Вторник, Декабрь 11Дзержинский район: новости - афиша - реклама

Дзе спяваюць, там шчасце маюць. Да юбілею Алы Нядзвецкай

Кажуць, жыццё — дарога, і кожны наш крок пакідае след. Як ісці па сваім шляху годна, дзейсна, нязменна захоўваючы ў сэрцы любоў і пашану да людзей, да роднай зямлі? Як здолець перадаць такі стваральны матыў пакаленням нашчадкаў? Здаеццца, Ала Мікалаеўна Нядзвецкая, жыхарка вёскі Курганне Дабрынёўскага сельсавета, ведае асаблівы сакрэт. За якую б справу ні бралася, яна спявае. Гэта, як і сумленнасць і гаспадарлівасць, абавязкова адзначаюць, гаворачы пра яе, і суседзі, і калегі, і прадстаўнікі трох пакаленняў яе вялікай і дружнай сям’і.

Ала Мікалаеўна нарадзілася 8 жніўня 1938 года ў невялікім расійскім горадзе Бытош Бранскай вобласці. У 1946 годзе яна разам з бацькамі, братам Юрыем і сястрой Фаінай пераехала ў Беларусь. Іх новай радзімай стала вёска Курганне ў Дзяржынскім раёне. На гэтай зямлі з’явіліся на свет і яе малодшыя сёстры Валянціна і Галіна і брат Віктар. Тут жанчына напаткала свой лёс.

У 1959 годзе Ала Пімінава пабралася шлюбам з Валяр’янам Нядзвецкім. У 1960-м годзе ў маладой сям’і нарадзіўся першынец, сын Віктар, у 1962-м — другі сын Аляксандр, а ў 1965 годзе — дачка Таццяна. Нягледзячны на хатнія і працоўныя турботы (Ала Мікалаеўна з 16 гадоў працавала даяркай на мясцовай ферме, а затым — прыбіральшчыцай у адміністрацыі калгаса «Праўда»), жанчына заўсёды знаходзіла хвіліны для любімай справы — песні. З удзельнікамі санітарных дружын калгаса яна аб’ездзіла з канцэртамі ўвесь раён, а праз некаторы час стала заўзятаркай калектыву мастацкай творчасці Баравікоўскага сельскага Дома культуры.

Разам з тым у Алы Мікалаеўны і ўласная гаспадарка квітнела, і дзеці раслі дагледжанымі, выхаванымі. Працавітасць, адказнасць, адданасць сям’і і любімай справе, захапленне народнай песняй і імкненне да творчага самавыяўлення — менавіта такі стыль жыцця, дзякуючы ўласнаму прыкладу Алы Мікалаеўны, стаў літаральна сямейнай традыцыяй Нядзвецкіх.

Яе дзеці з малых гадоў пачалі выступаць на сцэне. Разам з матуляй Віктар, Аляксандр і Таццяна ўжо складаюць самую «вопытную» частку славутага народнага калектыву народнай песні «Баравічанка». За іх плячыма — больш за трыццаць гадоў сцэнічнага стажу. У свой час далучыліся і нявесткі — Вольга і Наталля.

Не раз на сцэну розных канцэртных пляцовак Дзяржыншчыны дружна выходзілі і ўнукі Алы Мікалаеўны — Мікалай і Іна, Марына і Аляксей, Вераніка і Аляксандр. А апошнім часам свае творчыя здольнасці пачынаюць выяўляць і праўнучкі — Ганна, Валерыя, Аліса, Арына і праўнук Андрэй. Больш таго, таленавітасць у сям’і Нядзвецкіх, беручы пачатак ад шчодрай крыніцы Алы Мікалаеўны, быццам ракой разліваецца ў дзецях і ўнуках. Сваё захапленне яны знаходзяць і ў музыцы, і ў жывапісе, і ў рукадзеллі, і ў складанні вершаў, і ў валоданні словам, паспяхова рэалізуюцца ў абраных прафесіях.

І гэтак жа, як старадаўнія звычаі, як бацькоўскія песні і як вышываны рушнік, атрыманы Алай Мікалаеўнай у спадчыну яшчэ ад сваіх бабулі і матулі, павага да дасягненняў кожнага ў гэтай сям’і таксама перадаецца з пакалення ў пакаленне.

Сёлета Ала Мікалаеўна адзначае 80-гадовы юбілей. Яна па-ранейшаму выступае на сцэне, шчодра дорыць свой талент землякам, клапоціцца пра гаспадарку, дзяцей, унукаў і праўнукаў, кожны дзень сустракае з усмешкай і, зразумела, з песняй.

Відаць, нездарма па ўсім свеце, у культурах розных народаў, бытуюць падобныя па сэнсу прымаўкі, якія раюць: каб быць шчаслівым, трэба «жыць там, дзе спяваюць, бо хто спявае — той зла не ведае».

Нягледзячы ні на якія складанасці і выпрабаванні лёсу, Ала Нядзвецкая разам са сваімі нашчадкамі не губляе аптымізму. І сёння, дзякуючы ёй, сям’я Нядзвецкіх — гэта дружная суполка «Вясёлая радзіначка», якая песняй і справай сцвярджае сваю любоў да роднай зямлі, шануе і працягвае традыцыі беларускай народнай культуры.


Словы ад сэрца:

Унучка Вераніка Коласава, намеснік рэдактара часопіса «Родная прырода»:

— Самыя прыгожыя вочы — у маёй бабулі. Самыя смачныя стравы — у маёй бабулі. Самыя добрыя словы — для маёй бабулі!

Кожны дзень ты паказваеш, як трэба любіць і шанаваць зямлю, якую называеш сваёй, і што праца на ёй — даражэй за найлепшы адпачынак. Твае парады не раз дапамагалі нам у складаных сітуацыях. Менавіта дзякуючы табе многія з нас звязалі сваё жыццё (калі не ў прафесійным плане, дык у аматарскім) з творчасцю. І гэта — адзін з самых лепшых тваіх падарункаў.

Дзякуй табе за цудоўную сям’ю, у якой мне пашчасціла нарадзіцца!

Жадаю табе доўгіх шчаслівых гадоў жыцця, моцнага здароўя і радасці кожны дзень! Мы ўсе вельмі любім цябе!


Марыя Антонаўна Рагоза, загадчыца Баравікоўскага Дома культуры:

— Ведаю Алу Мікалаеўну, здаецца, усё жыццё, і заўсёды яна з песняй, з прыпеўкай, з нязгасным агеньчыкам у душы, ад якога запальваюцца новыя зорачкі на творчым небасхіле Дзяржыншчыны. Моладзь вучыцца ў яе, пераймаючы як адказныя адносіны да творчасці і жыцця, так і культурную спадчыну.

Ала Мікалаеўна — цудоўная артыстка, спявае шчыра, ад душы. І зусім немагчыма ўседзець на месцы, калі яна выступае з прыпеўкамі, якія не толькі рупліва збірае, але і складае сама.

Усе мы, калегі, сябры, Вашы выхаванцы, Ала Мікалаеўна, дзякуем Вам і ад усяго сэрца жадаем шчаслівых дзён і моцнага здароўя!


Лідзія Іосіфаўна Драчынская, дырэктар Дзяржынскага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці:

— Вельмі хочацца, каб такіх людзей, як Ала Мікалаеўна Нядзвецкая, было як мага больш. Нізкі паклон ёй за такі жыццёвы прыклад любові да жыцця, творчасці, людзей і роднай зямлі.

Дзякуй Вам, Ала Мікалаеўна, за Вашы адказнасць і энтузіязм, за хваляванне аб нашай агульнай справе, за кожны Ваш творчы ўнёсак, за цудоўныя песні і вясёлыя прыпеўкі. Дзякуй за Вашы залатыя рукі! Не раз адметным святочным караваем Вашай выпечкі Дзяржыншчына з гонарам сустракала шаноўных гасцей, вітала механізатараў на раённых зажынках.

Дзякуем Вам за Ваш талент і тое натхненне, якім вы сталі для сваіх дзяцей, унукаў і праўнукаў, для сяброў і калег.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.