Понедельник, Май 20Дзержинский район: новости - афиша - реклама

Як Уладзімірова адгуляла свята вёскі

Кожнае свята вёскі – гэта цёплая сустрэча землякоў, яднанне пакаленняў, цудоўная магчымасць узгадаць свае карані і яшчэ раз пераканацца ў тым, што найлепшы куточак на зямлі той, дзе пашчасціла нарадзіцца. З такім настроем 14 ліпеня віталі сваю малую радзіму і жыхары вёскі Уладзімірова.

Да ўрачыстага дня заўзята рыхтаваліся, наводзілі парадак, і насельнікі, і раённыя службы. Гэта, віншуючы вяскоўцаў, адзначыў старшыня Дабрынёўскага сельсавета Міхаіл Васільевіч Курак:

– Дзякуй ўсім насельнікам Уладзімірова, стараннямі якіх вёсачка выглядае сёння такой утульнай і прыгожай. Напярэдадні тут пашчыравалі і дарожнікі: аднавілі знакі, паставілі новыя лаўкі на прыпынках; і электрыкі, якія ў поўным аб’ёме адладзілі вулічнае асвятленнне.

Граматай раённага Савета дэпутатаў быў адзначаны стараста вёскі – Ўладзімір Яўгеньевіч Лысакоўскі. Таксама старшыня ўрычыў прэміі і падарункі самым дбайным гаспадарам, пераможцам конкурсу на лепшае домаўладанне. Сярод пастаянна пражываючых сталі – Кацярына Іванаўна Дзядзюля, Яніна Ўладзіміраўна Лысакоўская, Анна Віктараўна Шушкет і Валянціна Віктараўна Касцяновіч. Алена Мурнік, Валянцін Доўнар, Аляксандр Казей, Ала Клімовіч былі названы, як уладальнікі ўзорных падворкаў сярод тых, хто не мае пастаяннай мясцовай прапіскі, але ставіцца да вёскі, як да родных мясцінаў.

Акрамя таго Кацярыне Іванаўне Дзядзюлі адрасавалі ўрачыстыя віншаванні і як старэйшай жыхарке вёскі, віталі і самую юную насельніцу – Дар’ю Лысакоўскую, і  “юбіляра года” – Віктара Іосіфавіча Шабуневіча. А Яніне Лысакоўскай, сваёй работніцы, філіял “Праўда-Агра” ААТ “Агракамбінат “Дзяржынскі” за добрасумленную працу і гаспадарлівасць таксама падрыхтаваў адметны падарунак – сто кілаграм адборнай пшаніцы.

Свята поўнілася шчырымі і светлымі пачуццямі, добрымі пажаданнямі, агульнымі ўспамінамі. Ала Жаркевіч, загадчыца Томкавіцкай біліятэкі, падрыхтавала стэнд з літаратурай, прысвечанай Дзяржынскаму раёну, а такасама выставу фотаздымкаў насельнікаў Уладзімірова мінулых гадоў. Гучалі цудоўныя песні ў выкананні артыстаў Томкавіцкага і Баравікоўскага Дамоў культуры – Таццяны і Сяргея Протасаў, Крысціны Качан, Веры Ждановіч, Віктара Нядзвецкага, ансамбля “Баравічанка”.  Разам з імі ахвотна спявалі і танцавалі вяскоўцы. Урачысты дзень застанецца ў іх памяці і стане яшчэ адной падставай прыкладаць усе намаганні, каб квітнелі родныя мясціны, каб дарога да бацькоўскага парога была жаданай.

Дзяржынскі раённы ЦКіНТ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *