Среда, Июль 24Дзержинский район: новости - афиша - реклама

“Койданаўшчына вясковая”. Зямля маіх продкаў

Працягваем друкаваць даследванне Валянціна Калечыца, які з дапамогай архіўных матэрыялаў адрадзіў невядомую старонку з жыцця вясковай Койданаўшчыны. На яе тэрыторыі, па ацэнках даследчыка, у XVI-XVII стагоддзях налічвалася звыш пяцідзесяці засценкаў, дзе пражывала шляхта, таму гэты край без перабольшання можна назваць шляхецкім.

Заняткі і побыт насельніцтва ў XVIIXVIII стагоддзях

Вёска Макаўчыцы працягвала папаўнялася новымі людзмі і пазней, на працягу ўсяго XVII стагоддзя. Часткова яно павялічвалася за кошт новых жыхароў, якія перасяліліся з іншых месцаў. Так, напрыклад, заснавальнікі роду Калечыцаў  пераехалі з Наваградскага павета. Адтуль ж з’явіліся Здановічы, а таксама, па ўсёй верагоднасці, Сніткі, Зарубы, Коты і Мамчыцы. Сярод новых прозвішчаў узгадваецца Рысевіч. У 1620 годзе ў вёсцы жылі саладоўнікі кальвінскай плябаніі Кісялевіч і Дарашэвіч. Сваякі першага, Кісялі, сустракаюцца і сярод навакольных зямян-шляхты. Старых путных баяр да сярэдзіны XVII стагоддзя канчаткова перавялі на чынш. На вольнай ад падаткаў зямлі жыў Анісім Дарашэвіч, цівун суседняга фальварка Вертнікі. Там жа вёў гаспадарку і цівун крычкаўскі. Побач з асноўнымі валокамі сяла Макаўчыц існавалі засценкі, зямлёй у якіх карысталіся мясцовыя жыхары. Так, за лістам Яго Міласці князя трымаў зямлю гайдук Іван Барысовіч з роду макаўчыцкіх путных баяр. Сенажаці на балоце мелі Зяневіч, Галубовіч і Катовіч. Калечыцы трымалі нарэз „на Верташках у Сцюдзенца“, сенажаці на асаблівым плацу ў Цішкавым Бродзе і купіну „ад Гаю і да Чэрнікоўшчыны“. На Падгор’ю сядзелі Голуб, Лукашэвіч, Кішка і Грыневіч.

Наступны інвентар койданаўскай маётнасці складаўся ў 1648 годзе. У Макаўчыцах аселі Мірановіч, Пракаповіч, Шпіль.  Прадстаўнікі гэтых прозвішчаў пазней таксама фігуруюць у мясцовым шляхецкім асяроддзі.  Войтам у той час быў Лявон Вягера. Саладоўнікам служыў Еўтуховіч. У засценку на Ўлотаўцы асеў Міхал Дземідовіч, які набыў зямлю ад Калечыцаў за 18 коп літоўскіх грошаў. Да 1668 года узяў у трыманне пустую валоку ў Макаўчыцах Ян Філіповіч, генерал ці возны Менскага ваяводства. Ян Філіповіч гербу Праўдзіч паходзіў з сям’і Самуэля Філіповіча, райцы Віленскай магдэбургіі, і Рэгіны, дачкі Яна Васільевіча Кастравіцкага. З гэтай сям’і выйшлі такія славутыя асобы, як Міхал Самуэлевіч Філіповіч, скарбнік Мсціслаўскі, гараднічы Рэчыцкі і суддзя гродскі Мінскага ваяводства, яго браты –  Базыль, стольнік Рэчыцкі і Даніэль-Казімір Філіповіч, абозны Менскі і ротмістр каралеўскіх войскаў. Акрамя валокі ў Макаўчыцах, Ян Філіповіч трымаў зямлю і ў іншых вёсках Койданаўскага графства.

У 1669 годзе макаўчыцкім войтам служыў Улас, яшчэ адзін прадстаўнік мясцовага роду Барысовічаў. У ваколіцах за лістам князя Багуслава Радзівіла карыстаўся зямлёй пан Ян Дземідовіч, відавочна, сваяк згаданага ў 1648 годзе Міхала. Пазней Дземідовічы фігуруюць у якасці койданаўскіх зямян-шляхты. Верагодна, да гэтага роду адносіліся і Дземідовічы –прыхажане (абшчыннікі) койданаўскага касцёлу ў XVIII стагоддзі. Іх нашчадкі рабілі вывад шляхецтва ў Менскай дваранскай зборні і называліся Дземідовічамі-Ваўчэцкімі гербу Габданк. Пасаду макаўчыцкага войта ў 1670-1673 гадах зноў займаў Лявон Вягера. Акрамя гэтага, у інвентары 1673 года ў яго пазначаны памочнік –  падвойскі Станіслаў Казлоўскі. У 1678 годзе сярод жыхароў запісаны Васіль Шот, гайдук. Шотамі ў Вялікім Княстве Літоўскім менавалі мігрантаў з Шатландыі, якіх вялікая колькасць сялілася на землях Радзівілаў і служыла ў іх войску.

У 1679 годзе сярод макаўчычан пазначаны кухар Якуб Ванькоўскі і саладоўнік Мікалай Калечыц.  Лявон Вягера, былы войт, выконваў гайдуцкую службу. Дворным гайдуком ён быў яшчэ ў 1682 годзе. Войтам макаўчыцкім ў 1679 годзе запісаны Тэадор Калечыц, падвойскім – Савасцей Шацілка з мясцовага шляхецкага роду Шаціл гербу Шрэнява. Тэадор Калечыц жыў яшчэ ў 1721 годзе, калі быў запісаны ў ліку зямян Койданаўскага графства і трымаў разам з зяцем Лукашам Паўлоўскім зямлю Яцукоўшчына каля Заберажжа. У 1679 годзе ў Макаўчыцах жылі таксама цівун суседняга фальварку Уса Міхал Кот, цясляр Тур і асочнік (займаўся падрыхтоўкай паляванняў і прымаў удзел у лясной ахове) Козел. Згодна з павінасцямі, жыхары Макаўчыц мусілі,сярод іншага, „на аблавы да пушч койданаўскіх хадзіць“. На працягу XVII-XVIII стагоддзяў асобныя сем’і перасяляліся ў мястэчка, дзе папаўнялі шэрагі койданаўскага мяшчанства. З 1695 па 1744 гады Макаўчыцы ўваходзілі ў так званыя Нойбургскія маёнткі, якія складалі сваеасаблівы анклаў на тэрыторыі ВКЛ і фармальна належалі Пфальц-Нойбургскаму Дому.

Веравызнанне.

У канцы XVI-XVII стагоддзяў Койданаў з яўляўся аднім з аплотаў кальвінізму ў Вялікім Княстве Літоўскім. Яго ўладальнікі, прадстаўнікі Біржанскай галіны Радзівілаў, былі адданыя прыхільнікі пратэстантызму. З нагоды гэтага ў іх маёнтках утвараліся пратэстанцкія абшчыны, у якія нярэдка ўваходзіла значная частка мясцовага насельніцтва. У інвентарах Койданава прыгадваюцца рыма-каталіцкі касцёл і кальвінскі збор. Як бачна з метрычных кніг, да другой трэці XVIII стагоддзя прыхаджанамі касцёлу з’яўлялася няшмат мясцовых ураджэнцаў. У канцы XVI-XVII стагоддзяў большасць іх вызнавала менавіта пратэстантызм. Пачынаюцы з сярэдзіны XVII стагоддзя колькасць дробнай шляхты, мяшчан і сялян у кальвінскіх метрычных кнігах хутка змяншаецца. У інвентарах няма інфармацыі пра існаванне ў Койданаве праваслаўнай (грэцкай) царквы, але, відавочна, у XVII стагоддзі ў мястэчку з явілася брацтва, да якога ў другой палове XVII стагоддзя належалі нядаўнія кальвіністы. У метрыках койданаўскага кальвінскага збору  XVII стагоддзя сустракаюцца наступныя прозвішчы жыхароў Макаўчыц: Пахом, Заруба, Лукашэвіч, Дамброўскі, Калечыц, Тур, Кушнер, Шыпуля, Мамчыц. Пахомы, ці Пахамовічы, якія таксама адносіліся да дробнай шляхты. У 1670 годзе Юры Пахамовіч пазначаны ў кальвінскіх кнігах папом койданаўскім. Павел Тур быў званаром кальвінскага збору. Сярод жа макаўчыцкіх каталіцкіх парафіян у 1660-1670-я гады сустракаюцца Куль, Букар, Калечыц (іншы прадстаўнік роду).


Кальвінізм – адна з галоўных плыняў пратэстантызму, заснаваная французскім юрыстам Жанам Кальвінам у XVI стагоддзі. Яго прыхільнікі лічылі Біблію адзінай крыніцай веры і прапаведавалі прадвызначанасць чалавечага лёсу. Згодна кальвінісцкаму вучэнню Бог наперад вызначае, каго з людзей выбраць на ўратаванне, а каго на пагібель. Але чалавек павінен верыць, што менавіта яму прадвызначана Боская выбранасць, а таму такі давер яму патрэбна падцвярджаць працалюбствам і паслухмянасцю. У ВКЛ актыўнымі паслядоўнікамі кальвінізма сталі Мікалай Радзівіл Чорны і Мікалай Радзівіл Руды і іх нашчадкі.


Наступная змена канфесійнай прыналежнасці койданаўцаў настала ў 1703 годзе. Сярод дакументаў архіва ўніяцкіх мітрапалітаў прыгадваецца прашэнне „цэлай воласці койданаўскай далучыцца да Ўніі“. Уніятамі сталі большасць былых пратэстантаў і праваслаўных. Іншыя сталі прыхаджанамі рыма-каталіцкага касцёлу. Сярод апошніх у каталіцкіх метрычных кнігах у 1720-я гады сустракаюцца макаўчыцкія прозвішчы Кот, Шапыка, Мышка, Харлап, Тур, Ключнік, Кручкоўскі, Калечыц, Гармаза, Заруба. У наступныя часы асноўная колькасць грамады Макаўчыц перайшла да ўніятаў.


Уніяцтва – гэта рэлігійная плынь, заснаваная на саюзе (уніі) праваслаўнай і каталіцкай канфесій пры падпарадкаванні яе папе рымскаму, але з захаваннем традыцый рэлігійнага культа і выкарыстання мясцовай мовы для набажэнстваў. У Вялікім Княстве Літоўскім такое аб’яднанне адбылося пасля Берасцейскай уніі ў 1596 годзе. Пасля далучэння ВКЛ да Расійскай дзяржавы працэс распаўсюджвання уніяцтва на беларускіх землях прыпыніўся. У 1839 адбыўся Полацкі сабор, які прыняў рашэнне аб далучэнні ўніятаў да Рускай Праваслаўнай Царквы.


Да канца XVIII стагоддзя колькасць служылых людзей у Макаўчыцах змяншалася, адміністратары Койданаўскага графства замянялі чыншавыя абавязкі цяглымі з пераводам жыхароў на паншчыну. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай па расейскай рэвізіі 1795 г. насельніцтва Макаўчыц было залічана ў склад прыгонных сялян. Сярод іх былі і новыя макаўчыцкія сем’і, верагодна, паходзячыя з дробнай шляхты: Грыгаровічы, Пазнякі, Янкоўскія, Быстрымовічы. На пачатку XIX стагоддзя асобныя сем’і яшчэ намагаліся адшукаць асабістую вольнасць ад прыгоннай залежнасці. Сярод іх Козелы, Будаі, сваякі якіх прымалі ўдзел у менскіх сойміках; Дрэкі, сваякі якіх былі зямянамі і служылі ў Койданаўскай казацкай  харугве, што ўваходзіла ў прыватнае войска Радзівілаў; Гармазы, Татарыцкія, Барысовічы (Барысевічы). Шляхецкае і служылае паходжанне мелі наступныя пералічаныя роды, прадстаўнікі якіх у розныя часы  мелі аселасць у Макаўчыцах: Кулі, Зарубы, Марозы, Лукашэвічы, Калечыцы (Калячыцкія), Здановічы, Сніткі, Кісялі, Кішкі, Мецежы, Туры, Пахамовічы, Мамчыцы. Вольнасць жыхары Макаўчыц атрымалі ў 1831 г. разам з былымі койданаўскімі мяшчанамі, калі Койданаўскі маёнтак пасля паўстання быў перададзены ў скарб Расійскай дзяржавы.

                                               Да друку падрыхтаваў Віктар УРАНАЎ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *