Суббота, Июль 21Дзержинский район: новости - афиша - реклама

Вучні сярэдняй школы №1 г.Фаніпаля адправіліся ў зімні паход

Бытуе меркаванне, што ў паходы лепей адпраўляцца ў цёплыя веснавыя ці летнія дзянькі. Вучні сярэдняй школы №1 г.Фаніпаля вырашылі гэта аправергнуць і пайсці ў паход зімой. А чаму б і не? Ахвотнікаў да такога маленькага экстрыму знайшлося нямала.

Наша  падарожжа пачалося з чыгуначнага прыпынку «Фаніпаль”. Група дзевяцікласнікаў у складзе 18 чалавек сабралася на пероне, каб даехаць да станцыі “Негарэлае”. Аказваецца, даволі цікавае месца. Асабліва для тых вучняў, якія ні разу там не былі. І, канешне, без цікавых гісторый і гістарычных фактаў, расказаных Дзянісам Фёдаравічам Саевічам, настаўнікам гісторыі нашай школы, гэта экскурсія была б не такой пазнавальнай і цікавай.

Потым  шлях  вёў нас да вёскі Гарадзішча. Вёска, магчыма, не надта вядомая ў Дзяржынскім раёне, але там сапраўды ёсць што паглядзець і ёсць што паказаць. Асабліва ўражвае добразычлівасць і спакой мясцовых жыхароў. Нас ветліва сустракалі ўсмешкамі, падтрымлівалі добрым словам. Дзе-нідзе можна было заўважыць буслінае гняздо на коміне  хат, зрэдку чуўся брэх сабак, міма з шумам праязджалі рэдкія аўтамабілі. Жыццё тут ідзе сваім ходам, не азіраючыся на чалавека. А якая прыгажосць навокал! Хто бачыў гэтыя цудоўныя краявіды, будзе імкнуцца вярнуцца сюды зноў.

Дарога збягала ўніз, а потым падымалася на ўзгоркі, на адным з якіх мы ўбачылі чароўны і загадкавы невялічкі лес. Нягледзячы на шэры і змрочны дзень, ён вабіў сваёй чысцінёй і ўтульнасцю. Наведаўшы Батанічны сад і музей прыроды ў вёсцы Гарадзішча, мы дружным гуртам адправіліся ў лес, каб распаліць вогнішча, пагрэцца і крыху падмацавацца ежай і гарачай кавай. А што можа быць лепей? І хоць надвор’е зусім не радавала нас цеплынёй , але настрой быў сонечны і цудоўны!

Увечары стомленыя, крыху азяблыя, але шчаслівыя дзевяцікласнікі вярнуліся дамоў, поўныя новых эмоцый, пачуццяў і назіранняў. Такія вандроўкі надоўга запамінаюцца і  грэюць душу і сэрца дзяцей.

Акрамя фізічнай загартоўкі, мы адпачылі душой, а гэта амаль самае галоўнае, чаго ў паўсядзённым жыцці нам часам так не хапае. І, безумоўна, дзякуй усім удзельнікам гэтай невялікай вандроўкі за добры настрой. Спадзяюся, што ў хуткім часе мы пакрочым па новых маршрутах, а пакуль застаеецца толькі перагортваць фотаздымкі, аднаўляючы кожны крок у памяці.

Марына Каваленка., кл.кіраўнік 9 “Б” класа

Анастасія Чуеўская, вучаніца 9 “Б” класа сярэдняй школы №1 г.Фаніпаля

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.