Пятница, Июль 21Дзержинский район: новости - афиша - реклама

Мартыралог збірае новыя імёны

Не так даўно ў рукі трапіла кніга пад назвай “Памяць. Афганістан”, надрукаваная выдавецтвам “Беларуская Савецкая Энцыклапедыя” ў 1991 годдзе. Чвэрць стагоддзя прайшла з таго часу, але тое, што складае змест выдання, па-ранейшаму хвалюе і шчымліва кранае душу. Калі пачынаеш гартаць старонкі кнігі, то міжволі ўвага затрымліваецца на фотаздымках маладых хлопцаў у вайсковай форме альбо ў цывільным адзенні. А побач – сціплыя, у некалькі радкоў, біяграфічныя звесткі. Усе яны заканчваюцца лаканічнай і да болю кранаючай фразай: “Загінуў пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку ў Афганістане”. З юнацтва ў бессмяротнасць заўчасна пайшлі гэтыя маладыя людзі, якім выпала кароткае жыццё воіна. Пераважна гэта нашы землякі, беларусы, сустракаюцца прозвішчы прадстаўнікоў і іншых народаў, што служылі на Беларусі і пахаваны на яе могілках пасля гібелі ў далёкай паўднёвай краіне.

Усяго 709 лёсаў аб’ядноўвае гэта кніга-рэквіем. Сярод іх і нашы землякі – Эдуард Жыгалка з Дзяржынска і Вячаслаў Сідаровіч з пасёлка Энергетыкаў. Іх імёны назаўсёды ўнесены ў Летапіс гераічных спраў Дзяржыншчыны. На фасадах школ, дзе вучыліся загінуўшыя воіны-інтэрнацыяналісты, замацаваны мемарыяльныя дошкі, у іх гонар адкрыты раздзел экспазіцыі ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі. Захаваць памяць пра іх – наш святы абавязак.

Перагортваючы старонкі выдання і знаёмячыся са зместам, натрапіў яшчэ на два прозвішчы са спісу загінуўшых у Афганістане, якія па жыццёвых абставінах мелі прамое альбо ўскоснае дачыненне да Дзяржынскага раёна, але потым былі раскіданы па іншых месцах жыхарства. Вось радкі з біяграфіі Валерыя Паўлавіча Якаўлева: “Нарадзіўся 16 верасня 1945 года ў в. Аненкава Пензенскай вобласці. У 1960 годзе скончыў 8 класаў Станькаўскай сярэдняй школы Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці, у 1964 годзе – Пензенскі прыбора-будаўнічы тэхнікум. У снежні 1964 года Пензенскім райваенкаматам прызваны ў Савецкую Армію. Экстэрнам здаў экзамены за поўны курс сярэдняга ваенна-палітычнага агульнавайскавога вучылішча. Служыў у Беларускай, Забайкальскіх ваенных акругах, з чэрвеня 1983 года – у Афганістане. Маёр В. П. Якаўлеў загінуў 19 жніўня 1983 года пры выкананні службовых абавязкаў. Пахаваны ў г. Бабруйску. Пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі”.

А вось Аляксандр Яўгенавіч Папкоў, як падаюць біяграфічныя звесткі, нарадзіўся ў 1953 г. у Дзяржынску Мінскай вобласці. Пра яго дзіцячыя гады нічога не паведамляецца. Вядома толькі, што ён скончыў васьмігодку на Далёкім Усхо- дзе, потым вучыўся ва Усурыйскім сувораўскім ваенным вучылішчы і Благавешчанскім вышэйшым агульнавайсковым камандным вучылішчы. За час службы ў Савецкай Арміі быў узнагароджаны медалямі і ордэнам Чырвонай Зоркі. У 1980 годзе накіраваны ў Афганістан. 3 лістапада 1981 года, за некалькі дзён да вяртання на Радзіму, капітан А. Я. Папкоў на чале батальёна выехаў на баявую аперацыю. БТР, у якім ён знаходзіўся, трапіў у засаду і быў падарваны душманамі. Але нашы воіны працягвалі адстрэльвацца з палаючай машыны, пакуль новы выбух гранаты не абарваў іх жыцці.  А. Я. Папкоў пахаваны ў Полацку. Пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.

Лічу, што прозвішчы гэтых двух афіцэраў, геройскі загінуўшых пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку, таксама вартыя таго, каб быць пастаўленымі ў рад з Эдуардам Жыгалкам і Вячаславам Сідаровічам. Яны павінны гучаць на мітынгах, прысвечаных Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, альбо падчас правядзення ваенна-патрыятычных мерапрыемстваў у навучальных установах нашага раёна. Таму зараз перад намі стаіць задача сабраць больш звестак пра іх жыццёвы шлях. З гэтай нагоды звяртаюся да насельніцтва з просьбай адгукнуцца тых, хто можа дапамагчы ў гэтай справе. Будзем удзячныя ўсім за дапамогу.

Віктар Феакцістаў, старшыня раённага Савета ветэранаў

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.