Среда, Июль 17Дзержинский район: новости - афиша - реклама

Кацярына Буйноўская: «Пошта, якая стала лёсам»

Ёсць людзі – добразычлівыя, працавітыя, адказныя, якія, пры гэтым, не любяць хваліцца. Не таму, што ім няма чаго сказаць пра сябе, а таму, што яны вельмі сціплыя, і ўласныя дасягненні не лічаць чымсьці асаблівым. Насамрэч менавіта такія асобы – вельмі цікавыя, і жыццё іх падчас нагадвае старонкі захапляльнай кнігі.

Гэтыя словы ў поўнай меры адносяцца і да маёй мамы – Кацярыны Георгіеўны Буйноўскай. Я не ведаю чалавека, больш за яе адданага любімай рабоце, сябрам і блізкім лю­дзям. Але пра ўсё па парадку.

Мая мама нарадзілася 9 красавіка 1979 года ў сям’і патомных паштавікоў. Заснавальнікамі працоўнай дынастыі былі Вера Адамаўна Пазняк, што ў 1934 годзе прыйшла ў вузел сувязі, аўтамабільнага транспарту і шашэйных дарог (так ён тады называўся) і Міхаіл Міхайлавіч Шыманскі, які ўзначальваў Маладзечанскі вузел сувязі.

Іх традыцыі працягвала наступнае пакаленне: Георгій Міхайлавіч Шыманскі, які ў 1957 годзе пачынаў працаваць элетраманцёрам і з цягам часу “вырас” да начальніка РУСа, і Алена Міхайлаўна Шыманская. Пачаўшы ў 1967 годзе з паштальёна, яна прайшла ўсе ўчасткі і выйшла на пенсію ў 2006-м з пасады начальніка раённага вузла паштовай сувязі, аддаўшы любімай рабоце 39 гадоў жыцця.

Мая матуля рана засталася без бацькі: ён памёр ад хваробы, калі ёй было ўсяго тры гады. Цяжка даводзілася маёй бабулі, якая адна гадавала траіх дзяцей. Калі яны выраслі, то свой лёс таксама звязалі з поштай.

Скончыўшы ў 1996 го­дзе гімназію, мама стала працаваць аператарам сувязі, затым апрацоўшчыкам саюздруку і бухгалтарам. Сёння яна ўзначальвае калектыў бухгалтэрыі. Калегі ведаюць яе не толькі як аўтарытэтнага начальніка аддзела, а ў першую чаргу як чулага чалавека, які заўсёды дзеліцца з іншымі сваім пазітыўным настроем.

Акрамя таго, мама актыўна ўдзельнічае ў прафсаюзным жыцці, у шматлікіх спаборніцтвах і конкурсах. У яе многа дыпломаў пераможцы розных інтэлектуальных гульняў.

Для мамы пошта стала таксама месцам, дзе вырашыўся яе асабісты лёс. Менавіта тут, калі ёй было 18 гадоў, яна пазнаёмілася з маім бацькам, Віталем Станіслававічам Буйноўскім. Яны закахаліся адзін у аднаго і ў той жа год ажаніліся. Праз два гады нарадзілася я, а яшчэ праз дзевяць – мая сястра Ксенія. А чатыры гады таму ў нашай сям’і з’явілася цудоўная дзяўчынка Ліза. Нягледзячы на свой няпросты лёс, яна стала для нас родным чалавекам.

Цяпер у нас – вялікая сям’я. Амаль кожны тыдзень мы куды-небудзь выязджаем. Бо вандроўкі – адно з самых любімых маміных захапленняў. Мы лічым, што найлепшая краіна для падарожжаў – родная Беларусь. Столькі цікавых і непаўторных месцаў можна ўбачыць падчас паездак! Мама заўсёды з захапленнем расказвае пра розныя гістарычныя мясціны і падзеі. Таксама яна любіць вышываць крыжыкам і гатаваць новыя стравы, разводзіць кветкі, захапляецца ландшафтным дызайнам. Мае вялікую калекцыю сувенірных талерак як з цікавых мясцін Беларусі, так і з розных краін свету. А яшчэ мама здзейсніла сваю юначую мару і цяпер атрымлівае адукацыю псіхолага. У нашай бібліятэцы ўжо многа кніг па псіхалогіі. Мне здаецца, што менавіта дзякуючы гэтай вучобе ў мяне з мамай склаліся шчырыя, адкрытыя і цёплыя адносіны.

Мая матуля – цудоўны чалавек: добры і самаахвярны, гатовы кожнаму прыйсці на дапамогу, вялікі аптыміст, які прыцягвае да сябе людзей.

Я хачу пажадаць ёй здароўя і доўгіх год жыцця. Пакуль ёсць такія людзі, як мая мама, наша краіна будзе квітнець.

Анастасія БУЙНОЎСКАЯ,
выпускніца гімназіі г. Дзяржынска

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *