Понедельник, Август 20Дзержинский район: новости - афиша - реклама

9 чэрвеня споўнілася 215 гадоў з дня нараджэння Адольфа Янушкевіча

Адольф-Мiхал-Валяр’ян-Юльян Янушкевiч, нарадзіўся 9 чэрвеня 1803 года ў Нясвiжы. Бацька, Міхал Янушкевіч, ў польскiм войску быў падпалкоўнiкам. Мацi ж, Тэкля Сакалоўская, мела блiзкае сваяцтва з Тадэвушам Касцюшкам. Адольф вучыўся ў Нясвiжскай дамiнiканскай школе, у Вiннiцкай гiмназii. Бацькам Адольфа ўдалося сабраць  грошай i ў 1821 годзе купiць маёнтак Дзягiльна. Адсюль у гэтым жа годзе васемнаццацiгадовы Адольф пайшоў у навуку — стаў студэнтам лiтаратурнага факультэта Вiленскага унiверсiтэта. Ва ўнiверсiтэце Адольф стаў прыхiльнiкам лiтаратурнага аддзялення тайнага таварыства фiламатаў, якое стварылi найперш выхадцы з Беларусi Тамаш Зан, Юзаф Яжоўскi, Адам Мiцкевiч, Ануфрый Петрашкевiч i iншыя.         

У гэтым жа годзе Адольф надрукаваў свой першы паэтычны твор «Мелiтон i Эвелiна», пазначаны як сентыментальная дума. Паэтычнай захопленасцi спрыяла тое, што юнак сышоўся тут з Адамам Мiцкевiчам, Янам Чачотам, iншымi творча адоранымi асобамi. З-за iх Адольф Янушкевiч i трапiў пад следства, якое вялося ў 1823-24 гадах і апынуўся Базыльянскай турме разам з Адамам  Мiцкевiчам  па справе тайных патрыятычных таварыстваў.

Пасля абвяшчэння прыгавору хто трапiў на высылку, хто вязнем у крэпасць. А Адольфу Янушкевiчу пашанцавала: пакуль што ягонай вiны не даказалi, i былы студэнт i фiламат з’ехаў у Камянец-Падольск да сваiх украiнскiх сяброў.    Пасля гэтага пачаўся звязаны з лячэннем перыяд паездак у Карлавы Вары, Iталiю, Германiю, Францыю. У 1829 годзе ў Рыме Адольф Янушкевiч  нечакана сустрэўся з Адамам Мiцкевiчам, таксама  пазнаёмiўся з Гётэ, Югьюшам Славацкiм.

 Адольф восенню 1830 года вяртаецца  на радзiму, дзе якраз пачалося паўстанне. Выхаваны на вольналюбiвых памкненнях вiленскага студэнцтва, Янушкевiч не мог заставацца ўбаку. І  калi быў створаны паўстанніцкі Лiтоўска-Валынскi легiён, Адольф Янушкевiч унёс у яго касу тысячу злотых i брыльянтавы пярсцёнак. Адольф праявiў здольнасцi i стаў ад’ютантам камандзiра легiёна. У адным з першых баёў ён, на жаль, быў цяжка паранены — сябры нават палiчылi, што ён забiты. Трапiў у палон. Паблукаўшы па этапах, апынуўся ў Кiеўскай цытадэлi.

 Маючы гонар шляхцiца i грамадзянiна, Адольф Янушкевiч не стаў выкручвацца i каяцца, шукаючы сабе палёгкi. Ён прызнаў, што да паўстанцаў далучыўся свядома i, абараняючы Айчыну, быў гатовы «ахвяраваць усiм дзеля яе дабра».

У сакавiку 1832 года суд вынес суровы вердыкт: за гэткую непакорнасць прыгаварыць да павешання, але пазней смяротнае пакаранне было заменена пажыццёвым пасяленнем у Сiбiры. Вядома, што ў Табольск Адольф Янушкевiч выправiўся ўжо без дваранскага звання i вайсковага чыну. Янушкевiч не губляў надзеi на вызваленне, не страцiў прагi да творчай працы, да чытання. Нават у нечалавечых умовах ён захоўваў iнтэлiгентнасць i веру. Пачаўшы ссыльны шлях з Табольска, увосень 1835 года ён трапiў у Iшым — горад у Цюменскай вобласцi. Тут i пазнаёмiўся з паэтам-дзекабрыстам Аляксандрам Адоеўскiм.   

