Воскресенье, Июль 23Дзержинский район: новости - афиша - реклама

Кiрыл Шык: «Родная мова – у нашым генетычным кодзе»

Кирилл Шик

Апошнім часам беларуская мова пачынае выкарыстоўвацца ўсё больш шырока. Шмат людзей размаўляюць па-беларуску пастаянна. Свята роднай мовы яны адзначаюць не раз ў год (21 лютага ЮНЭСКА абвясціла Міжнародным днём роднай мовы), а кожны дзень паказваюць любоў і адданасць сваёй краiне.
Пра тое, як будзе адзначацца Дзень роднай мовы на Дзяржыншчыне, а таксама пра мову як галоўную асаблівасць дзяржавы расказаў першы сакратар раённай арганiзацыi БРСМ Кірыл Шык.

– Кірыл Іванавіч, свята, якое будзе адзначацца 21 лютага, – добрая нагода задумацца пра лёс роднай мовы…
– Гэта сапраўды важная падзея як для Беларусі ў цэлым, так і для Дзяржыншчыны ў прыватнасці. Дзень роднай мовы ў раёне мы адзначаем з 2012-га года. На гэты раз запланавалі шмат мерапрыемстваў, якія будуць праходзіць на працягу тыдня – з 20 па 25 лютага – і завершацца гала-канцэртам на базе Чаркаскага Дома культуры. Шэраг акцый пад эгідай БРСМ пачнецца з расклейкі плакатаў з выказваннямі пра родную мову вядомых паэтаў, пісьменнікаў. А ўжо 21-га мы правядзём першы этап традыцыйнай дыктоўкі. Усе жадаючыя, незалежна ад узросту і прафесіі, змогуць да яе далучыцца. Тэкст для выпрабаванняў – прадмову да Бібліі Францыска Скарыны – выбралі невыпадкова: у гэтым годзе адзначаецца 500 гадоў са дня выдання кнігі. Што да другога этапу, то ён пройдзе 25 лютага.
Таксама 21 лютага будзем раздаваць паштоўкі з серыі “Не маўчы па-беларуску” і значкі “Са мной можна размаўляць па-беларуску”. Такія своеасаблівыя падарункі атрымаюць супрацоўнікі розных прадпрыемстваў (асабліва сферы абслугоўвання), а таксама тыя, хто жадае да нас далучыцца.
Цікавае мерапрыемства пройдзе і для аматараў друкаванага слова. Акцыя “Мая беларуская кніга” накіравана на падтрымку беларускіх аўтараў і стымуляцыі цікавасці моладзі да беларускай кнігі. Сутнасць праекта простая: у сацыяльнай сетцы кожны жадаючы размяшчае ўласны здымак са сваёй любімай кнігай, якую ён раіць пачытаць. Таксама неабходна напісаць маленькую анатацыю і паставіць хэштэг #святамовы, па якім мы зможам знайсці фота і ўбачыць, колькі чалавек прынялi ўдзел у акцыі. Лепшыя здымкі, якія набяруць больш “лайкаў-падабаек”, будуць прадстаўлены на гала-канцэрце 25 лютага.
Акцыя пройдзе і ў падтрымку беларускамоўных газет. Не сакрэт, што друкаваныя сродкі масавай інфармацыі паціху страчваюць папулярнасць – усё неабходнае можна знайсці ў інтэрнэце. Таму мы плануем зрабіць невялікі флэшмоб – выйсці з моладдзю на вуліцу з выданнямі, якія папулярызуюць родную мову, і зрабіць фотоздымкі.
Што да іншых мерапрыемстваў Беларускага саюза моладзі, то гэта, вядома, традыцыйны “Адкрыты дыялог”. Ён пройдзе як у Дзяржынску, так і ў Фаніпалі. Дарэчы, у Фаніпальскай гімназіі ў нас самая вялікая пярвічная арганізацыя БРСМ. Пагутарыць з моладдзю пра беларускую мову запросім людзей, якія папулярызуюць роднае слова, – паэтаў, прадстаўнікоў органаў улады.
Да шэрагу святочных мерапрыемстваў далучаны і праект “Беларусь – крыніца натхнення”. Сумесна з цэнтральнай бібліятэкай правядзём мерапрыемствы навуковага характару. Наша задача – не столькi“пагрузіць” чалавека у сур’ёзныя тэмы, колькi стварыць для яго пэўны эмацыйны настрой. Сур’ёзные рэчы – справа людзей, якія асэнсавалі свае пазіцыі. А моладзі мы хочам падарыць свята.
Важнай часткай Дня роднай мовы стане цырымонія ўзнагароджання. У Чаркаскім ДК будуць падведзены вынікі ўсіх знакавых мерапрыемстваў тыдня і нават года. Мы плануем адзначыць людзей, якія папулярызуюць беларускую мову і культуру. Акрамя гэтага, у гала-канцэрце прыме ўдзел вядомы музыкант і тэлевядучы Андрусь Такінданг.

Анонс

– Свята плануецца сапраўды маштабнае. А чаму менавіта вёска стане яго эпіцэнтрам?
– Мы лічым, што трэба рабіць стаўку не толькі на буйныя гарады. Жыхары малых населеных пунктаў не павінны застацца ўбаку ад важных падзей. Тады яны ніколі не захочуць пакінуць малую радзіму.

