Пятница, Июль 21Дзержинский район: новости - афиша - реклама

У ЗАГСе прайшоў дзень адчыненых дзвярэй

ЗАГС

Так, не на рэгістрацыю шлюбу ці па пасведчанне аб нараджэнні, а менавіта на дзень адчыненых дзвярэй можна было завітаць у аддзел ЗАГС Дзяржынскага райвыканкама. 15 лютага яго супрацоўнікі прымалі гасцей – другакурснікаў абласнога аграрна-тэхнічнага ліцэя. Знаёмства з дзейнасцю аддзела (дарэчы, такое мерапрыемства тут праводзілі ўпершыню) суправаджалася прыгожай цырымоніяй, прысвечанай Дню ўсіх закаханых. А гэта, несумненна, прыйшлося даспадобы юнакам і дзяўчатам.

Дзе раней, да ўзнікнення органаў ЗАГС, рэгістраваліся шлюбы? У якіх выпадках яны былі дазволены альбо, наадварот, забаронены? Што такое грамадзянскі шлюб? Якім дакументам сёння рэгламентуюцца адносіны паміж мужам і жонкай?.. На гэтыя і многія іншыя пытанні даступна і падрабязна адказала начальнік аддзела Кацярына Аношка. Яна пазнаёміла ліцэістаў з гісторыяй інстытута шлюбу і расказала пра асноўныя адміністрацыйныя працэдуры (усяго іх 15), якія сёння выконваюць у ЗАГСе. Таксама юныя госці зазірнулі ў пакой, дзе размяшчаецца архіў. Дарэчы, у ім захоўваюцца дакументы, пачынаючы з 1944 года, і штогод архіўныя “запасы” папаўняюцца 2 тысячамі запісаў.

ЗАГС

ЗАГС
А пасля наступіў самы кранальны момант – урачыстая рэгістрацыя саюза закаханых сэрцаў. Тры юныя пары – Андрэй і Вераніка, Вадзім і Святлана, Ян і Вікторыя – з дапамогай дарослых асмеліліся прызнацца адзін аднаму ў сваіх пачуццях. І хоць яны абменьваліся папяровымі “валянцінкамі”, а не сапраўднымі заручальнымі пярсцёнкамі, рамантычны настрой перадаўся і іх аднагрупнікам, і педагогам. Тым больш што прыгжаму эпізоду папярэднічала знаёмства з гісторыяй кахання паэта Уладзіміра Маякоўскага да рускай эмігранткі Таццяны Якаўлевай.

Ці закладуць юначыя пачуцці “падмурак” сапраўднага шлюбу? Адказ на гэта пытанне дасць толькі час. У любым выпадку, для ліцэістаў дзень адчыненых дзвярэй у ЗАГСе стаў момантам знаёмства з дарослым жыццём, якое хутка пачнецца для іх, у тым ліку і з прыняцця самастойных, лёсавызначальных рашэнняў.
Дарэчы, для некаторых жыхароў раёна Дзень усіх закаханых стаў нагодай для важных перамен. Як адзначылі спецыялісты аддзела ЗАГС, 14 лютага былі зарэгістраваны 7 шлюбаў.

Ірына МАТУСЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.