Пятница, Ноябрь 16Дзержинский район: новости - афиша - реклама

Лета – час адкрыццяў! Турысты аграгарадка Томкавічы рушылі з рукзакамі па дарогах Дзяржыншчыны

Шуміць лета звонам дзіцячых галасоў. Дзетвара непаседлівая, актыўная, цікаўная. Выкарыстоўваючы такі момант, з лёгкасцю можна арганізоўваць падарожжы, экскурсіі, паходы. Гэта ж столькі адкрыццяў можа зрабіць для сябе кожны!

Турысты аграгарадка Томкавічы рушылі з рукзакамі па дарогах Дзяржыншчыны. Мы багата ведаем пра свой край віртуальна, а рэальна ўбачыць знакавыя мясціны раёна – гэта ўражвае і запамінаецца.

Пераезд да вёскі Фрунзе і мы ідзём да сястры Хатыні – Глухое Пярхурава. Вёска размяшчалася ў лясістай мясцовасці. Першыя звесткі пра гэты населены пункт адносяцца да ХУІ  стагоддзя. Землі  належалі Радзівілам.  А ў мінулым стагоддзі яе напаткаў такі  ж трагічны лёс як і Літавец, і Любажанку, і яшчэ 183 вёскі Беларусі. Студзень 1943 года… Карная аперацыя “Якаб”… Забіта 120 мірных жыхароў… Знішчана 32 двары… Пасля Вялікай Айчыннай вайны в. Глухое Пярхурава не адрадзілася. У 1957 годзе на  месцы спаленай вёскі ўстанавілі мемарыяльную дошку, а пазней з’явіўся невялікі мемарыял. З дзецімі ўспомнілі трагічную старонку гісторыі Дзяржыншчыны, навялі парадак і рушылі ў зваротны шлях на Дворышча. Наведалі бібліятэку, адпачылі ў мясцовым парку, а потым узялі накірунак у бок Юцкоў. Пры дарозе, не даходзячы да вёскі, знаходзіцца гідралагічны помнік рэспубліканскага значэння “Юцкоўскія крыніцы”. Менавіта ў яго межах мы спыніліся на начоўку.


Якім жа адкрыццём была для нас гэтая мясціна! Столькі цікавага даведаліся пра яе! У глыбокім (да 12 м), шырокім (20-30 м), даўжынёй 150 м яры, які ўтвораны ў выніку адступаючай эрозіі, прыродай створаны комплекс крыніц-рыакрэнаў (вада высочваецца са схілаў узгорка). Спецыялісты тут налічваюць больш сотні крыніц. Крынічны ручай бяжыць з хуткасцю 2-3 м/с і сваімі водамі ўліваецца ў раку Слаўка (левы прыток Усы). Мясцовая назва ручая – Студзянец, бо вада студзіць. Пад такой назвай ён апісаны ў апавяданні К. Каганца “Навасадскае замчышча”. Але  з 1999 года, набыўшы статус гідралагічнага помніка рэспубліканскага значэння, за месцам замацавалася назва Юцкоўскія крыніцы. Да крыніц вядзе жалезная лесвіца, 7 выхадаў крыніц абсталяваны жалабамі для набору вады, на схіле яра пастаўлены вялікі драўляны крыж, бо беларусы заўсёды шануюць такія мясціны.

Вада захапіла нас ў вадаварот пазітыўных эмоцый: яе пілі, даследавалі выхады крынічак на паверхню, назіралі за месцам упадзення ручая ў рэчку, бегалі па беразе, зрабілі прагулку ўверх і ўніз па цячэнню ракі Слаўка. Усё ўдалося і прайшло на славу. Паход запомніўся сваім летнім каларытам, уласнымі адкрыццямі і марамі пра новае падарожжа.

Вольга Алфёрава,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце ДУА “Томкавіцкі ВПК ЯС — БШ”

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.