Среда, Апрель 25Дзержинский район: новости - афиша - реклама

Бяспецы і зваротам грамадзян – асаблівую ўвагу

Па-дзелавому неэмацыянальна прайшло чарговае пасяджэнне райвыканкама ў мінулую пятніцу, 26 студзеня, дзе разглядаліся важныя пытанні – аб забеспячэнні пажарнай бяспекі і аб зваротах грамадзян.

Па першым пытанні «Аб захаванні ў 2017 годзе патрабаванняў заканадаўства па забеспячэнні пажарнай бяспекі і задачах на 2018 год» з падрабязным дакладам і электроннай прэзентацыяй выступіў начальнік Дзяржынскага райаддзела па надзвычайных сітуацыях Максім Баско. Кіраўнік не толькі расказаў аб сітуацыі ў раёне, але і прааналізаваў прычыны некаторых з’яў.

Так, у грамадскім сектары найбольш пажараў здараецца на прадпрыемствах аграпрамысловага комплексу. Між тым, заўважыў Максім Валер’евіч, звычайна не трэба вялікіх укладанняў, каб пазбегнуць такіх надзвычайных здарэнняў – дастаткова прыбраць захламленні, разабрацца з няспраўным абсталяваннем і забараніць курэнне ў недазволеных месцах.

Сапраўднай праблемай становяцца пажары на аўтатранспарце. «Найчасцей іх прычына – пашкоджаная электраправодка, як вынік – кароткае замыканне, – канстатаваў М. Баско і заўважыў: – Такія пажары цяжка прафілактуюцца. Хаця мы робім усё магчымае. Ужо разаслалі лістоўкі, рэкамендацыі, як аглядваць транспарт».

У час абмеркавання даклада старшыня райвыканкама вярнуўся да гэтага пытання. Аказалася, многія машыны, якія пацярпелі ад пажараў, не прайшлі тэхагляды. «Узнікае пытанне да работнікаў ДАІ: чаму на лінію выходзяць аўтамабілі без ТА? Варта ўважліва прыглядацца і да арганізацый, якія праводзяць тэхагляды. Звярніце ўвагу на эксплуатацыю транспарта з вялікім тэрмінам службы: за мяжой хлам прадаюць, а мы купляем», – расставіў акцэнты Мікалай Арцюшкевіч.

Закранула гаворка і садаводчае таварыства «Вішня»: па словах Максіма Баско, тут даўно варта зрабіць схемы і адзначыць чырвоным колерам небяспечныя зоны. Аднак старшыня таварыства баіцца такім чынам псаваць адносіны з людзьмі.

«Прыцягвайце да адказнасці такіх старшынь. Яны зарэгістраваны як юрыдычныя асобы і такімі з’яўляюцца. Значыць, абавязаны забяспечваць парадак на сваіх тэрыторыях. А райаддзел МНС павінен пракантраляваць іх работу», – сказаў Мікалай Арцюшкевіч.

Што датычыць гібелі людзей на пажарах, старшыня заўважыў, што нельга дапускаць такога. «Магчыма, сігнал апавяшчальніка лепей выводзіць не на тэлефоны неблаганадзейных людзей, а на тэлефон райаддзела МНС», – прапанаваў ён.

Другі дакладчык, начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Аляксей Свірскі раскрыў пытанне «Аб рэалізацыі патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 снежня 2006 г. №2 «Аб мерах па далейшай дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарата».

Аляксей Вячаслававіч адзначыў эфектыўнасць дыялогу ўлады і людзей. Цяпер не патрэбна пісаць лісты, улада рэагуе хутка. Скараціўся і папяровы дакументаабарот. Сучасныя тэхналогіі пашыраюць магчымасці людзей з любой кропкі звязацца з рознымі службамі і СМІ.

Найчасцей дзяржынцы скардзяцца на дрэннае ўтрыманне аўтадарог. Дажджлівае лета дадало клопатаў дарожным арганізацыям. Да таго ж пасля некаторага перапынку ў раёне зноў пачалі добраўпарадкоўваць дарогі – класці бетон. І пасыпаліся званкі. «Кожнаму хочацца, каб хутчэй асфальтавалі той участак дарогі, дзе ён ездзіць, – заўважыў старшыня райвыканкама. – Аднак у першую чаргу ўпарадкоўваюцца тыя дарогі, па якіх ездзіць большасць людзей і якія патрэбны прадпрыемствам для вытворчых мэт».

Актуальныя для жыхароў раёна і пытанні недагледжаных могілак, вулічнага асвятлення, якасці медыцынскага абслугоўвання, работы грамадскага транспарта і жыллёва-камунальнай службы. Так, па пытаннях, звязаных з работай аўтапарка №15, у мінулым годзе ў розныя вышэйшыя інстанцыі разляцеліся 13 пісем. Тэлефанавалі людзі і на «прамыя лініі». «У 2018-м такіх скаргаў пакуль не паступала, але расслабляцца рана», – сказаў Аляксей Свірскі.

Па лініі ЖКГ найбольш нараканняў – на капітальны і цякучы рамонты будынкаў і прыдамавых тэрыторый.

Многія пытанні, заўважалася на пасяджэнні, узнікаюць з-за недасведчанасці людзей. Трэба запаўняць прабелы і інфармаваць насельніцтва, у тым ліку праз газету «Узвышша». У планах – стварыць адзіны тэлефонны нумар для зваротаў грамадзян – 115. Спецыялісты будуць размяркоўваць сабраную інфармацыю па прадпрыемствах і службах, кантраляваць іх дзейнасць.

Святлана ЛОКТЫШ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.