Среда, Декабрь 12Дзержинский район: новости - афиша - реклама

10 лютага споўнілася 150 гадоў з дня нараджэння нашага земляка Каруся Каганца

Светачы. Так называюць людзей, якія вызначаюць шлях для іншых. Гэты няпросты абавязак часам напаўняе іх уласны лёс непамернымі выпрабаваннямі. Але яны наўмысна ідуць на самаахвяраванне, каб асвятліць шлях для свайго народа. Такім светачам для ўсіх беларусаў быў наш славуты зямляк, аўтар першага друкаванага буквара на роднай мове, “піянер” беларускага выяўленчага мастацтва, драматург, паэт і мовазнавец, скульптар і грамадскі дзеяч – Карусь Каганец (Казімір Карлавіч Кастравіцкі (10.02.1868 -20.05.1918).

Галоўная мэта жыцця Каруся Каганца – заўсёды свяціць людзям, дапамагаць ім адчуваць сябе па-сапраўднаму вольнымі і гордымі беларусамі, навучыць іх “людзьмі звацца”.

Сын сасланага ў Сібір удзельніка паўстання 1863-1864 гадоў, ён, калі не стала бацькі, у 6-гадовым узросце пайшоў у пастушкі і да 11 гадоў прыглядаў за жывёлай.

Малы Казік сябраваў з сялянскімі дзецьмі, гаварыў па-беларуску і вельмі імкнуўся да ведаў. Займаўся самаадукацыяй, быў навучэнцам Мінскага гарадскога вучылішча, а пасля — Маскоўскага вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства. Але на завяршэнне адукацыі не хапіла грошай.

 Літаратурную дзейнасць Казімір Кастравіцкі пачаў у 25 гадоў, у 1893-м годзе.  Імя ў псеўданіме  “Карусь Каганец” ўзята ў памяць пра бацьку: Карлаў у Беларусі заўсёды называлі Карусямі. А прозвішча — ад назвы прымітыўнай сялянскай свяцільні: Каганец — значыць «светач». Паэт збіраўся свяціць народу. I свяціў, пакуль мог.

Друкаваў апрацоўкі народных паданняў і сам пісаў казкі, апавяданні, вершы. Многа ўвагі надаваў вывучэнню беларускай мовы і распрацоўцы яе навуковай тэрміналогіі.

У 1906-м годзе ў першым беларускім ле­гальным выдавецтве «Загляне сонца і ў наша аконца» выйшла кніга «Беларускі лемантар» — першы ілюстраваны дзіцячы падручнік, калі не было яшчэ ні беларускіх школ, ні беларускай дзіцячай кнігі. Аўтар лемантара (буквара), як тэксту, так і малюнкаў, — Карусь  Каганец.

Карусь Каганец – аўтар  п’есы-камедыі  «Модны шляхцюк». У 1910 годзе яна выходзіць асобным выданнем тыражом 400 экземпляраў. Па гэтай п’есе трупай Ігнація Буйніцкага ў гэтым жа годзе быў пастаўлены аднайменны спектакль. Гастролі адбыліся ў Вільні, Полацку, Мінску, Радашковічах, Слуцку, Асіповічах Барысаве, Бабруйску, Жлобіне.

Карусь Каганец – адзін са стваральнікаў першай беларускай партыі – Беларускай Сацыялістычнай грамады.

Вясной 1910 года Віленская судовая палата прыгаварыла Каруся Каганца за ўдзел ў рэвалюцыі 1905 года да зняволення ў Мінскай крэпасці. Сядзеў ён ў крэпасці разам з Якубам Коласам. Вось як піша аб гэтым Карусь Каганец ў адным з лістоў да жонкі: “Маляваць я маляваў усё найболей беларускія тыпы, адно – два малюнкі з турэмнага жыцця, а то нарысаваў 12 рысуначкаў Якубу Коласу да яго твораў.”

Карусь Каганец быў таленавітым жывапісцам, графікам і скульптарам, вырэзваў з дрэва і слановай косці. Ён пакінуў шмат цікавых малюнкаў тушшу і алоўкам, рабіў палітычныя карыкатуры, упрыгожваў пейзажамі і рознымі арнаментнымі аздобамі бытавыя рэчы.

                    Нарысаваў вокладку  да кнігі Якуба Коласа “Другое чытанне для дзяцей беларусаў”.

Наш зямляк пражыў кароткае жыццё – 50 гадоў, якое прысвяціў Беларусі, яе нацыянальнаму адраджэнню. Творчая спадчына нашага славутага земляка – найкаштоўнейшы дар усім беларусам, Айчыне, “якую любіў кожны міг…”.

На могілках у вёсцы Вялікія Навасёлкі пад шатамі дрэў Карусь Каганец знайшоў свой апошні прытулак.

Лёс да яго быў суровым: прыйшлося зведаць, што такое турэмныя краты. Затое  і сёння ў яго ёсць тое, што суджана праз стагоддзі мець далёка не кожнаму, — памяць удзячных нашчадкаў.

26 верасня 2013 года у цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшлі ІІ Койданаўскія чытанні, прысвечаныя 145-годдзю Каруся Каганца. Удзельнікамі свята сталі бібліятэкары Дзяржыншчыны, настаўнікі і вучні, якія цікавяцца краязнаўствам, а таксама члены літаратурна-паэтычнага клуба  “Выток”. Асаблівае  гучанне гэтаму мерапрыемству надалі госці – галоўны рэдактар часопіса “Вожык” Юлія Зарэцкая; рэдактар аддзела паэзіі часопіса “Маладосць” Ірына Чарняўская; празаік, драматург Уладзімір Ягоўдзік; гісторык і краязнаўца Анатоль Валахановіч. Выступоўцы распавядалі пра багатую спадчыну Каруся Каганца, яго жыццёвы і творчы шлях. Мясцовыя паэты-аматары і член СП Беларусі Рэгіна Рэўтовіч прычыталі свае вершаваныя прысвячэнні знакамітаму земляку. Пасля паседжання адбылася вандроўка па  сцяжынках Каруся Каганца.

Вёска Навасады, дзе неаднойчы бываў пісьменнік, сустрэла гасцей пахам антонавак. У в. Вялікія Навасёлкі ўдзельнікі літаратурнага свята пазнаёміліся з былой сядзібай Кастравіцкіх, наведалі магілу слыннага земляка.Затым падарожнікі наведалі мясцовую крынічку, пакаштавалі яе гаючай вады.

Адным з дакументальных сведчанняў гэтай падзеі стала кніга, якую падарыў бібліятэцы зямляк, гісторык і краязнаўца А.І. Валахановіч.

Найбольш поўна шчырыя і простыя творы Каруся Каганца сабраныя ў кнізе “Творы”, якая выйшла ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” у 1979 годзе.

 

У 2011 годзе  ў серыі “Даўнейшая чытанка” выйшла кніга Каруся Каганца для дзяцей  “Нашыя птушкі”. Тут і казкі, тут і апавяданні, тут і вершы, ёсць і  маленькія прыродазнаўчыя нарысы пра беларускіх птушак.

Шаноўныя землякі, запрашаем вас завітаць ў бібліятэку і пазнаеміцца з багатай і адметнай спадчынай нашага земляка, а таксама з матэрыяламі, прысвечанымі яго жыццёваму і творчаму лёсу. Ваша бібліятэка чакае Вас.

Увага! Запрашаем усіх, хто хоча пазнаёміцца з творчасцю і лёсам Каруся Каганца ў падарожжа на літаратурным дыліжансе па сцежках нашага земляка. Чакаем Вас у чытальнай зале (2 паверх) 16 лютага а 13-й гадзіне.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.