Iшым стаў паваротным месцам у далейшым лёсе няўрымслiвага i скiраванага да актыўнай карыснай дзейнасцi Янушкевiча. Тут ён пранiкся цiкавасцю да казахаў да iхняга побыту, пачаў яго сур’ёзна вывучаць. Не маючы спадзеву на памiлаванне, бо цар настойлiва i пастаянна выкрэслiваў ягонае прозвiшча са спiсаў, Янушкевiч вырашыў давесцi свае казахскiя даследаваннi да навуковай дасканаласцi. Гэтаму паспрыяла i тое, што ў 1841 годзе ён апынуўся ў Омску, дзе служыў спачатку ў «Пограничном управлении сибирскими киргизами», а пасля ў «Комитете по уложению киргизских законов». На той час казахаў называлi кiргiзамi.

У 1846 годзе даследчык разам з экспедыцыяй ажыццявiў працяглае падарожжа па казахскiх стэпах, наведаў i вялiкiя гарады, i маленькiя паселiшчы, пазнаёмiўся з многiмi цiкавымi людзьмi, у тым лiку з бацькам будучага пачынальнiка новай  казахскай лiтаратуры Абая Кунанбаева, а самога маленькага Абая нават лячыў ад хваробы. Янушкевiч ахвотна  сустракаўся з простым людам, даследаваў вусную паэтычную i песенную творчасць казахаў, гiсторыю i прыроду Казахстана. Падчас падарожжа Адольф Янушкевiч вёў дзённiк i пiсаў пiсьмы сваiм беларускiм родзiчам.

         Толькі ў чэрвенi 1856 года Аляксандр II дазволiў цяжка хвораму на сухоты Адольфу Янушкевiчу вярнуцца на радзiму. Як да гаючай крынiцы i найлепшых лекаў праз 25 гадоў разлукi прыпаў бунтоўны падарожнiк да роднай зямлi. Аднак нават гэты магутны лекар не дапамог адолець хваробу. 18 чэрвеня 1857 года Адольфа Янушкевiча не стала. Пахаваны ён на могілках ў вёсцы Дзягільна.

Пасля смерці Адольфа Янушкевіча Густаў Зялінскі, сябар па ішымскай ссылцы сабраў усе пісьмы, дзённікі даследчыка і перадаў яго братам, якія надрукавалі гэтыя матэрыялы на свае сродкі асобнай кнігай. Выданне выйшла ў Парыжы ў 1861 годзе на польскай мове. Менавіта дзякуючы гэтай кнізе Еўропа змагла бліжэй пазнаёміцца з жыццём і побытам казахаў таго перыяду. Яна была перакладзена на некалькі еўрапейскіх моў. На рускай выйшла толькі ў 1966 г., а на казахскай – у 1979 г. у Алма-Аце. У кнізе шмат каштоўнай інфармацыі пра многія важныя старонкі гісторыі казахаў. Тут зроблены аналіз сацыяльна-эканамічнага становішча, апісанне народных звычаяў, традыцый прыкладнога мастацтва і інш. Дзякуючы пісьменніцкаму таленту  Янушкевіча можна жыва ўявіць рэалістычныя карціны качавога жыцця казахскага народа. Ён стаў першым, хто абараніў культуру казахаў і верыў, што прыйдзе час, калі яны зоймуць пачэснае месца сярод народаў свету.

Шаноўныя дзяржынцы, завітайце ў  бібліятэку і пазнаёмцеся з творчай спадчынай земляка, якая атрымала  прызнанне як уклад ў беларускую, рускую, польскую, англійскую, украінскую, казахскія культуры.

Ваша бібліятэка чакае Вас.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.