Понедельник, Июнь 17Дзержинский район: новости - афиша - реклама

Да 90-годдзя раённай газеты. Пачатак гісторыі

Адно са старэйшых у Беларусі друкаваных выданняў – Дзяржынская раённая газета “Узвышша”  – 15 студзеня 2019 года адзначае юбілейную дату з дня заснавання. Менавіта ў гэты дзень 90 гадоў таму выйшаў яе першы нумар. Так быў пакладзены пачатак вялікаму шляху, у якім год за годам перагортваліся старонкі жыцця нашага раёна. За гэты час газета неаднаразова мяняла сваю назву, тым самым засведчываючы, што яна не стаяла ў баку ад тых падзей, якія складалі сутнасць яе зместу.

Рэдактар раённай газеты “Сцяг Кастрычніка” У. М. Куксо заахвочвае каштоўным падарункам ветэрана рабселькораўскага руху У. І. Сароку. 1977 год.

У першыя гады савецкай улады друкаванаму слову, як агітатару і прапагандысту новых ідэй, надавалася значная ўвага. Але распаўсюджванне газет стрымлівалася, па-першае, адсутнасцю сродкаў на іх выданне, а, па-другое, непісьменнасцю большай часткі насельніцтва. Часткова патрэбы чытачоў задавальняліся цэнтральнай прэсай, а ў хатах-чытальнях наладжваліся іх масавыя чытанні.

Так, па справаздачы сакратара Койданаўскага райкама КП(б)Б па ідэалогіі Бялугі, у 1925 годзе на раён выпісваліся такія выданні, як “Звязда”, “Беларуская вёска”, “Беднота”, “Крестьянская газета”, “Безбожник”. Іх агульная колькасць па раёну складала 2793 экзэмпляры. Тым не менш, агітацыйная і прапагандысцкая работа з працоўнымі масамі патрабавала далучэння да гэтай справы больш шырокага кола чытачоў. Праблема вырашалася з дапамогай насценнага друку. Так, напрыклад, у гэты перыяд самаробным спосабам выпускаліся раённая газета “Луч”, аддзела адукацыі “Чырвоны настаўнік” і “Прафсаюзны работнік”, камсамольская “Наша школа”, піянерская “Чырвоны вучань”, сялянскія: у вёсцы Станькава “На рубеже”, у вёсцы Старынкі –  “Красный пахарь”, на чыгуначнай станцыі –  “Негарэлае пагранічнае” і іншыя (усяго 25 найменняў). Такім чынам, калі наспеў час для выпуску ў раёне самастойнай друкаванай газеты, яна мела пэўны вопыт выдавецкай дзейнасці, а ў яе актыве налічвалася каля 150 рабселькораў.

“Чырвоны койданавец”

Пытанне пра выпуск першага друкаванага выдання на тэрыторыі нашага раёна мае прынцыповае значэнне, таму гэтую важную для нас падзею дэталёва даследваў вядомы гісторык і краязнавец Анатоль Валахановіч. Справа ў тым, што на сучасны момант у архівах Беларусі не захавалася ніводнага камплекта Койданаўскай (Дзяржынскай) раённай газеты таго перыяду. Яны былі знішчаны ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны. Адзінае месца, дзе можна яшчэ скарыстацца патрэбнай інфармацыяй – аддзел газет Расійскай Нацыянальнай бібліятэкі ў Санкт-Пецярбургу. Дзякуючы намаганням Анатоля Іосіфавіча, адтуль і прыйшла фотакопія першай старонкі “Чырвонага Койданаўца”, дзе ў каланцітуле пазначана: “штомесячны орган Койданоўскага райкома КП(б)б і раённага выканаўчага камітэта, 15 студзеня 1929 года, год выдання першы, нумар першы, адрас рэдакцыі – Койданоўскі РК КП(б)Б”. Ніжэй змешчаны лозунг “Саюз пралетарыяту і сялянскай беднаты з серадняком – аснова магутнасці Саветаў. Будзем узмацняць гэты саюз пад кіраўніцтвам Ленінскай партыі!” Такім чынам, ўсе сумненні па даце нараджэння газеты былі знятыя.

Аб чым жа пісала першае друкаванае выданне на Койданаўшчыне? Яно адкрывалася зваротам “Да рабочых і сялян Менскай акругі” у сувязі з выбарамі ў сельскія і местачковыя саветы. Актуальнасць падзеі падкрэслівалася наступнымі радкамі: “Выбарчая кампанія гэтага году набывае надта вялікае палітычнае і грамадзянскае значэнне таму, што яна праходзіць у момант абвастрэння класавай барацьбы, у момант, калі перад нашай краінай стаяць вялізарныя задачы сацыялістычнага будаўніцтва, таму што ад паспяховага вырашэння задач, звязаных з сацыялістычным будаўніцтвам, з калектывізацыяй і ўздымам сялянскай гаспадаркі, падняццем ураджайнасці, павелічэннем таварнасці ў бядняцка-серадняцкай гаспадарцы, пры абвостранай класавай барацьбе патрабуецца ад сельсаветаў напружаная праца, выразная класавая лінія, правільная палітыка, правадзімая ў інтарэсах батракоў, бядняцка-серадняцкіх мас вёскі і местачковай беднаты”.

Як бачна, ужо з першага нумара газета актыўна пачала праводзіць масава-палітычную і тлумачальную работу сярод насельніцтва, заклікаючы людзей да ўдзелу ў выбарах, якія праходзілі ў краіне. Класавую пазіцыю падкрэслівала і назва газеты. Слова “чырвоны” на той момант азначала “палітычна свядомы чалавек, падтрымліваючы савецкую ўладу”. Выхаванне такіх грамадзян сярод койданаўцаў і стала асноўнай задачай гэтага друкаванага выдання.

Сярод аўтараў на першай старонцы сустракаецца прозвішча Генрыха Мілера. Ён быў з палітэмігрантаў, у 1930-я гады прымаў актыўны ўдзел у стварэнні на Койданаўшчыне польскага нацыянальнага раёна, некаторы час узначальваў райаддзел міліцыі. У 1937 годдзе яго рэпрэсавалі па палітытычных матывах і прыгаварылі да вышэйшай меры пакарання.

Пад артыкулам “Ад слоў да справы” стаіць подпіс яшчэ аднаго вядомага на Дзяржыншчыне чалавека – Уладзіміра Сарокі. Ён нарадзіўся ў Койданава, быў дастаткова адукаваным для свайго часу чалавекам, узначальваў у мястэчку камітэт беднаты, але галоўным прызваннем свайго жыцця лічыў рабселькораўскую дзейнасць. Не адно дзесяцігоддзе Уладзімір Іларыёнавіч супрацоўнічаў з мясцовай газетай, быў адданым яе прыхільнікам. Вось якія ўспаміны ён пакінуў: ”Пачаў пісаць у “раёнку” адразу пасля выхаду яе ў свет. Навокал бурліла, на вачах змянялася жыццё. Перш за ўсё стараўся пісаць аб багацці ўражанняў ад усяго новага, якое нараджаў дзень. Праўдзіва, нічога не ўтойваючы ад чытача. Усё гэта станоўча ўплывала на развіццё рабселькораўскага руху сярод шырокіх працоўных мас. Яны разумелі прызначэнне друкаванага слова. Таму павялічваліся рады актывістаў друку, пашыралася тэматыка іх выступленняў”.

Хто быў рэдактарам “Чырвонага Койданаўца”, пакуль што не вядома. Як не ўдалася ўстанавіць, хто з літсупрацоўнікаў удзельнічаў у выпуску яе нешматлікіх нумароў. Тэрмін выхаду газеты пад гэтай назваю быў дастаткова непрацяглым – трохі больш за год. У сакавіку 1930 года яна была перайменавана. І для такой змены існавала дастаткова важкая прычына.

“Трактар”

У сярэдзіне 1929 года на пустцы паміж чыгуначнай станцыяй Койданава, мястэчкам і невялікай вёскай Агароднікі (пачыналася ад сучаснага будынка завода “Салео” і шла ў бок Станькава) разгарнулася вялікая новабудоўля. На гэтым месцы ўзводзіліся карпусы будучай машынна-трактарнай станцыі – першай у Беларусі. Работы вяліся хутка, і ўжо ў пачатку вясны наступнага года на станцыю стала прыбываць тэхніка пераважна замежнай вытворчасці – трактары “Джон-Дзіры”, “Натэрпілеры”, “Кейсы”, “Фардзоны” – усяго 33 адзінкі. Гэта быў пачатак вялікіх пераўтварэнняў на вёсцы.

