Понедельник, Сентябрь 16Дзержинский район: новости - афиша - реклама

Кляноўка шумна і весела адзначыла свята вёскі

Шырокая асфальтаваная вуліца, дагледжаныя дамы сучаснай архітэктуры, акуратныя газоны на прыдамавых тэрыторыях, побач прыпаркованыя машыны – ужо нічога не нагадвае пра колішняе парабчанскае паселішча, утворанае на месцы былога маёнтка Вільшчына графаў фон Гутэн-Чапскіх. Зараз – гэта вёска Кляноўка Станькаўскага сельскага Савета. У мінулую суботу яго жыхары правялі святочныя мерапрыемствы, каб аддаць даніну павагі сваёй малой радзіме.

Гістарычная даведка: Вёска Кляноўка бярэ свой пачатак з маёнтка Вільшчына, які належыў графам фон Гутэн-Чапскім. У 1926 годзе – 7 двароў, 75 жыхароў. У час калектывізацыі арганізаваны калгас імя Тэльмана. У 1960 годзе 131 жыхар, у 1991 годзе – 69 жыхароў. Вёска уваходзіла ў склад калгаса імя Леніна, зараз – частка філіяла “Пяцігор’е” ААТ “Агракамбінат “Дзяржынскі”.

Першыя пасяленцы з’явіліся тут у пачатку 1920-х гадоў, калі графскія парабкі атрымалі ўласныя кавалкі зямлі і нарэшце змаглі адчуць сябе гаспадарамі. Таму сучасныя жыхары населенага пункта небезпадстаўна лічаць сябе нашчадкамі савецкай улады, якая дапамагла іх продкам устаць на ногі і пачаць будаваць новае жыццё. Магчыма, у гэтай сувязі на пляцоўцы, дзе праходзілі ўрачыстасці, быў замацаваны вялікі партрэт правадыра першай у свеце сацыялістычнай рэвалюцыі Уладзіміра Леніна. Адчувалася, што удзельнікі мерапрыемства неабыякава ставацца да свайго мінулага, бо каля выставы з краязнаўчай літаратурай пра Дзяржыншчыну і родны край, якую падрыхтавала загадчыца Станькаўскай бібліятэкі Наталля Каспорская, увесь час групаваліся людзі. Для стварэння святочнага настрою пастараліся і спецыялісты Станькаўскага Дома культуры на чале з загадчыцай Верай Пракапчук.

Падобныя мерапрыемствы – добрая нагода, каб адчуць, у якім рытме працуюць мясцовыя сельвыканкамы па забеспячэнні неабходнымі ўмовамі для пражывання ў сельскай глубінцы. Таму на свята завітаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Саракач. “Для нас гэта сваеасаблівая форма работы з жынарамі малых вёсак. Людзі, якія пражываюць воддаль ад буйных населеных пунктаў, таксама патрабуюць увагі, – падзяліўся думкамі Аляксандр Іванавіч. – Таму для мясцовай улады – гэта выдатная магчымасць зрабіць больш прывабнымі вуліцы і прыдамавыя тэрыторыі, аб’яднаць вяскоўцаў на добрыя справы, а галоўнае – напомніць ім пра іх карані, выказаць удзячнасць тым, хто сваёй працавітасцю ўслаўляў малую радзіму”.

Адкрываючы свята вёскі, старшыня раённага Савета дэпутатаў павіншаваў усіх прысутных з падзеяй і выказаў падзяку тым, хто зрабіў свой узнёсак у агульныя намаганні.

– Усё вялікае пачынаецца з малога, таму любіце свой дом, вуліцу, вёску, любіце краіну, і гэтыя светлыя пачуцці вернуцца да вас, – такім заклікам завяршыў прамову Аляксандр Саракач.

У сваім прывітальным звароце да жыхароў Кляноўкі старшыня Станькаўскага сельвыканкама Франц Кандратовіч узгадаў цікавы факт: зараз вёска налічвае 50 домаўладанняў, у якіх пастаянна прапісана каля шасцідзесяці жыхароў. А вось па колькасці доўгажыхароў яна займае лідзіруючае становішча ў сельскім Савеце. Невыпадкова, што на свяце першымі для ўшанавання запрасілі доўгажыхароў – заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Надзею Іванаўну Грыневіч, былую настаўніцу Эмілію Раманаўну Юран і ветэрана працы Ядвігу Ігнацьеўну Каралінскую. Іх віталі цёплымі словамі віншаванняў, кветкамі і падарункамі Аляксандр Саракач, Франц Кандратовіч і першы сакратар раённай арганізацыі ГА “БРСМ” Аляксандра Пракапчук.

95-гадовая Эмілія Юран – жывая гісторыя вёскі, таму ў сваіх успамінах яна з хваляваннем расказала пра гады юнацтва, як набывала адукацыю ў школе сялянскай моладзі, створанай на месцы былога графскага маёнтка. У гады вайны Вільшчына згарэла, а жыхары разбудаваўшайся вёскі вырашылі адмовіцца ад былой назвы і на агульным сходзе ў 1961 годзе перайменавалі месца свайго жыхарства ў Кляноўку. Гэтыя прыгожыя дрэвы ў той час здалёк вабілі вока пры падыходзе да населенага пункта. Праўда, зараз ад той алеі засталіся адзінкавыя экзэмпляры.

Тэма краязнаўства і любові да роднага краю была галоўнай у выступленнях загадчыцы Станькаўскай бібліятэкі Наталлі Каспорскай і старасты вёскі Кляноўка Тамары Бірыла. Яны разам па крупінках збіралі звесткі пра мінулае вёскі, старыя фатаграфіі, артыкулы ў газетах, успаміны ветэранаў, а потым аформілі гэты матэрыял у кнігу. Атрымалася змястоўнае выданне, якое выклікала цікавасць сярод удзельнікаў свята. Дарэчы, Тамара Бірыла, за актыўную грамадскую дзейнасць, была ўзнагароджана Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў. У конкурсе на лепшы падворак вёскі Кляноўка перамогу атрымала домаўладанне Івана Кузіна.

А якоя ж свята можна ўявіць без музычнага суправаджэння. Вялікую канцэртную праграму падрыхтавалі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Станькаўскага ДК. Анастасія Станько і Алена Жукоўская не толькі выступалі ў ролі вядучых, але і атрымалі шмат апладысментаў як выканаўцы песень. Аляксандра Пракапчук, пасля завяршэння афіцыйных паўнамоцтваў, таксама заняла месца на сцэне. Разам з матуляй Верай Эдвардаўнай, сямейным дуэтам і паасобку, яны сваім артыстызмам падарылі шмат станоўчых эмоцый гледачам. Пастараліся і самадзейныя артысты Забалацкага ДК. У выкананні групы “Reg Time” прагучалі джазавыя кампазіцыі. Выдатныя музычныя здольнасці прадэманстравалі і іншыя салісты ўстановы культуры.

Кожная музычная імправізацыя і высокае выканаўчае майстэртва не давалі сумаваць гледачам, і ўрэшце рэшт месца каля сцэны ператварылася ў масавую танцпляцоўку. Танчылі і дзеці, і маладыя, і людзі старэйшага ўзросту. А гэта значыць, што свята адбылося. Ад імя жыхароў вёскі падзяку арганізатарам мерапрыемства і культработнікам выказаў Георгій Добыш.

                                                        Віктар УРАНАЎ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *