Четверг, Апрель 26Дзержинский район: новости - афиша - реклама

Рэгіна Рэўтовіч: «У душы не бывае выхадных дзён»

Лірыка Рэгіны Рэўтовіч мае дзіўную ўласцівасць – яна запамінаецца. Яе вершы, прасякнутыя духоўным святлом і глыбокай мудрасцю, трапляюць дакладна ў сэрца… Праходзіць час – і ты іх нечакана ўспамінаеш.

Рэгіна Рэўтовіч – член Саюза пісьменнікаў, удзельнік літаратурнага клуба «Выток» – адказала на пытанні карэспандэнта «Узвышша».

– Гэта праўда, што для сваіх чытачоў вы рыхтуеце своеасаблівы творчы падарунак – новую кнігу?

– Так, выдадзена 5 аўтарскіх кніг, а ў выдавецтве знаходзіцца яшчэ адна, якая зусім хутка пабачыць свет. Таксама мае вершы апублікаваныя больш чым у 15 зборніках. Аўтарскія творы можна знайсці ў раённай газеце, часопісах «Вожык», «Вясёлка», абласной прэсе.

Раскажыце, калі ласка, пра сваё супрацоўніцтва з паэтычным клубам, які дзейнічае на базе раённай бібліятэкі.

– З 2010 года я з’яўляюся ўдзельнікам літаратурнага клуба «Выток», які ўжо 20 гадоў аб’ядноўвае пад сваім дахам творчых людзей раёна. Менавіта тут я ў свой час чэрпала неабходныя веды па вершаскладанні, спазнала каштоўнасць сяброўства.

На мой погляд, кожны пісьменнік павінен у сваіх творах несці дабро, тварыць дзеля дабрабыту і росквіту сваёй краіны, шанаваць багацце той культуры, якую захавалі для нас папярэднія пакаленні, старацца зацікавіць чытача. Вершы – гэта працяг лёсу паэта, споведзь яго душы, у якой абавязкова жыве прамень святла.

– Якія беларускія пісьменнікі і паэты вас натхняюць?

– Віктар Гарадзей, Міхась Пазнякоў, Змітрок Марозаў, Яўгенія Янішчыц, Алесь Пісьмянкоў і многія іншыя. Я ў асноўным пішу на роднай мове, таму люблю і цаню творчасць сваіх землякоў.

Многія вершы прысвячаю сваёй малой радзіме, дзе нарадзілася і жыла на працягу 10 гадоў. У памяці захаваліся як вясковы побыт, так і пейзажы роднага краю з бязмежнымі палямі, сенажацямі, рэкамі і крынічкай, беразняком.

Па-сапраўднаму роднай для мяне стала і вёсачка, дзе нарадзіўся мой муж. Зараз з пачатку вясны да позняй восені я з задавальненнем працую на ўчастку яго бацькоў.

Ведаю, што ваша паэзія прыцягвае людзей. У чым сакрэт? Падзяліцеся…

– Мае вершы – пра ўсё, што мы бачым кожны дзень, пра тое, што ведае ці перажывае кожны. Яны пра дрэнны настрой, выпадковыя сустрэчы, стомленасць і, вядома, пра каханне. Ярка выяўленага стылю ў мяне няма, я люблю лаканічнасць і прастату. Напэўна, усё гэта і падабаецца майму чытачу. У сваіх творах я заклікаю жыць у згодзе з сябрамі і блізкімі, годна пераадольваць любыя цяжкасці, з пазітывам ісці па жыцці. Я лічу, што паэзія павінна дарыць чалавеку адпачыванне і гармонію, служыць прыгажосці, ствараць свет ідэальнага.

Сюжэты часта нараджаюцца з перажыванняў. Гэта могуць быць перажыванні свайго жыцця, альбо перажыванні чыёйсьці гісторыі, альбо нейкі прыдуманы сюжэт, які невядома адкуль узяўся ў галаве і закрануў да глыбіні душы. Святло, паўтоны, гукі… Усё гэта можа навеяць некалькi рытмічных слоў, з якіх потым нараджаюцца радкі.

– Наколькі моцна на вас уплывае навакольная рэчаіснасць?

– Навакольная рэчаіснасць ўплывае, несумненна. Альбо здараюцца нейкія падзеі, аб якіх хочацца напісаць, альбо яна стамляе сваёй шэрасцю, несправядлівасцю і адчуваннем бездапаможнасці ў ёй. Тады парой хочацца схавацца ў сябе, а часам – наадварот, змяніць усё, вылепіць у гэтай рэчаіснасці астравок кахання, прыгажосці і радасці.

Магу адзначыць, што ў вас выдатнае пачуццё гумару…

– У маіх сатырычна-гумарыстычных вершаваных творах героямі з’яўляюцца сябры і сваякі, а ў некаторых байках імі становяцца прадстаўнікі флоры і фаўны.

Таксама я люблю пісаць вершы і вершаваныя казкі для дзяцей. Часта праводжу творчыя сустрэчы з чытачамі бібліятэкі, з навучэнцамі школ, ліцэя. За апошні год удалося пазнаёміцца і абмяняцца вопытам з калегамі з Нясвіжа, Заслаўя, Шчомысліцы, Жодзіна, Сеніцы. З’яўляюся пастаянным госцем народнага клуба «Натхненне», які працуе пры Палацы ветэранаў, і народнага клуба «Жывіца».

– Акрамя таго вы займаецеся перакладамі…

– Так, прычым часта перакладаю прозу ў паэтычную форму. Паспрабавала даць новае жыццё тром паданням і двум казкам. Усяго на маім ліку больш за 70 перакладаў вершаў, у асноўным з рускай на беларускую мову. Таксама на мае вершы створана некалькі песень.

Вядома, што ў многіх пісьменнікаў, напрыклад Хэмінгуэя, Джойса, Флабера, былі вельмі жорсткія графікі працы, якія яны самі сабе ўстанаўлівалі. А як вы працуеце?

– Я ніколі не прымушаю сябе пісаць. Пішу толькі калі пішацца. Я мяркую, што руцінная праца можа быць неабходнай пры напісанні прозы, вершы ж павінны быць напісаны па натхненні ці не напісаны зусім. Але душа не мае выхадных дзён, таму добрая ідэя можа прыйсці і позняй ноччу, і ў час падарожжа. І гэтыя паэтычныя радкі абавязкова трэба зафіксаваць на аркушы паперы.

– Што б вы пажадалі сваім калегам?

– Жадаю паэтычнаму клубу «Выток» росквіту, а ўсім яго ўдзельнікам – творчых поспехаў, дасягнення пастаўленых мэт, натхнення.

Гутарыла Ларыса КОРШУН

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.