Понедельник, Август 19Дзержинский район: новости - афиша - реклама

Вёска Янавічы і ў 100 гадоў засталася маладой

Вёска Янавічы Дабрынёўскага сельскага Савета адзначыла векавы юбілей. Да гэтай даты былі прымеркаваны святочныя мерапрыемствы пад назваю “Па роднай вёсачцы прайдуся”, якія арганізавалі мясцовыя ўлады сумесна з жыхарамі,. У гэты дзень многа цёплых слоў гучала не толькі ў адрас юбіляркі, але і людзям, што звязалі свой лёс з гэтымі мясцінамі.

На карце Дзяржыншчыны Янавічы – зусім непрыкметная кропка, але дабрацца сюды не цяжка. Патрэбна толькі з’ехаць з трасы М-1каля аграгарадка Томкавічы і  праселачная дарога хутка прывядзе да пункта прызначэння. На ўскрайку каля сядзібы мясцовай жыхаркі Людмілы Мігуновай і адбылося свята вёскі. Першымі на прыстасаванай палянцы ўстанавілі сваю апаратуру самадзейныя артысты з Баравікоўскай і Томкавіцкай устаноў культуры. У прыгожых нацыянальных касцюмах яны з хваляваннем чакалі гасцей. З дынамікаў гучна лілася вясёлая музыка.

Для населенага пункта 100-гадовы ўзрост – не надта працяглы тэрмін. Тым не менш – гэта ўжо гісторыя, якую патрэбна перадаваць нашчадкам. З гэтай нагоды бібліятэкар з аграгарадка Томкавічы Ала Жаркевіч падрыхтавала выставу з літаратурай пра мінулае краю. Яе дапаўняла фотавітрына з рэтрафотаздымкамі землякоў, якія гераічна змагаліся з ворагам у гады Вялікай Айчыннай вайны, а потым самааддана працавалі ў мясцовым калгасе. Побач свае вырабы з бумажнай лазы выставілі на агляд гурткоўцы з Томкавіцкага ДК, якія набіраюцца ўмельства пад кіраўніцтвам культарганізатара Юліі Бельскай, Скарыстаўшы час перад пачаткам мерапрыемства, першыя наведвальнікі свята з цікавасцю аглядалі экспазіцыі. Аматарам даўніны больш падрабязную інфармацыю давала Ала Жаркевіч.

Сапраўды, Янавічы па дакументах пачатку XX стагоддзя праходзяць як засценак. На Беларусі так называліся невялікія сельскія паселішчы, якія утвараліся на землях па-за межамі (сценкамі) феадальных маёнткаў. Засценкі існавалі побач з вялікімі сёламі. Іх заснавальнікамі была дробная (засценкавая) шляхта альбо багатыя сяляне. Свае назвы такія паселішчы атрымоўвалі па прозвішчы ўладальніка. Такім чынам можна сцярджаць, што першым жыхаром вёскі быў чалавек, які меў імя Ян. Вядома, што на Койданаўшчыне было каля 50 такіх засценкаў.

– У кожнага з нас ёць свае родныя мясціны, дзе мы нарадзіліся, выраслі, адчулі смак хлеба. Тут самае блакітнае неба, самыя духмяныя кветкі, самае празрыстае паветра. І ўсё гэта – ваша малая радзіма вёска Янавічы, – такімі прыгожымі і кранаючымі словамі пачала свята вядучая Марыя Рагоза. Выказаць цёплыя словы пажаданняў вяскоўцам яна запрасіла мікрафона старшыню Дабрынёўскага сельскага Савета Міхаіла Курака. Сваю прамову ён таксама пачаў з гісторыі, адзначыўшы, у прыватнасці, такі цікавы факт, што на пачатку развіцця засценак меў 9 хат, дзе пражывала 52 жыхары. Зараз у вёсцы звыш 30 падвор’яў, а колькасць насельніцтва засталася на ранейшым узроўні. Таму у жартаўлівай форме кіраўнік мясцовай улады выказаў пажаданне, каб насельніцтва Янавіч, асабліва моладзь, брала прыклад  з продкаў у плане паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі. Зараз у вёсцы, па словах старшыні, прапісана 11 пенсіянераў, 39 чалавек працаздольнага ўзросту і 10 дзяцей. Пражывае, канешне, болей, асабліва ў летні час, калі ў бацькоўскія хаты, ператвораныя ў лецішча, прыязджаюць адпачываць гараджане. Міхаіл Курак выказаў словы ўдзячнасці ўсім тым, хто прымаў удзел у падрыхтоўцы свята, і пажадаў прысутным прыемнага адпачынку.

 

На свяце прысутнічаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Саракач, які таксама шчыра павіншаваў жыхароў Янавіч з юбілеем. Кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна засведчыў, што ў ходзе падрыхтоўкі да такіх мерапрыемстваў насельніцтва актыўна прыводзіць у парадак свае падворкі, і населеныя пункты становяцца больш прыгожымі, утульнымі і прыстасаванымі для жыцця. Такі выгляд набыла і вёска Янавічы. У гэтай сувязі старшыня раённага Савета дэпутатаў адзначыў вялікую ролю старасты Станіслава Баравіка і заахвоціў яго дзейнасць Ганаровай граматай. Прывітанне да сваіх землякоў выказала таксама жыхарка г. Мінска Святлана Саракач, якая ў гэты дзень адпачывала ў Янавічах.

Галоўнае багацце вёскі – гэта людзі і яны сталі галоўнымі дзеючымі асобамі свята. Першай віталі старэйшую жыхару Янавіч Тамару Францаўну Кучук. А вось прадстаўляць самае малодшае пакаленне жыхароў выпала Паўлу Шамко і Івану Кулікоўскаму, якія пакуль яшчэ прымалі ўдзел ў свяце на руках бацькоў. Не абыйшлі ўвагай і тых вяскоўцаў, якія ў гэтым годдзе адзначылі юбілейныя даты сваіх нараджэнняў. З гэтай нагоды віншаванні прымалі Тамара Хмыль, Валянціна Цыркунова, Алена Матусевіч і Іна Савіцкая. Была адзначана і Галіна Несцерава, якая каля свайго дому вырасціла самыя прыгожыя ў Янавічах кветкі. А ў конкурсе на лепшы падворак пераможцамі сталі Іван Кулікоўскі і Станіслаў Баравік. Кожнаму з названых жыхароў вёскі былі ў уручаны падарункі ад сельвыканкама, а самадзейныя артысты выконвалі ў іх гонар музычныя нумары.

Высокі прафесіяналізм прадэманстравалі ў гэты дзень выканаўцы песеннага жанру. Як заўсёды, багаты рэпертуар, складзены з народных песен, прадэманстравала вакальная група “Баравічанка”. Апладысментамі суправаджаліся і сольныя нумары ў выкананні Веры Ждановіч, Таццяны Протас і Крысціны Качан. На днях 81-ы год з дня нараджэння адзначыла вядомая на Дзяржыншчыне выканаўца частушак Ала Нядвецкая, але, нягледзячы на паважаны узрост, яна па-ранейшаму пакарыла сэрцы слухачоў сваім выканаўчым майстэрствам. Канцэртная праграма доўжылася звыш двух гадзін. Не стрымаўшы сваіх эмоцый пад уплывам музыкі, удзельнікі свята пачалі спачатку падтанцоўваць на месцах, а потым наогул арганізавалі танцпляцоўку на палянцы насупраць сцэны. Жадаючых патанчыць было столькі, што нават лавы апусцелі, а ў агульным карагодзе можна было бачыць і дзяцей, і моладзь, і людзей больш сталага узросту. А гэта значыць, што свята адбылося, і яно надоўга застанецца ў памяці жыхароў Янавіч.

Віктар УРАНАЎ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *