Пятница, Апрель 19Дзержинский район: новости - афиша - реклама

З руін і попелу. Мінулае вёскі Татаршчына

Працягваем друкаваць успаміны гісторыка і краязнаўцы Антона Анісовіча пра мінулае вёскі Татаршчына, пра тое, як яна аднаўлялася ў пасляваенны час.

Тэрыторыя Путчынскага сельскага Савета канчаткова была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх акупантаў з 6-га на 7-е ліпеня 1944 года. Чырвоная Армія працягвала свой вызваленчы паход на захад, а путчынцы прыняліся аднаўляць разбуранную гаспадарку. Былы маёнтак Ленскіх у Татаршчыне, дзе раней была школа, ляжаў у развалінах. Мясцовыя жыхары сталі іх паступова разбіраць па цагліне, каб хоць што скарыстаць пад будаўніцтва на месцы ўласных папялішчаў. Хутка там утварылася пустка. На жаль, агнём была знішчана ўся дакументацыя школы: кнігі выдачы пасведчанняў, пратаколы паседжанняў педагагічнага савета і іншае. Усё зноў давялося пачынаць з нуля.

У першай палове ліпеня 1944 года раённая газета, якая ў той час мела назву “Ленінская праўда”, абвясціла аб тым, што аддзел адукацыі Дзяржынскага раёна просіць усіх застаўшыхся ў жывых настаўнікаў прайсці рэгістрацыю, каб атрымаць накіраванне на працу. На радасць путчынцам, з фронту вярнуўся былы дырэктар Татаршчынскай школы Пётр Бабіцкі, які прайшоў усю вайну кулямётчыкам, быў двойчы паранены. Баявыя узнагароды сведчылі пра тое, што ён адважна змагаўся з ворагам. Былому франтавіку без ваганняў прапанавалі былое месца працы. Першапачатковай задачай для яго стала састаўленне спісаў дзяцей ад сямі да пятнадцаці гдоў. Такіх набралася нямала. Таму, апрача Татаршчынскай, вырашана было адкрыць пачатковыя школы ў Наследніках, Гаруцішках, Антопалі, Ліпках, Грынкевічах, Вертніках. Сапраўднымі сябрамі і дарадцамі для дзяцей пасляваеннай пары сталі настаўнікі пачатковай школы Антаніна Ценцявіцкая, Антон Грынкевіч, Рыгор  Дземідовіч, Алена Хацкевіч, Ганна Басарэўская, Эма Мальчэўская, Соф’я Козіч, Ядзвіга Згурская, Леакадзія Навіцкая і іншыя.

Татаршчынская школа заняла пяць будынккаў, дзе ў свой час жыла прыслуга Ленскіх. Высокі і прасторны цягляны флігель прыстасавалі пад актавы і спартыўны залы. У драўляных памяшканнях размясціліся класы, настаўніцкая, бібліятэка. Усе будынкі ўтваралі круг, у цэнтры якога зрабілі баскетбольную пляцоўку і бегавыя дарожкі. У зімні час тут праходзілі  сапраўдныя снежкавыя баталіі.

Адметнасцю грамадскага жыцця краіны канца 1950-х пачатку 1960-х гадоў стала развіццё навукова-тэхнічнага прагрэса. Прыкметна ўзрасла роля навукі, адпаведна павялічылася цікавасць вучняў да ведаў. Дзяржава таксама садзейнічала гэтаму працэсу. У 1959 годзе была ўведзена абавязковая 8-гадовая адукацыя. Разам з тым, ствараліся сярэднія агульнаадукацыйныя працоўныя палітыхнічныя школы з вытворчым навучаннем. Да таго ж, паўсюдна назіраўся ўстойлівы рост колькасці дзяцей. Усе гэтыя дэмаграфічныя і сацыяльныя з’явы закранулі сістэму адукацыі Дзяржыншчыны і Татаршчынскай школы. Нягледзячы на тое, што яна працавала ў абмежаваных умовах, яе папулярнасць была вельмі высокай як сярод бацькоў, так і вучняў. Мяркуйце самі: навучальную ўстанову наведвалі падлеткі з 20-і навакольных населеных пунктаў. Справа ў тым, што Татаршчынская школа была адзінай у акрузе, якая давала сярэднюю адукацыю. Бліжэйшыя да яе Навасёлкаўская, Вертнікаўская і Скірматаўская былі на той час васьмігадовымі.

Для дзяцей з аддаленых вёсак быў створаны інтэрнат. Напаўняльнасць класакамплектаў перавышала 25 вучняў, прыходзілася нават ствараць паралельныя класы. Гэта сведчыла пра тое, што наша пакаленне цягнулася да ведаў. Нягледзячы на цяжкасці вясковага жыцця, большасць з маіх аднакласнікаў сур’ёзна адносілася да сваіх вучнёўскіх абавязкаў. І кожная гучная падзея ў краіне, звязанная з дасягненнямі навукова-тзхнічнага прагрэса,  яшчэ больш узмацняла наша жаданне быць паспяховымі ў вучобе, атрымаць вышэйшую адукацыю і прыносіць карысць грамадству. З дзіцячых успамінаў таго часу незабыўнае ўражанне аставіў, напрыклад, палёт у космас Юрыя Гагарына:

– Чысло 12. Красавік. Год 61.
Мне гэты дзень на ўсё жыццё запоўніўся:
У космас чалавек падняўся першы,
І гэтай навіной эфір напоўніўся.
Трынадцаць год мне… Я ў сёмым класе.
Крычым “Ура!” У неба ўглядаемся.
Даўно не ведалі мы гэтакага шчасця,
Стаць касманаўтамі ўсёй школай сабіраемся.

Вяртаючыся ў думках да таго часу, хачу адзначыць, што гэта быў асобы перыяд у грамадстве. На свядомасць людзей вялікі ўплыў аказала Пабеда савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Большасць настаўнікай школы  былі непасрэднымі ўдзельнікамі тых падзей – франтавікамі ці партызанамі. Яны сталі для нас, вучняў, галоўным аўтарытэтам і прыкладам у жыцці. Сярод тых аднавяскоўцаў, якія перажылі цяжкія гады выпрабаванняў фашысцкай акупацыі, таксама панаваў дух спагады, добрасуседства, дапамогі адзін другому. Гэты настрой перадаваўся нам, малодшым, і патрабаў ад нас быць дастойнай зменай сваіх бацькоў, бо на вёсцы, дзе кожны ведаў адзін другога, па-іншаму нельга было паводзіць. Таму ў школе і настаўнікі, і вучні былі згуртаваны агульнымі інтарэсамі, а адносіны паміж імі будаваліся на ўзаемнай павазе.

Большая частка настаўнікаў пражывала пры школе, частка кватаравалася ў Путчына альбо Феліксава. Дзяржава матэрыяльна падтрымлівала педагагічныя кадры на вёсцы, забяспечваючы іх палівам і выдаткоўваючы грошы на аплату за карыстанне электраэнэргіяй. І яны самааддана служылі сваёй прафесіі. У пачатку 1960-х гадоў дырэктарам Татаршчынскай школы была прызначана Людміла Аляксандраўна Засмужац, якая да таго працавала выкладчыцай замежнай мовы. Трывалыя веды па сваіх прадметах давалі настаўнікі Таісія Ігнацьеўна Дрэвацень, Еўдакія Сямёнаўна Якімовіч, Марыя Аляксееўна Камейша, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, удзельнік штурма Берліна Канстанціна Адамавіча Адашкевіча. Станіслава Браніславаўна і Іван Рыгоравіч Цыркуны, якіх паміж сабою вучні ласкава называлі “цёцяй” і “дзядзям” за іх цеплыню і павагу да вучняў. Іх урокі заўсёды вызначаліся цікавымі фактамі, глыбокім аналізам навуковых з’яў і выкарыстаннем разнабаковых метадычных прыёмаў.

Асобыя словы трэба сказаць пра тэхнічных работнікаў школы – “Верку і Гэльку”, як іх звалі дарослыя. Яны пачыналі працаваць у маёнтку яшчэ пры Ленскіх, а потым засталіся ў школе. Гэта яны, Вера Андрэеўна і Алена Францаўна, мылі і прыбіралі класныя пакоі, дзяжурылі па начах, напаўнялі чарнілам школьныя чарнільніцы-непралівайкі. Жанчыны жылі недалёка ад школы ў доме, абсаджаным кустамі. Там заўсёды знаходзілі прытулак тыя вучні, якія прыходзілі непадрыхтаванымі да ўрока альбо да кантрольнай. Некаторыя нават спрабавалі зацягнуцца папіросным дымам. Успаміны, успаміны…

                                               Падрыхтаваў да друку Віктар Уранаў

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *