Пятница, Июль 21Дзержинский район: новости - афиша - реклама

Ад Скарыны да сучаснасці, альбо Бібліятэка – тэрыторыя для ўсіх

Сярод шматлікіх знамянальных дат наступіўшага 2017-га ёсць адна, выключная і асаблівая: 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. Гэта, без перабольшання, грандыёзная для нашай краіны падзея будзе шырока адзначацца на розных узроўнях і па ўсёй Беларусі.
Пра тое, як да яе рыхтуюцца дзяржынскія бібліятэкары, а таксама пра ролю друкаванага слова ў сучасным жыцці – у размове з дырэктарам дзяржаўнай установы “Дзяржынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма” Валянцінай Клімовіч:

Библиотека

– Сапраўды, з’ява адметная: паўтысячагоддзя на нашай зямлі існуе друкаваная кніга. Безумоўна, звяртацца да згаданага факта будзем не аднойчы, каб у поўнай меры ўсвядоміць, што гэта падстава для асаблівага нацыянальнага гонару. А таксама каб зноў і зноў даследаваць асобу самога Францыска Скарыны, пра жыццё якога вядома не так ужо і многа, а гэта, дарэчы, нараджае розныя гіпотэзы і міфы.
Калі казаць пра наш удзел у святкаванні важнай гістарычнай даты, мы распрацавалі адмысловы план, згодна з якім ва ўсіх бібліятэках раёна на працягу года будуць праходзіць мерапрыемствы, прысвечаныя згаданай тэме. Паэтычныя імпрэзы і завочныя слайд-падарожжы, брэйнг-рынгі і квэст-гульні, гутаркі-прысвячэнні і літаратурныя конкурсы – формы правядзення самыя розныя. “Скарына кніжнай мудрасці сабраў багаты плён…”, “Асветнікі зямлі беларускай”, “Сэрцам роднага слова краніся”, “Пяць стагоддзяў беларускіх кніг” – ужо самі назвы запланаваных сустрэч з чытачом сведчаць пра шматграннасць іх тэматыкі.
500-годдзю айчыннага кнігадрукавання будуць прысвечаны і традыцыйныя “Койданаўскія чытанні”, шостыя па ліку, якія адбудуцца ў верасні. Адным словам, Дзяржыншчына не застанецца ўбаку ад святкавання знамянальнай падзеі.

Библиотека

– Названая дата – нагода, каб у чарговы раз звярнуцца да ролі кнігі ў сучасным жыцці і, на жаль, да такой праблемы, як нечытанне…
– “Людзі перастаюць мысліць, калі перастаюць чытаць” – трапнае выказванне Дэні Дзідро, французскага пісьменніка і асветніка XVIII стагоддзя, не губляе сваёй надзённасці і зараз. Магчыма, мы яшчэ цалкам не ўсведамляем наступствы праблемы нечытання, якая, у першую чаргу, вядзе да духоўнага збяднення грамадства. Між тым, чытанне не толькі развівае мысленне і маўленне, памяць і ўяўленне, але і працягвае жыццё. Навукоўцамі даказана: людзі, якія пастаянна чытаюць, жывуць, у сярэднім, на два гады даўжэй, чым тыя, хто не сябруе з кнігай. Таму і юным, і дарослым дзяржынцам хочацца параіць: “Чытайце!”
Сёння кожны, хто трапіць у бібліятэку, можа знайсці ў нас кнігу па душы. Класіка, творы беларускіх аўтараў, сучасная айчынная і замежная літаратура – выданні, як кажуць, на любы, самы вытанчаны густ. Дарэчы, у нашай краіне штогод выдаецца звыш 10 тысяч найменняў кніг.
Што да рэкамендацый, раю аддаваць перавагу творам, якія прымушаюць думаць, суперажываць, нясуць у сабе глыбіню і духоўнае ачышчэнне.

– Валянціна Віктараўна, які ён – сучасны дзяржынскі чытач?
– У першую чаргу – вельмі прывабны для нас, з разумным поглядам дапытлівых вачэй. Вядома, сёння бібліятэку актыўна наведваюць людзі сталага ўзросту. Разам з тым чытанне становіцца модным і сярод маладых. Хаця, вядома, яны ахвотней чытаюць кнігі на электронных носьбітах. Па традыцыі, заўсёды многа наведвальнікаў у дзіцячым аддзеле, дзе нашы спецыялісты дапамагаюць школьнікам выбраць неабходныя выданні, а таксама запрашаюць іх да ўдзелу ў шматлікіх пазнавальных мерапрыемствах, цікавых сустрэчах, у тым ліку і з вядомымі пісьменнікамі.

Библиотека

– Дзяржынская раённая бібліятэка ўжо даўно пашырыла межы сваіх традыцыйных функцый…
– Так, наша ўстанова сёння – інфармацыйны, інтэлектуальны і сацыяльна-культурны цэнтр, можна сказаць, тэрыторыя для ўсіх. Тут збіраюцца не толькі прыхільнікі чытання, але і творчыя, захопленыя людзі розных інтарэсаў і густаў. У нас пастаянна праходзяць выставы і прэзентацыі ў межах вядомага праекта “Тэрыторыя творчасці”; паэтычна-музычныя вечарыны ў межах праекта “На літаратурным небасхіле Дзяржыншчыны” і іншыя. На бібліятэчнай пляцоўцы таксама ладзяцца сустрэчы з нашымі сацыяльнымі партнёрамі – грамадскімі аб’яднаннямі і арганізацыямі.
Акрамя таго, адзін з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці – краязнаўства. Мы збіраем звесткі пра гісторыю нашага краю, даследуем яе невядомыя старонкі, лёсы знакамітых людзей. Створаны рэсурсы “Дзяржыншчына літаратурная” (пра нашых пісьменнікаў), “Дзяржыншчына гераічная” (пра герояў Вялікай Айчыннай вайны), “Гонар і слава Дзяржыншчыны” (пра ганаровых грамадзян раёна), “Людям труда – честь и слава” (пра герояў сацыялістычнай працы). Зараз працуем над рэсурсам, прысвечаным Году навукі, – “Дзяржыншчына навуковая”, у якім будзе звыш 50 прозвішчаў навукоўцаў, чый лёс звязаны з Дзяржынскім раёнам. Таксама збіраем звесткі для рэсурсаў “Дзяржыншчына мастацкая” і “Святыні Дзяржыншчыны”.
Дарэчы, у маі на базе бібліятэкі адбудзецца абласны семінар па краязнаўстве. Падчас яго будзем дзяліцца з калегамі вопытам работы, якую праводзім у дадзеным кірунку.

– Папулярызаваць кнігу і чытанне, бо менавіта гэта сёння набывае стратэгічнае значэнне і закранае будучыню нашага грамадства; развівацца ў галіне інфармацыйных тэхналогій; шукаць новыя цікавыя формы стасункаў з чытачом, каб быць сучаснымі і запатрабаванымі.
Шчыра спадзяюся, мерапрыемствы, якія пройдуць пад знакам 500-годдзя беларускай кнігі, нададуць нашай дзейнасці новае, асаблівае гучанне, што, несумненна, знойдзе водгук і ў жыхароў раёна.

– Дзякуй за размову!

Гутарыла Ірына МАТУСЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.