Ад традыцый – да сучаснасці, ад захаплення – да любімай справы — Дзержинск | Новости Дзержинского района
Понедельник, Май 1Дзержинский район: новости - афиша - реклама

Ад традыцый – да сучаснасці, ад захаплення – да любімай справы

 Выставка

Пашыць кухонны фартух альбо прыхватку для каструль так, каб атрымаўся твор мастацтва; ператварыць кавалак дрэва ў адмысловы сувенір альбо арыгінальны посуд – такое пад сілу таленавітым людзям. Але калі авалодаць рукадзеллем альбо дрэваапрацоўкай дадзена, вядома, не ўсім, то захапляцца плёнам творчых старанняў іншых можа кожны, хто неабыякавы да рукатворнай прыгажосці.

Вось і ў раённай бібліятэцы нядаўна адбылася прэзентацыя выставы “Творчасць: традыцыі і сучаснасць”, на якой прадстаўлены работы настаўнікаў працоўнага навучання сярэдняй школы №2 г. Дзяржынска – Наталлі Кардаш і Сяргея Шчэпкі, а таксама іх выхаванцаў.

Выставка

Яркія колеры і розныя тэхнікі – ад вышыўкі, вязання да аплікацыі саломкай; вырабы, што адначасова могуць упрыгожваць інтэр’ер і быць карыснымі для любой гаспадыні, – каб апісаць творы Наталлі Леанідаўны Кардаш і яе вучаніц, не хопіць слоў. Глядзіш – і вочы разбягаюцца ад цудоўных рэчаў, створаных на ўроках працы. Ёсць тут як выключна практычныя кухонныя камплекты – набор прыхватак і набор для чаявання, грэлка для каструль і чахол для швейнай машыны, так і мастацкія творы, напрыклад, вясельныя рушнікі альбо аплікацыі саломкай, аб’яднаныя пэўнай  тэматыкай. Дарэчы, з многімі з прадстаўленых работ дзяўчынкі, якія займаюцца ў Наталлі Леанідаўны, выступалі не толькі на раённай, але і на абласной, і на рэспубліканскай алімпіядах па працоўным навучанні і станавіліся пераможцамі.

Выставка

Не менш плённа працуе і Сяргей Уладзіміравіч Шчэпка, чые ўрокі таксама з вялікай ахвотай наведваюць школьнікі. Авалодаўшы з дапамогай захопленага педагога такарнай справай, яны ствараюць арыгінальныя драўляныя сувеніры: падсвечнікі, кубкі, сальніцы, нават… гальштукі-“бабачкі”. Усё гэта з задавальненнем набываюць як нашы суайчыннікі, так і госці з далёкага замежжа. Бо згаданыя вырабы – прадукцыя школьнай бізнес-кампаніі “Велес”, якая з’яўляецца своеасаблівай візітоўкай установы.

Выставка

Што да назвы выставы, то такое “імя” далі ёй таму, што, па-першае, творчыя педагогі не стамляюцца дзяліцца адзін з адным як вопытам, так і арыгінальнымі думкамі; па-другое, часта цікавыя ідэі прапаноўваюць менавіта вучні, а настаўнікі, захаваўшы традыцыі і не забыўшыся пра сучасныя тэндэнцыі, дапамагаюць увасобіць іх у жыццё. Дарэчы, многім выхаванцам Наталлі Леанідаўны і Сяргея Уладзіміравіча ўрокі працоўнага навучання пасадзейнічалі ў прафесійным выбары, і школьнае захапленне з цягам часу стала любімай справай.

Выставка

Выставка

Выставка

А яшчэ ўсе, хто прыйшоў у той дзень падтрымаць таленавітых творцаў, сышліся на думцы: выстава развенчвае міф пра тое, што праца – другарадны прадмет. Каб на свае вочы пераканацца ў гэтым, завітайце ў раённую бібліятэку. Выстава “Творчасць: традыцыі і сучаснасць” будзе дзейнічаць да 31 сакавіка і, несумненна, падорыць станоўчыя эмоцыі, так неабходныя на пачатку вясны.

Ірына МАТУСЕВІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.