Среда, Июль 24Дзержинский район: новости - афиша - реклама

«Беларусь памятае»: Такое нельга забыць! Частка другая

Мікалай і Марыя Клімовічы

У папярэднім нумары газеты мы апублікавалі ўспаміны Эміліі Мікалаеўны Сіняўскай аб жыцці яе бацькоў у прадваенны час і гады ваеннага ліхалецця. У рамках інфамацыйна-патрыятычнай акцыі «Беларусь памятае. Міншчына ганарыцца» мы знаёмім сваіх чытачоў з апошняй часткай сямейнай гісторыі.

Сям’я Мікалая Адамавіча Клімовіча (бацькі аўтара – прым. рэд.) пасля цяжкай дарогі ў таварняку нарэшце прыехала на перасыльны пункт на граніцы паміж Польшчай і Германіей. Пасялілі іх у бараках. Дзеці былі зусім дрэнна адзетыя. Ноччу было нясцерпна холадна спаць на нарах.

Вакол будынку, дзе жылі палонныя, была агароджа са шчыкетніку, а па версе ішоў калючы дрот. Тата агледзеў усе кругом. Некалькі дзён паціхеньку, амаль па метру, вывучаў агароджу. Смерці сям’і чакаць не збіраўся, а за сябе ўжо не хваляваўся.

Разам з маім татам з вёскі забралі дваіх – брата з сястрой Івана і Серафіну Яскевичаў. Гэта былі студэнты: ен – будучы медык, яна – будучая настаўніца. Моладзь была рашуча настроена ўцячы з нямецкага палону. Гатовы былі нават лезці праз высокі частакол. Тата ледзь стрымліваў іх.

І вось аднойчы ен выгледзеў за цагляным туалетам лазейку: пад загароджай была адтуліна, калі яе крыху выграбці, можна будзе выбрацца на волю. Побач за агароджай – кусты, лес. Сваёй задумкай падзяліўся толькі з Іванам. Яны ўдваіх, хаваючыся, асцерагаючыся ўсіх, рукамі выграблі зямлю, прыкрылі дзёрнам і сталі чакаць.

Прыйшла ноч. Пад выглядам, што дзецям разбалеліся жываты, папрасіліся ў вартавога ў прыбіральню. Народу было шмат. Вартавыя мяняліся часта, таму ніхто іх не запомніў. Тут жа Іван і Серафіна аказаліся ля іх. Ціхенька прапаўзлі пад плот дзеці, маці, моладзь, апошнім – тата.

…На волі! Але як жа далей? Паўзлі, не маглі падняцца, ніхто не падаваў ні гука. Дзеці, а ім было 10 і 9 гадоў, усе разумелі, вялі сябе як дарослыя.

І вось лес. Усім ратунак. Тата добра ўмеў арыентавацца па зорках. І пайшлі, ціха ступаючы, не перагаворваючыся. Слухалі, а раптам пагоня? Настаў дзень. Заходзіць у населеныя пункты нельга. А што есці? Вырашылі адправіць дзяцей на хутар, сказаць, што згубіліся, папрасіць хлеба, а за гэта адпрацаваць. Так і зрабілі. Людзі трапіліся добрыя. Дзецям далі малака з хлебам, ніякай работы не прасілі, з сабою палажылі вараную бульбу, хлеба і бутылку малака. Тыя і прышлі назад у лес. І так потым было не раз. Дзеці пасвілі гусей, свіней, так зарабатывалі для ўсіх кавалачак хлеба. Але захварэла Маня, залажыла горла. Трэба была цеплая вада, хоць які чай. Назіралі з лесу за вескай, да якой дайшлі, а ў дарозе былі ўжо чацвёрты тыдзень. Ноччу пастукаліся ў крайнюю ад лесу хату. Выйшла гаспадыня. Накарміла, напаіла гарачым чаем, дала месца паспаць, а раненька ўсіх падняла. Расказала, што яе муж – паліцай, ужо паехаў на веласіпедзе ў камендатуру дакладваць, што ў яго хаце чужыя людзі.

Пакланіліся гэтай жанчыне і пайшлі. Па вуліці цягнуўся статак кароў і авечак. Прыгнуўшыся нізенька да зямлі, ішлі дзеці з маці, тата і Іван з Серафінай – так аж да лесу, метраў пяцьсот. Толькі зайшлі і ў лес – пачулі гул матацыклаў і брэх сабак. З вескі ўслед за статкам выязджалі немцы з аўчаркамі. Бегчы не было сэнсу. Тата загадаў усім схавацца пад елачкамі і чакаць. Побач хадзілі каровы. Матацыклісты мчаліся да лесу. Вось ужо і ў лесе. Побач чуўся брэх сабак.

Папа расказваў:

«Першы раз у жыцці адчуў, як валасы на галаве становяцца дыбам. Што будзе? Зноў не за сябе страх – за дзяцей. А як знойдуць аўчаркі? Але бог сцярог. Матацыклісты мчаліся ўжо у веску. Мы не верылі, што мінавала такое ліха. Абняліся, слезы сыпаліся з вачэй. Падышоў пастух. Сказаў, што запах людзей сабакі не ўчулі з-за паху кароў».

Падзякавалі пастуху і пайшлі, распытаўшы далей дарогу.

Зноў трэба было дабываць ежу. Хоць у лесе сустракаліся палянкі з суніцамі, чарніцамі, але ж галоўнае – хлеб.

На наступную ноч па хлеб выбраліся ісці нашы маладыя спадарожнікі. Я не адпускаў іх, ведаў, што маладых вораг не пашкадуе. Але яны выставілі аргумент: да якога часу мы будзем адпраўляць дзяцей? І пайшлі…

І не прыйшлі. Чакалі іх, чакалі і не дачакаліся. Што з імі здарылася? Хутчэй за ўсё трапілі ў хату здрадніка.

Далей тата з горыччу ў голасе гаварыў:

«Пайсці праверыць, што з імі здарылася, не мог. Быў бы адзін… Рызыкаваць ўсей сям’ёй не меў права. Іван і Серафіна не выдалі нас, тых, што скрываліся ў лесе. Яны, маладыя, падарылі нам жыццё».

З горам у сэрцы працягвалі яны шлях. На падыходзе да Ваўкавыска ў лесе іх спыніў паліцай, што ехаў на веласіпедзе па лясной дарозе. Спытаў дакументы, аглездеў нас падазрона і згадаўся па нашым абарваным адзенні, хто мы такія, наставіў пісталет і пагнаў перад сабой. Ні слезы, ні просьбы дзяцей пашкадаваць – нічога не памагло.

Даставілі нас у Ваўкавыскую турму. Тут ужо выбрацца нельга было. Агароджа цагляная, сцены каменныя. Прабылі там больш года. Аднойчы тата праз шчыліны ў агароджы між цаглінамі заўважыў: высокая трава, што ля сцяны, шавеліцца. Прыгледзеўся, убачыў: паўзуць нашы салдаты. Сэрца забілася радасна: а раптам свабода? Пачалася страляніна, крыкі «Ура!», радасныя воклічы. Дзверы адамкнуліся, усіх выпусцілі на свабоду. Людзі абдымаліся, радаваліся. Ішоў 1944 год.

Дамоў дабраліся на папутных машынах. Вось і Рабінаўка, вось і хата… Пустая, толькі голыя сцены. Сышліся суседзі, прыбегла Ледзечка малая, яе даглядалі рабінаўцы. Дзяўчынка доўга хварэла, не магла звыкнуцца, што засталася адна.

Эмілія Мікалаеўна Сіняўская

І вось усе дома. Сталі людзі зносіць: хто коўдру, хто падушку, хто муку або бульбу. Але жонка не змагла перанесці ўсе пакуты, уцекі не прайшлі дарма, а яшчэ трывога за дзяцей… Тата застаўся адзін з сіротамі.

Вось тут і адбылося сватанне. Сышліся дзве гаротныя душы. 1 ліпеня 1945 года ўступілі у шлюб. Мама, Марыя Іванаўна, стала маці яшчэ траіх дзяцей. Перш-наперш абмыла і абшыла дзяцей, пабяліла сцены ў хаце, навяла парадак у агародзе. Вядома, голад, разруха былі ва ўсім. Але разам пачалі наладжваць жыцце. З’явіліся ў іх сям’і яшчэ двое дзяцей: дачка Эма (аўтар гэтага артыкула) і сын Віктар.

Віктар, брат Эміліі Сіняўскай

Галоўнай ежай была бульба. Мама ўмела так зрабіць, што есці было што: з буракоў з журавінамі рабіла джэм, з бульбай елі смажанае, тоўчанае семя льну, аладкі з пышак (мерзлай бульбы), тушаную моркву і бручку, вараны ў гаршчэчку боб. Хлеб мама пякла сама, яго водар і бліскучая скарыначка помніцца мне і цяпер. Вядома, беднасць і нястача былі кругом. Але мама ўмела шыць, ў яе была швейная машынка «Зінгер», якая нас ратавала. Мама шыла, перашывала, адзявала нас поўнасцю: жакеты, куртачкі, на ногі буркі, сумкі (торбы) ў школу.

Ішоў час. Старэйшыя пайшлі вучыцца і працаваць у горад Мінск, а мы – у школу. Жыць станавілася лягчэй.

Разам пражылі мае бацькі 28 гадоў. Гэта было ціхае, спакойнае жыцце, дзе нам усім было добра. Першым памер бацька ў 1973 годзе, праз дзесяць гадоў не стала мамы.

Кожны з нас знайшоў сваю дарогу. Схоля жыве ў Мінску, мае двух дачок, чатырох унукаў, двух праўнукаў. Працавала на фабрыцы «Прагрэс». Федзя памер у 51 год, працаваў на заводзе «Бальшавік», яго партрэт вісеў на дошке гонару. У яго два сыны, двое ўнукаў. Лездя – ветэран працы, зараз ей 81 год, увесь час працавала на фабрыцы «Камунарка». Брат Віктар працуе шаферам, на пенсіі, мае дзвюх дачок, трох унукаў.

Я працую настаўніцай, пенсіянерка. Маю дваіх дзяцей, пяцёра ўнукаў і аднаго праўнука.

Вось такая гісторыя нашай сям’і, такі след пакінулі мае бацькі. Нізкі ім паклон! Яны ўсе жыцце служылі мне эталонам паводзін у розных сітуацыях. Іх гісторыя добра знаёма маім дзецям, цяпер і ўнукам. Я расказваю і заўважаю ў іх вачах смутак, жалобу і захапленне: якія мужныя, якія вытрыманыя людзі – іх продкі, як яны ўмелі не здавацца перад бядою, захавалі для нас пяшчоту і радасць.

Хіба ж можна забыць іх?

Эмілія Мікалаеўна Сіняўская,

ДУА «Чэрнікаўскі вычэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-базавая школа»

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *