Воскресенье, Сентябрь 23Дзержинский район: новости - афиша - реклама

Горы гатовыя, бліны выпечаны! Пачаўся Масленічны тыдзень

МасленицаМасленіца — адно са святаў, якое захавалася з язычніцкіх часоў. Кожны дзень Масленічнага тыдня распісаны і прапаноўвае сустрэчы, зносіны і весялосць.

Масленіца —  вясёлае свята. Сімвалізуе праводзіны зімы і надыход вясны. Звычайна за зіму ў продкаў-славян заканчваліся запасы ежы і яны чакалі і весела сустракалі прыход вясны — пачатак сельскагаспадарчага года. А Зіму праводзілі на супакой: «А зіма ўжо нам надакучыла, яна хлебушак пераела…» — расказвалася праз песні. І рытуальнымі песнямі клікалі Вясну-красну.

Цяпер Масленічны тыдзень традыцыйна пачынаецца ў панядзелак, сёлета — 12 лютага. Успомнім добрыя старыя традыцыі продкаў!

Сустрэча (панядзелак)

Да гэтага першага дня Масленіцы будаваліся агульныя горы, арэлі, накрываліся сталы з салодкімі прысмакамі. Дзеці раніцай збіраліся разам, рабілі ляльку з саломы, Масленіцу, і прыбіралі яе. Пасля яны  ішлі ад хаты да хаты з песнямі. У больш багатых сем’ях пяклі бліны. Гаспадыні частавалі дзяцей блінамі, але першы блін заўсёды аддаваўся жабракам — на ўспамін памерлых, «для душ бацькоўскіх».

Пасля абеду дзеці ішлі катацца са снежных гор і спяваць песні:

Масленіца, Масленіца! Мы табою хвалімся,

На гарах катаемся, блінамі аб’ядаемся!

Дарослыя далучаліся да катанняў з гор толькі ў сярэдзіне тыдня. Стараліся каціцца як мага далей, бо верылі ў прыкмету: у тых, хто далей за ўсіх скоціцца з гары, вырасце самы добры лён.

Зайгрышы (аўторак)

Другі дзень Масленіцы, як правіла, лічыўся днём маладых сем’яў. Тыдзень-два таму ў вёсках гулялі вяселлі. Цяпер усе маладажоны павінны былі скаціцца з гары.

І ў  гэты  дзень  працягваліся пачастункі блінамі ва ўсіх хатах. Клікалі родных і знаёмых: «У нас горы гатовыя і бліны выпечаны — запрашаем!» У гэты дзень маладыя людзі выглядвалі сабе нявест, а дзяўчаты ўпотай глядзелі на хлопцаў.

Ласунак (серада)

У сераду цешчы запрашалі на бліны сваіх зяцёў. Маладыя ў гэты дзень апраналіся ў тое, у чым былі на вяселлі. У гэты ж дзень маладыя нежанатыя хлопцы і незамужнія дзяўчаты каталіся з гор.

Цікава, што з хлопцаў, якія ў мінулым годзе не паспелі ажаніцца, уся вёска жартавала: ім прыдумляліся «пакаранні», ад якіх тыя адкупляліся пачастункамі — блінамі і цукеркамі. Але самай галоўнай падзеяй гэтага дня быў усё-такі візіт зяця «да цешчы на ​​бліны».

Разгуляй (чацвер)

Гэты дзень часта называўся “шырокі чацвярток”, “разгул”, “пералом”. На свята збіралася ўся грамада. Наладжваліся  кулачныя баі, браліся «боем» снежныя мястэчкі. Часта вясковыя жыхары пераапраналіся ў розныя строі. Чучала Масленіцы з саломы ўзнімалі на гару.

З гэтым днём Масленіцы звязаны сюжэты карцін, напрыклад, Сурыкава і Кустодзіева «Узяцце снежнага гарадка» і «Масленіца».

Цешчыны вячоркі (пятніца)

У гэты дзень наступала чарга цешчаў наведвацца ў госці. Зяць з вечара павінен быў сам асабіста запрасіць цешчу на бліны. Запрошаная цешча дасылала зяцю ўсё, на чым пякуць бліны: кадушку для цеста, патэльні. І цесць не заставаўся ўбаку, дасылаў мяшок мукі і алей. Гэтая сустрэча сімвалічная: гонар даставаўся сям’і жонкі.

Залоўкіны вячоркі (субота)

У суботу маладая нявестка запрашала да сябе сваякоў.

У гэты ж дзень прыбраную Масленіцу, чучала з саломы, на насілках неслі ў канец вёскі і там, з песнямі, «хавалі»: раскладвалі вялікае вогнішча і ў ім спальвалі Масленіцу. Вакол вогнішча весяліліся: спявалі песні, скакалі — развітваліся з Масленіцай.

Даравальная нядзеля

У Даравальную нядзелю людзі хадзілі на могілкі, пакідалі на магілах бліны.

У нядзелю згадвалі, што ў панядзелак надыходзіць Вялікі пост. Імкнучыся ачысціцца ад грахоўнага, прасілі адно ў аднаго прабачэння і казалі: «Даруй мне, калі ласка, калі ў чым-небудзь вінаваты перад табою». А ў адказ чулі: «Бог даруе». У гэты дзень адпускаюцца ўсе крыўды і знявагі.

У плане зносін Даравальная нядзеля — вельмі важны дзень. Мы можам дараваць і забыць усе старыя крыўды і самі папрасіць прабачэння ў тых, каму зрабілі балюча, або падзякаваць тым, хто зрабіў нам дабро. Можам пачаць адносіны з чыстага ліста.

Святлана ЛОКТЫШ

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.