Прайсці міма такой падзеі мясцовы друк не мог. Таму ўслед, 28 сакавіка 1930 года, “Чырвоны Койданавец” выдаецца пад новай назваю “Трактар”.  Перыядычнасць выхада газеты – адзін раз у дзесяць дзён. Яна па-ранейшаму засталася органам Койданаўскага раённага камітэта КП(б)Б і райвыканкама Менскай акругі. Нумар адкрываўся рэдакцыйным артыкулам “Трактар” – на вялікі фронт калектывізацыі”. Сама гэта назва тлумачыла прычыны перайменавання выдання. І зноў газета выступіла арганізатарам народных мас, згуртоўваючы іх на выкананне пастаўленай партыяй задачы – аб’яднання аднаасобных сялянскіх гаспадарак у калгасы і саўгасы. “Ні ў якім разе нельга паслабляць тэмпаў калектывізацыі раёна, тэмпы гэтыя павінны быць узмоцнены”, – прызываў аўтар артыкула. І далей ён папярэджвае: ”Партыя змагалася і будзе змагацца з тымі, хто імкнецца затрымаць гэтыя тэмпы, але, разам з гэтым, партыя рашуча біла і будзе біць па тых, хто бюракратычна, унтэр-прышыбееўскім метадам будзе праводзіць калектывізацыю, не арганізуючы для гэтага батрацка-бядняцкія і серадняцкія масы”.

Трэба адзначыць, што калі ў 1929 годдзе ў раёне было абагульнена толькі 2% сялянскіх гаспадарак, то ў наступным – паказчык узрос да 37,1%, а ў 1931 годзе гэты працэс наогул завяршыўся. Такім чынам можна сцярджаць, што “Трактар” выканаў ускладзенную на яго місію, а на наперадзе ўжо чакалі новыя імклівыя перамены, таму і абліччу газеты патрэбна было адпавядаць патрабаванням часу.

“Ударнік Койданаўшчыны”

У 1928 годзе ў СССР быў прыняты першы пяцігадовы план развіцця народнай гаспадаркі, які прадугледжваў вывад эканомікі краіны на новы, больш высокі ўзровень. Як адзначалася ў партыйных дакументах, гэта была эпоха “вялікага пералому”. У той перыяд сродкі масавай інфармацыі шырока прапагандавалі будаўніцтва прамысловых аб’ектаў, якія павінны былі вывесці СССР у лік індустрыяльна развітых дзяржаў. Мільёны людзей, мабілізаваныя па закліку партыі, самаахвярна, амаль уручную узводзілі сотні заводаў, электрастанцый, пракладвалі чыгуначныя магістралі. Уздым народных мас быў настолькі вялікім, што напружаныя планы “пяцігодкі” яны выканалі датэрмінова. Для азначэння працоўнага гераізма перадавікоў вытворчасці папулярнасць у тыя гады атрымала слова “ударнік”. Невыпадкова, што яно з’явілася ў наступнай назве раённай газеты.

Курсы механізатараў Койданаўскай МТС. 1931 год. Здымак з газеты “Ударнік Койданаўшчыны”.

Першы нумар “Ударніка Койданашчыны”,  органа райкома КП(б)Б, райвыканкама і райпрафсавета, з’явіўся 20 студзеня 1931 года. Як сведчыла паведамленне ў каланцітуле, яе выхад планаваўся адзін раз у дэкаду, альбо тры разы на месяц. Адзін асобнік каштаваў 3 капейкі, падпісная цана на год – 1 рубель 20 капеек. Першая старонка адкрывалася рэдакцыйным артыкулам “Пастановы пленуму ЦК і ЦКК – у масы!” У адпаведнасці са сваімі рэгіянальнымі задачамі “Ударнік Коўданаўшчыны” не мог абыйсці ўвагай і такое важнае пытанне, як правядзенне калектывізацыі ў раёне. Пра гэта сведчылі і назвы артыкулаў: “Бальшавіцкай падрыхтоўкай веснавой пасяўной кампаніі забяспечым выкананне плану калектывізацыі”, “Наш рост. (разгортванне калгаснага руху па раёне)”. Калгасным справам быў прысвечаны і допіс “План пасеву – да кожнага калгасніка, саўгасніка, адзінаасобніка”. Побач змешчана паведамленне “Рыхтуемся да рабселькораўскай нарады”. Старонка ілюстравана калажам – на фоне помніка Леніну з новабудоўляўмі змешчаны крупным планам рабочы, які пераводзіць штурвал на трэці год пяцігодкі. Такім чынам выразна праглядалася, што газета працягвала вытрымліваць строга азначаны ідэалагічны курс партыі.

Пачынаючы з 7 лістапада 1931 да чзрвеня 1932 года  “Ударнік Койданаўшчыны” стаў дататкова друкавацца на польскай мове пад назваю “Штурмовец Койданаўшчызны”. Справа ў тым, што ў гэты час ішла падрыхтоўка да стварэння новай тэрытарыяльна-адміністрацыйнай адзінкі – польскага нацыянальнага раёна. У гэту работу і падключыўся польскамоўны варыянт  “Ударніка Койданаўшчыны”. Аднак далейшае развіццё падзей у раёне зноў унесла карэктывы ў назву газеты.

“Ударнік Дзяржыншчыны” (“Штурмовец Дзяржыншчызны”)

15 сакавіка 1932 года Койданаўскі раён быў пераўтвораны ў Койданаўскі нацыянальны польскі раён. А 29 чэрвеня 1932 года Прэзідыум ЦВК СССР задаволіў хадайніцтва Прэзідыума ЦВК БССР аб перайменаванні Койданава ў горад Дзяржынск і, адпаведна, Койданаўскага раёна ў Дзяржынскі. Такім чынам, газета вымушана змяніць назву. З 90-га нумара яна пачала друкавацца як “Ударнік Дзяржыншчыны”, яе польскамоўны варыянт – “Штурмовец Дзяржыншчызны” выдаваўся для жыхароў 10 польскіх нацыянальных саветаў. Агульны тыраж двух газет складаў да 5000 экземпляраў. Усяго было выдадзена 162 нумары.

Рэдактарамі газеты ў розныя гады працавалі Я. Рохавіч, Я. Клыс, Я. Кірштэйн, В. Раманоўскі. Адказнымі сакратарамі – Казіміра Дышлёнак і А. І. Ліперт. Свае допісы ў газету дасылала і Гэлена Раманоўская – жонка вядомага беларускага паэта і нашага зямляка Станіслава Пятровіча Шушкевіча.

Трэба адзначыць, што гэта было не адзінае друкаванае выданне на тэрыторыі раёна. Пасля выхаду пастановы ЦК ВКП(б) ад 18 студзеня 1931 года ”Аб сельскім раённым і нізавым друку”  павялічылася колькасць шматтыражак, якія ствараліся пры палітаддзелах ці рабачкомах і асвятлялі падзеі непасрэдна ў працоўных калектывах. Так, вядомы такія газеты, як  “Ленінскі шлях”, якая выдавалася ў свінсаўгасе “Негарэлае”, “Свярдловец” – у свінсаўгасе імя Свярдлова, “Бальшавіцкі шлях” – пры Дзяржынскай МТС, “Ударнік саўгаса” – у саўгасе “Вязань-Фаніпаль”, “Сталінец” – у свінсаўгасе імя Сталіна. Усе яны выходзілі ў друкарне газеты “Ударнік Дзяржыншчыны”. У пачатку 1930-х гадоў у райцэнтры пачаў працаваць раённы трансляцыйны радыёвузел. Адным з першых загадчыкаў Дзяржынскага радыёвяшчання быў Міхаіл Ісакавіч Ключ.

Апошні  нумар “Штурмоўца Дзяржыншчызны” з’явіўся 21 снежня 1935 года. Газета была забаронена ў сувязі з тым, што Польша пачала наладжваць сувязі з фашысцкай Германіяй. Гэта выклікала падазронасць з боку кіраўніцтва СССР. У канцы лета 1937 года народны камісар Унутранных Спраў СССР Мікалай Яжоў выдаў аператыўны загад “Аб поўнай ліквідацыі асабовага складу польскай агентурнай разведкі, якая дзейнічала ў СССР”. Па сфабрыкаванай справе аб дзейнасці “Польскай арганізацыі вайсковай” пачаліся масавыя арышты, у тым ліку і на тэрыторыі Дзяржынскага польскага нацыянальнага раёна. Па абвінавачванні ў шпіянажы былі рэпрэсаваны амаль усе супрацоўнікі “Ударніка Дзяржыншчыны”. Газета спыніла сваё існаванне 2 жніўня 1937 года. А 22 жніўня 1937 года выйшла пастанова ЦК КП(б)Б “Аб ліквідацыі Дзяржынскага раёна”. Так скончыўся “польскі эксперымент” на тэрыторыі Беларусі.

“Ленінская праўда”

Дзяржынскі раён, як самастойная адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Мінскай вобласці, аднавіў сваю дзейнасць 4 лютага 1939 года. Для выхаду раённай газеты спатрэбіўся пэўны час, каб набраць калектыў рэдакцыі. Пасля амаль што трох з паловай гадовага перапынку, яна нарэшце зноў выйшла з друку 22 студзеня 1941 года. Як раз у дні памяці У. І. Леніна, таму, магчыма, гэта падзея і паўплывала на яе новую назву – “Ленінская праўда”. Побач з каланцітулам надрукавана невялікая застаўка наступнага зместа: “21 студзеня 1924 года памёр Владзімір Ільіч Ленін. 17 год без Леніна па ленінскаму шляху, пад кіраўніцтвам таварыша Сталіна, ВКП(б), увесь савецкі народ, выконваючы ленінскія заветы, будуе камуністычнае грамадства, умацоўвае абаронную магутнасць сацыялістычнай радзімы. Пад сцягам Леніна-Сталіна наперад, да новых перамог камунізма!”

Нарада сакратароў пярвічных камсамольскіх арганізацый Дзяржынскага раёна. 1946 год. Здымак з газеты “Ленінская праўда”

Газета “Ленінская праўда” выходзіла да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Яна шырока асвятляла пытанні гаспадарчага і культурнага жыцця раёна, паказвала дасягненні працоўных Дзяржыншчыны ў выкананні планаў трэцяй пяцігодкі. У рэдакцыі пэўны час працаваў літсупрацоўнікам, а потым і рэдактарам Уладзімір Сцяпанавіч Амельянюк. За мужнасць і адвагу, праяўленную ў гады Вялікай Айчыннай вайны, яму пасмяротна было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Падпольная партызанская тыпаграфія газеты “Ленінская праўда”.

Ва ўмовах фашыскай акупацыі “Ленінская праўда” аднавіла сваю дзейнасць 12 верасня 1943 года. Друкарня была створана на базе партызанскага атрада “25 год Кастрычніка”, потым у партызанскай брыгадзе імя К. К. Ракасоўскага, якая дзейнічала ў Станькаўскім лесе. Рэдактарам выдання з’яўляўся Віктар Іванавіч Яблашэўскі, яму дапамагала яго жонка Ганна Маркаўна. Усяго за ваенны час выйшла 44 нумары. Газета выходзіла фарматам лістоўкі і друкавалася з двух бакоў. Яе тыраж вагаўся, у залежнасці ад наяўнасці паперы, ад 200 да 400 экзэмпляраў.

Пасля вызвалення раёна ад нямецка-фашыскіх акупантаў “Ленінская праўда” выйшла з падполля і працягвала сваю дзейнасць. Яе па-ранейшаму ўзначальваў В. І. Яблашэўскі. Рэдакцыя знаходзілася па вуліцы 1-ай Ленінскай, насупраць ваенкамата. У склад рэдкалегіі ўваходзіла 5 літсупрацоўнікаў. Сярод іх некаторы час працавала Арыядна Казей, якой пазней было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы. Дзяржынская раённая газета, бадай, адзінае на Беларусі выданне, дзе працавалі два будучых Героя.

У жніўні 1953 года на пасаду рэдактара Дзяржынскай раённай газеты “Ленінская праўда” была прызначана Фёкла Еўціхіеўна Гук, якая к гэтаму часу скончыла Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ. Пры ёй рэдакцыя умацавала сваю матэрыяльную базу і набыла папулярнасць сярод чытачоў. Да 1954 года “Ленінская праўда” выходзіла на дзвюх палосах 1 раз у тыдзень, а з 1-га лютага 1954 года, як і іншыя раённыя газеты, перайшла на выхад 3 разы ў тыдзень. Намеснікамі рэдактара ў гэты час працавалі Міхась Замскі і Барыс Кацман.

З мая 1962 года, у сувязі са стварэннем тэрытарыяльна-саўгасных упраўленняў, у Беларусі сталі выходзіць міжраённыя газеты. “Ленінская праўда” была аб’яднана са Стаўбцоўскім “Праменем” і зноў прыпыніла сваю дзейнасць.

(Працяг будзе)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *