Пятница, Сентябрь 21Дзержинский район: новости - афиша - реклама

“Парк гісторыі Сула”: акно ў мінулае

Самае дарагое, што дастаецца чалавеку – спадчына. Кожны з нас павінен яе ведаць, захоўваць і шанаваць, а таксама не спыняцца на тым, што маем, а рабіць яе яшчэ больш прыгожай, разнастайнай і дзівоснай. Беларусь славіцца цудоўнымі краявідамі і велічнымі гісторыка-архітэктурнымі помнікамі розных стагоддзяў. Адзін з іх – маёнтак Сула, які пачаў сваю цікавую гісторыю яшчэ ў ХVІ стагоддзі, а зараз ператварыўся ў сапраўдны парк гісторыі.

Сула ў старажытнасці

Недалёка ад Мінска (у 49 км) сярод беларускіх лясоў на маляўнічым беразе аднайменнага возера раскінуўся інэрактыўны сядзібна-паркавы комплекс “Парк гісторыі Сула”. З нядаўняга часу ён гасцінна сустракае гасцей, якія трапляюць на тэрыторыю ў суправаджэнні коннага эскорту пад мілагучныя мелодыі дуды. З першых крокаў сціраюцца межы паміж мінулым і сучасным і мы апыняемся ў далёкіх часах XVI стагоддзя, дзе ў паветры блукае дух шляхецтва.

Землі Сулы ў XVI стагоддзі адносіліся да каралеўскіх. Стэфан Баторый, дарэчы самы адукаваны на той час кароль Польшчы і князь Вялікага Княства Літоўскага, падараваў іх Міхаілу Байбузе. У 1590 годзе Сула перайшла да князя Аляксандра Вішнявецкага, затым – да Радзівілаў. З канца XVIII стагоддзя маёнтак стаў уласнасцю Паўла Ленскага, старасты Любанскага, кавалера ордэна Св. Станіслава, і яго нашчадкаў.

Сядзіба будавалася ў пачатку XIX стагоддзя Ленскімі ў стылі класіцызму. Уключала сядзібны дом, пейзажны парк з вялікім штучным вадаёмам, капліцу-пахавальню, млын на ручаі, спіртзавод, лядоўню, сад, аранжарэю, агарод, дашчаную вяндлярню і гаспадарчы двор. Жылы дом размяшчаўся ў глыбіні сядзібы. У плане ён быў прамавугольны, выцягнуты (каля 40 метраў), аднапавярховы з невысокім чатырохсхільным гонтавым дахам. Дом меў два салоны: вялікі – з боку паркавай тэрасы і малы – са столлю, распісанай Зянонам Ленскім на мяжы XX стагоддзя. У салонах захоўваўся збор мастацкіх (па большай частцы – французскіх) каштоўнасцей.

Сядзібны парк закладзены ў пейзажным стылі на плошчы 5 га. Добра прасочваецца парадны партэр у выглядзе квадрата з вялікім, крыху заніжаным кругам у цэнтры. З бакоў партэр ахоплены дрэвамі явара, клёна, бярозы.

Спуск да параднага двара па параўнальна высокай тэрасе да р. Сула, на якой быў зроблены вадаём, уяўляў сабой газон. Адкрытасць забяспечвала маляўнічасць дзівосных перспектыў і візуальна расшырала прастору невялікага сядзібнага парку. Асноўным архітэктурным акцэнтам паўднёва-заходняй яго часткі з’яўлялася капліца, зробленая ў выглядзе ратонды і пабудаваная па тыпу антычных храмаў. Выконвала ролю фамільнай пахавальні, з боку ўваходу мела выгляд паркавай альтанкі. Паркавая кампазіцыя дапаўняецца невялікім крынічным вадаёмам, ад якога струменілі, пераадольваючы створаныя з валуноў перашкоды, невялікія вадаспады.

Маляўніча вырашаны пад’язны шлях да сядзібы. Яго пачатак праходзіць па былым Кацярынскім тракце (Рубяжэвічы – Волма). Пасля Рыжскага мірнага дагавора 1921 года ўздоўж тракту прайшла дзяржаўная мяжа, што раздзяліла землі маёнтка на дзве няроўныя часткі. Уязная алея вядзе з паўднёвага боку маёнтка да сядзібнага дома, перасякаючы ўзгорыстую маляўнічую мясцовасць.

Уезд на парадны двор фіксаваўся брамай з агароджай, да якой прымыкала стайня выязных коней з вазоўняй на вялікім склепе. Далей за домам стаяла аранжарэя ў акружэнні агарода з ягаднымі кустамі. Да агарода прымыкаў невялікі сад.

Гаспадарчы двор займаў паўднёва-заходнюю частку сядзібы. Двор у цэнтры са студняй і вазоўняй акружалі шматлікія будынкі, свіран, канюшня, стайня рабочых коней, кузня і стальмашня, сыраварня, жылы флігель (разабраны ў 1992 годзе).

Сядзібна-паркавы комплекс “Парк гісторыі Сула”: наш час

Калі б вы зазірнулі ў гэтыя мясціны колькі дзясяткаў гадоў таму, то, акрамя напалову разбураных будынкаў і зямлі, парослай хмызняком і травою, вы б тут больш нічога не ўбачылі.

Але ў 2006 годзе з’явіўся чалавек, які вырашыў, што менавіта тут ён і будзе адраджаць беларускую гісторыю. І вось, уклаўшы сюды сэрца і душу, крок за крокам, Андрэю Запольскаму ўдалося стварыць сядзібна-паркавы комплекс, які ганарова называецца “Парк гісторыі Сула”. Сёння сюды наведваюцца многія тысячы гасцей. Акрамя неверагоднай прыгажосці краявідаў, тут таксама прапануецца адукацыйны праект пад назвай “10 000 гадоў беларускай гісторыі”. Па прыступках, пачынаючы ад эпохі палеаліта, наведвальнікі падымаюцца ўсё вышэй і вышэй і даходзяць да таго часу, калі ў XVIII стагоддзі гэтай сядзібай валодалі паны Ленскія – чацвёрты род у Мінскай губерніі па сваёй заможнасці – і жылі тут да самай сярэдзіны XX стагоддзя.

У сядзібе вам даецца непаўторная магчымасць паглыбіцца ў беларускую гісторыю і стаць яе самым актыўным удзельнікам. Вы завітаеце ў рэканструяваны кромлех, адчуеце моцную энергетыку камянёў – “старцаў” з нанесенымі на іх сакральнымі знакамі, загадаеце жаданне, якое абавязкова збудзецца. Па сцяжынцы мегалітычнай культуры наведаеце першую і адзіную пляцоўку язычніцтва  –  месца пакланення не толькі Багам, але і акаляючым нас фетышам: дрэвам, камяням-дзядам і сімвалу сямейнага багацця і дабрабыту – агню. А на ўзбярэжжы ракі сваёй таямнічасцю вабіць да сябе капішча-пляцоўка, на якой, па легендзе, праводзіліся розныя магічныя абрады і рытуалы. І кожны госць становіцца ўдзельнікам аднаго з іх.

Пералістваючы наступную старонку гісторыі, вы незаўважна для сябе станеце сведкамі жыцця паўночнага народа – вікінгаў – з іх цікавымі побытам і культурай, а ўражанні ад катання на дракары не пакінуць вас яшчэ доўгі час.

Няспешна нясе свае воды рэчка Сула, упадаючы ў маляўнічае і жывапіснае возера, сярод спакойнай прыгажосці непаўторных краявідаў маёнтка і некранутасці трохсотгадовага парка раслін, прывезеных некалі сюды з розных краін апошнімі ўладальнікамі гэтых зямель Ленскімі. Рухаючыся па стужцы часу, вы наведаеце сярэднявечны квартал са збройнай майстэрняй, дзе пад своеасаблівую музыку молата і накавальні вы разам з майстрам выкуеце наканечнік на стралу і атрымаеце ў яго падарунак. Сцяжынка гісторыі заводзіць нас у гатычны сярэдневечны замак, у будаўніцтве якога прымаюць удзел і госці.

Пахадзіўшы па брукаваных сцяжынках сядзібы, наведаўшы старажытны парк, вам захочаца застацца тут пераначаваць. Інтэр’еры мінулага незвычайных атэляў, непаўторнае аздабленне нумароў, каваная мэбля на тэрыторыі, партрэты князёў беларускай шляхты, катанне на фаэтоне, рыбалка на беразе возера, аглядавыя экскурсіі на верталёце, рэстараны этнічнай кухні, зала шляхецкай славы Каралеўская асамблея – усё гэта адкрывае магчымасці для таго, каб збыліся мары аб незабыўным адпачынку.

СПК “Парк гісторыі Сула” – гэта акно ў мінулае, якое дае магчымасць глыбей пазнаёміцца як з тагачасным жыццём сядзібы і яе ўладальнікамі, так і з яго архітэктурнай спадчынай. Дзякуючы гатай гісторыка-культурнай каштоўнасці ХVІІІ стагоддзя жыхары нашай краіны атрымалі шанец адгарнуць яшчэ адну старонку гісторыі Бацькаўшчыны і адчуць сапраўднае пачуццё нацыянальнай годнасці.

Дар’я Ціхановіч, вучаніца 10 класа ДУА “Рочавіцкі ВПК ДС-СШ”

5 Comments

  • по-читатель

    Зачем нам какая-то Сула? Что у нас своих достопримечательностей не хватает?

  • Аноним

    А мы там были на фестивале средневековья. Оч. понравилось. Попробуйте их «Старку» … 😉

  • Аноним

    В таком случае советую попробовать самогонку, которую предлагают в центре экологического туризма «Станьково», но дело не в алкоголе. Надо научиться себя любить и уважать, а потом восхищаться другими. Где наши школьницы, которые с такой же любовью написали бы о родном крае?

  • по-читатель

    В таком случае советую попробовать самогонку, которую предлагают в центре экологического туризма «Станьково», но дело не в алкоголе. Надо научиться себя любить и уважать, а потом восхищаться другими. Где наши школьницы, которые с такой же любовью написали бы о родном крае?

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.