Среда, Сентябрь 19Дзержинский район: новости - афиша - реклама

Алег  і Ганна Барысенковы зарэгістравалі свае адносіны ў Дзень закаханых

У мінулагодні Дзень закаханых свае адносіны ў загсе зарэгістравалі сем пар. Мы пабывалі ў гасцях у адной з іх — Алега  і Ганны Барысенковых, каб даведацца, што ў сям’і адбылося за год.    

Шмат падзей — шмат гасцей

Урачы Алег Барысенкоў родам з Вілейкі і Ганна Магалінская — з Гродна ў Дзяржынскую райбальніцу трапілі на адпрацоўку пасля вучобы ва ўніверсітэце і заканчэння інтэрнатуры. На вечарынцы, якую наладзілі маладыя спецыялісты ЦРБ, Алег і Ганна прыглянуліся адно аднаму.

Сустракаліся паўгода.

— Гэта мала, — лічыць Алег і  тлумачыць: — Пэўна, у мяне  погляды кансерватыўныя, але лічу, што да шлюбу варта сустракацца хаця б год, каб добра разглядзець адно аднаго. Але ў нас так склаліся абставіны, і я ніколечкі не шкадую.

Новы, 2017 год у жыцці маладых урачоў стаў самым насычаным на падзеі.

— Наколькі ён быў радасным, эмацыянальным, настолькі ж і вымотваў, — прызнаўся Алег.

І не дзіва: з рэгістрацыі шлюбу ў лютым усё толькі пачалося. А калі дакладней, то пачалося ўсё з таго, што даведаліся: Ганна чакае… дзяцей. Адразу дваіх.

— Мы рыхтаваліся да вяселля, хацелі адзначыць яго ў Гродне, заказалі рэстаран. Аднак Аня трапіла ў бальніцу на захаванне. Прыгатаванні і само вяселле маглі стаць вялікім стрэсам. Ды і дата роспісу змясцілася. Таму проста сабраліся, пайшлі ў загс удваіх і распісаліся, — расказвае Алег. ­­— Можна сказаць, расставілі прыярытэты: здароўе жонкі і малышоў аказалася на першым месцы.

Неўзабаве на свет з’явіліся дзеці — адразу двое. Хлопчыка назвалі Артурам, дзяўчынку — Ліліяй.

Гуляючы з каляскай па вуліцах, неаднаразова чулі, як уздыхаюць людзі, гледзячы на іх: “Божа, з адным цяжка ўпраўляцца, а тут — адразу двое”. Алег упэўнены: нават калі б нарадзілася адначасова трое, а то і чацвёра дзетак, управіліся б. А Ганна цяпер і не ўяўляе, як можна выхоўваць адно дзіця. Канешне, разважае, маці ў такім разе больш мабільная: у дзіцячы рукзак пасадзіў — і з пятага паверха можна без дапамогі мужа спусціцца, і ў Мінск патрапіць. Затое з дваімі — радасці ўдвая больш.

З’явілася ў сям’і і “трэцяе дзіцятка” — аўтамабіль. Наколькі ён выручае, настолькі надае і клопату.

Эмацыянальнай аддачы патрабуе і даніна павагі блізкім: сустрэчы з сябрамі, шматлікай Ганнінай раднёй і нешматлікай — Алегавай, прыёмы гасцей, званкі. Прамая залежнасць: шмат падзей — шмат гасцей!

 Але Барысенковы ўпэўнены: з усім справяцца, прыйдзе час, і наадпачываюцца ўволю. А цяпер галоўнае — ёсць дзе жыць. Прыходзілася да гэтага і самім шукаць жыллё, і бачыць, як шукаюць ды дорага плацяць за метры знаёмыя.

— Нам пашанцавала, — кажа Алег. — Маладая сям’я, двайняты…  Цяпер у нас ёсць свой куток — адразу два пакоі, бо ў адным з дваімі дзеткамі было б цяжка. Іншы ж раз і радня прыязджае, каб хоць на трохі вызваліць нас ад клопатаў пра дзяцей. Цяжка ўявіць, як бы мы размяшчаліся ў адным пакоі.

І Алег з удзячнасцю называе імёны свайго непасрэднага кіраўніка, загадчыцы лабараторыяй дыягностыкі Святланы Яўгенаўны Баброўскай, што вельмі па-чалавечы ўнікла ў сітуацыю, і галоўнага ўрача ЦРБ У. А. Губаша.

— Калі да Уладзіміра Аляксандравіча дайшлі звесткі пра нашу сітуацыю, ён сказаў: “Давайце ратаваць!” І зрабіў усё, каб нам дапамагчы. Як і работнікі ДЭМЗа, што прытулілі ў сваім інтэрнаце.

Вяселле — гэта свята ўсведамлення

Гаворка ўвесь час круціцца вакол дзяцей, сям’і, вяселля, кахання. Чаму 14 лютага?

— Распісацца 14 лютага была мая ідэя: хацелася надаць хоць якую-небудзь значнасць падзеі. А я і рада таму, што ў час рэгістрацыі шлюбу мы былі толькі ўдваіх. З сябрамі і раднёй сабраліся пазней. Яны не пакрыўдзіліся, зразумелі нас, — расказвае Ганна.

Алег прызнаўся, што раней думаў, быццам усе дзяўчаты мараць пра адно і тое ж: вясельная сукенка, букет для сябровак, каб пад вянец вёў бацька, а вакол — шмат вясёлых шумных гасцей, картэжы і гучнае “горка”. У такім разе ў час застолля галоўным становіцца штосьці іншае, а не пачуцці, што з’ядноўваюць сэрцы: ад шматлікіх гасцей да ежы і конкурсаў, часам не проста фрывольных, але і вульгарных.

— А што такое рытуал вяселля? — разважае Алег. — Гэта свята ўсведамлення. Мы ўсвядомілі, што сталі мужам і жонкай, што кахаем адно аднаго. І рэгістрацыяй шлюбу замацавалі сваё ўсведамленне.

— Я марыла, каб на нашым з выбраннікам вяселлі мы былі толькі ўдваіх. Для мяне вяселле таксама  штосьці таемнае, — працягвае размову Ганна. — Усё сталася, як мы хацелі. Ну, можа, крышачку інакш.

І муж з жонкай нечакана нават для саміх сябе (не было калі пра гэта і пагаварыць за год!) прызнаюцца, што пазней, калі падрастуць дзеткі, мараць пабываць на якім-небудзь далёкім цёплым востраве, дзе па-сапраўднаму адзначаць свой саюз: з фотасетам і вясельнай сукенкай. Але па-ранейшаму толькі ўдваіх. А сёлета, калі выручаць іх бабулі Артурчыка і Лілечкі, збіраюцца адзначыць гадавіну сумеснага жыцця ў Гродне, у “Кронан Парк Гатэль” — тым рэстаране, дзе год назад так і не пагулялі з гасцямі.

— Ведаю дакладна: гэта будзе вечар успамінаў, зносін з жонкай, адпачынку. Адзначым і дзень нараджэння Ані, які будзе 16 лютага, — кажа Алег і звяртаецца да жонкі: — І ўрэшце мы з табой патанцуем, бо  так і не давялося пакуль!

Не заўсёды так бывае, што праз  год сямейнага жыцця, з яго цяжкасцямі і бытам, маладыя людзі застаюцца закаханымі рамантыкамі.

— Так, нам добра ўдваіх. Я не расчараваўся ў жонцы. Наадварот, з гэтым чалавекам поруч збіраюся прайсці праз усё жыццё, — па-мужчынску адказна заяўляе Алег. Ён у сям’і — лідар, які ганарыцца сумеснымі набыткамі і не баіцца браць на сябе адказнасць.

Вусны Ганны кранае замілаваная ўсмешка, яна закахана пазірае на мужа.

Гледзячы на пару, разумееш: паміж імі жыве сапраўднае сямейнае шчасце. Ціхае, запаветнае, жаданае.

Святлана ЛОКТЫШ

Фота аўтара і з сямейнага архіва герояў

2 Comments

  • Аноним

    Анечка и Олег !!! Поздравляю Вас и с законным браком и с рождением деток!! Всем Вам крепкого здоровья, любви, взаимопонимания, счастья и радости на долгие годы!!!

  • Аноним

    Анечка и Олег !!! Поздравляю Вас и с законным браком и с рождением деток!! Всем Вам крепкого здоровья, любви, взаимопонимания, счастья и радости на долгие годы!!! С уважением и любовью к вам- Лилия Ивановна

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.