметы гардэроба, медыцынскія прэпараты, а таксама аплата транспартных паслуг, ЖКГ і некаторыя іншыя віды выдаткаў.

Мы скарыстаем даныя спажывецкага кошыка, каб ахапіць усе тавары і паслугі, неабходныя чалавеку, і падлічыць аб’ём месячнага іх спажывання.

Адзначу: кошт тавараў я падгледзела на цэнніках ва “Універсаме” Дзяржынска, фірменным магазіне агракамбіната “Дзяржынскі”,  у “Еўраопце” на працягу 24—27 студзеня 2018 года. Пры падліках брала пад увагу сярэднія або бюджэтныя па тлустасці і якасці прадукты, іншы раз выводзіла сярэднеарыфметычную лічбу. Напрыклад, свежамарожаны хек каштуе 5,05 руб., мінтай — 4,17 руб.: у сярэднім іх кошт — 4,61 руб. На месяц патрэбна 1,1 кг рыбы, такім чынам, заплацім за яе 5,07 руб.

Што тычыцца паслуг ЖКГ, прапаную зыходзіць з таго, што наш умоўны чалавек жыве ў шматпавярховіку, карыстаецца прыродным газам. Для падлікаў возьмем тарыфы па Дзяржынску за снежань 2017 года — з рэальнай жыроўкі. (Памятаем, што з 1 студзеня 2018 года плацім па новых тарыфах).

 Чым страўнік напоўніцца

У месячны прадуктовы “паёк” беларуса ўключаны 42 найменні прадуктаў харчавання. Каб спрасціць падлікі, возьмем за аснову патрэбы ў прадуктах працаздольнага мужчыны ва ўзросце ад 30 да 55 гадоў — запыты ў яго максімальныя, а галадаць чалавек не павінен.

Раздзелім на 12 нормы прадуктаў, прадугледжаныя на год пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 14.12.2009 №146 «Аб зацвярджэнні складу спажывецкіх кошыкаў і прызнанні страціўшымі сілу некаторых пастаноў Міністэрства працы Рэспублікі Беларусь, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь».

Атрымліваецца, што на месяц мужчыну патрэбна:

  • хлеб жытні — 6 кг, хлеб пшанічны — 4 кг, мука пшанічная — 700 г, макаронныя вырабы — 550 г, рыс — 460 г, крупы аўсяныя — 180 г, грэчка — 180 г, крупы прасяныя і ячныя — па 150 г, бабовыя — 210 г;
  • бульба — 10,65 кг, капуста — 2,5 кг, морква і буракі — па 1,8 кг, зеляніна — 460 г, агуркі і таматы — па 1,5 кг, іншая гародніна — 1,5 кг, кансервы з гародніны — 75 г, алей — 650 г;
  • масла сметанковае — 900 г, малако — 5,5 кг, кісламалочныя прадукты — 460 г, смятана — 450 г, — 200 г, тварог — 1,150г;
  • маргарын і іншыя тлушчы — 90 г, яйкі — 23 штукі;
  • каўбасныя вырабы — 1,1 кг,  ялавічына — 1,8 кг, свініна — 750 г , субпрадукты — 200 г, птушка — 1,5 кг;
  • рыба свежая (свежамарожаная) — 1,1 кг, рыба салёная — 300 г;
  • садавіна — 3,35 кг, сокі з садавіны — 2,4 кг, сухафрукты — 400 г;
  • цукар — 2,1 кг, соль — 300 г, гарбата — 60 г, кандытарскія вырабы — 1,5 кг.

Не буду стамляць цябе, паважаны чытач, стоўбцамі лічбаў: хочаш — бяры на веру мае падлікі, не — даставай калькулятар і клацай па кнопках самастойна. А вось вынікі маіх падлікаў пакажу.

Такім чынам, каб цалкам забяспечыць патрэбы арганізма ў адпаведных прадуктах, аднаму даросламу чалавеку спатрэбіцца амаль 204 рублі, або 67% мінімальнай заработнай платы.

Быт прадугледжаны таксама

Цяпер варта  паклапаціцца аб тым, каб не застацца без цяпла і святла.

У жыроўцы знаходзім стандартны набор жыллёва-камунальных паслуг, прадугледжаны спажывецкім кошыкам:

  • тэхнічнае абслугоўванне жылля, адлічэнні на капітальны рамонт, цэнтралізаванае цеплазабеспячэнне — са стандартнага разліку 48 кв. м на чалавека;
  • халоднае водазабеспячэнне і каналізацыя (па 4200 літраў на месяц), гарачае водазабеспячэнне, вываз і абясшкоджванне бытавых адходаў і цэнтралізаванае газазабеспячэнне — па колькасці чалавек, якія пражываюць у памяшканні (мы лічым на аднаго);
  • электразабеспячэнне — 135 кВт.

Там жа ёсць пункты “санітарнае ўтрыманне дапаможных памяшканняў” і “электраэнергія на асвятленне дапаможных памяшканняў і работу абсталявання”.

Дзелім, перамнажаем — і вуаля: на аплату паслуг ЖКГ пойдзе каля 46 рублёў. Што ў астатку? Усяго 55 рублёў. Іх павінна хапіць на:

  • адзенне, бялізну і абутак, якія Саўмін прапаноўвае абнаўляць раз у 1—4 гады;
  • лекавыя сродкі, прадметы санітарыі і гігіены, якімі карыстаемся рэгулярна;
  • мэблю з тэрмінам службы 10—20 гадоў;
  • прадметы культурна-бытавога і гаспадарчага прызначэння — ад лямпачкі, работа якой разлічана на паўгода, да   коўдры і падушкі, якія рэкамендуецца мяняць раз у 15 гадоў;
  • паслугі транспарту і сувязі, бытавыя паслугі (рамонт тэхнікі, адзення і мэблі) — па неабходнасці.

Да таго ж не хлебам адзіным жыве чалавек. Адпачынак і культурна-асветныя мерапрыемствы сёння таксама далёка не бясплатныя.

І што рабіць?

Атрымліваецца, што мінімальная заработная плата прымушае моцна зацягнуць паясы. На тое яна і мінімальная.

За паслугі ЖКГ, канешне, давядзецца плаціць па поўніцы. Як, пэўна, і за транспарт, на якім дабіраемся да работы. Магчыма, знойдуцца яшчэ нейкія рахункі, дзе не сэканоміш. А вось па астатніх пазіцыях неабходна не толькі жорстка лічыць расходы, але і ў многім сабе адмаўляць. Тут, відаць, без кемлівасці не абысціся.

Калі ж не задавальняе жыццё на мінімальную зарплату, ёсць іншае выйсце — імкнуцца больш зарабляць. Для гэтага, праўда, неэфектыўна на кухнях і па завуголлях распавядаць пра цяжкасці жыцця і спадзявацца на добрага дзядзьку. Прыйдзецца дзейнічаць: ставіць перад сабой мэты, шукаць больш высокааплатную работу і працаваць, працаваць.

У Дзяржынскім раёне, дарэчы, працаваць ёсць дзе. Ды і зарплаты радуюць. Як паведаміла Галоўнае статыстычнае ўпраўленне Мінскай вобласці, намінальная налічаная сярэднемеячная зарплата  работнікаў Дзяржынскага раёна ў 2017г. склала 880 рублёў, а ў снежні і ўвогуле перасягнула рубеж у 500$ — 1 005,8 рубля. Гэта зусім іншая якасць жыцця. І іншыя падлікі.

Святлана ЛОКТЫШ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.