– Як, на Ваш погляд, можна прывіць любоў да беларускай мовы?
– Родная мова – у нашым ДНК. Нават размаўляючы па-руску, мы ўсё роўна робім гэта з беларускім акцэнтам, шмат выкарыстоўваем беларускіх слоў. У апошнія гады родная мова стала больш папулярнай. Мы бачым гэта ў тым ліку па рэкламе на тэлебачанні. Вядомыя брэнды пераходзяць на беларускую мову, здымаецца больш фільмаў на беларускай мове. Карыстаюцца папулярнасцю і курсы “Мова нанова” – яны збіраюць каля 500 чалавек штотыднёва, працуюць ва ўсiх буйных гарадах нашай краiны.
Што тычыцца Дзяржыншчыны, то і ў нас тэндэнцыя вельмі станоўчая. Напрыклад, калі я працаваў дырэктарам Чаркаскага Дома культуры, мы ладзілі беларускамоўныя дыскатэкі. Гэта не азначае, што людзі ўвесь час танцавалі пад адны і тыя ж песні – падбіралі па 10-15 прыгожых кампазіцый. Мы імкнуліся далучыць людзей да сучаснай беларускай музыкі – не ўсе ведаюць, што ў нашых аўтараў, напрыклад, ёсць вельмі прыгожыя “павольныя” кампазіцыі. Кожную дыскатэку мы завяршалі песняй “Затрымай мяне” гурта “Аўра”, і яна стала сапраўдным хітом.
А перспектывы ў роднай мовы ёсць. Я лiчу, што ўжо праз 5-10 гадоў 10 мільёнаў жыхароў нашай краіны на ёй будуць размаўляць. Разам з тым важна не ствараць бар’ер, не жыць з пазіцыяй “Хто не з намі, той супраць нас”. Людзей трэба аб’ядноўваць. Нельга быць пасіўным назіральнікам. Таму наша раённая арганізацыя БРСМ і моладзь Дзяржыншчыны заўсёды актыўна далучаюцца да добрых спраў.

– Дзе можна пачуць беларускую мову часцей – у буйных гарадах ці на перыферыі?
– На прыкладзе маленькіх вёсачак мы бачым, што людзі імкнуцца ў гарады з развітай інфраструктурай. Паўсюль ідзе ўрбанізацыя. І калі раней беларускую мову можна было пачуць часцей у вёсках, цяпер гараджане ўсё больш імкнуцца ёй авалодаць. Безумоўна, вёска захавала асаблівую лексіку, адметнае вымаўленне. Я з захапленнем слухаю сваю бабулю, якая размаўляе на дыялекце, атрымліваю асалоду ад мовы, якую перадала ёй маці. Тыя прыказкі-прымаўкі, якія яна ўжывае, я чытаў толькі ў кнігах.

– А што Вы думаеце наконт “трасянкі”? Менавіта у вёсцы яе выкарыстоўваюць часцей. Хіба мы не павінны ставіцца больш паважліва да роднага слова, берагчы яго сапраўдную першародную прыгажосць?
– Сапраўады, “трасянка” даволі шырока распаўсю- джана. Вядома, ёсць нарматыўная лексіка. Аднак, чытаючы творы нашых пісьменнікаў, мы бачым, што ў кожнага з іх свае моўныя асаблівасці. Яны залежаць у тым ліку і ад мясцовасці, дзе нарадзіўся аўтар. Напрыклад, Рыгор Барадулін – з Ушаччыны, і выразы, якія ён ужывае ў сваіх творах, мы не сустрэнем у Васіля Быкава, Ніла Гілевіча ці Янкі Купалы. Мова – жывы арганізм, яна пастаянна змяняецца. Дарэчы, па-руску мы таксама не размаўляем аднолькава. Мы нават сказы будуем па-рознаму. Гэта не значыць, што мы не павінны імкнуцца да правільнай, літаратурнай мовы. Вельмі часта “трасянка” – гэта так званы пераходны этап. Мне спатрэбіўся амаль год, каб цалкам перайсці на беларускую мову. Я шмат чытаю на роднай мове, i мне прыемна адзначыць, што ў нас традыцыі класікаў беларускай літаратуры працягваюць прадстаўнікі маладога пакалення. На жаль, не ўсе гэта ведаюць. Важна зразумець, што беларуская мова – гэта не толькі школьная праграма. Яна жывая і натуральная, а яшчэ –крэатыўная, модна і вельмі прыгожая.

– Многія лічаць, што ў сучасных умовах размаўляць па-беларуску не заўсёды камфортна. Сярод рускамоўных, якiх большасць, сапраўды адчуваеш сябе “белай варонай”…
– Мы плануем запусціць праект “Дзяржыншчына беларускамоўная”, дзе будзем аб’ядноўваць людзей, якія папулярызуюць родную мову. Правядзем своеасаблівы перапіс насельніцтва і паглядзім, колькі нашых землякоў на ёй размаўляюць (імкнуцца размаўляць). Людзі змогуць знайсці аднадумцаў, атрымаць дапамогу. Бо што патрэбна напачатку? Знаёмыя, якія па- дзяляюць твае погляды. Калі браць шырэй, то толькі ўласным прыкладам можна аказаць на моладзь нейкае ўздзеянне. Калі я заклікаю размаўляць на роднай мове – я раблю гэта па-беларуску, калі прапаную слухаць нашу музыку – сам яе слухаю.

– Большасць тых, хто размаўляе па-руску, спасылаецца на тое, што ў нашай краіне дзве дзяржаўныя мовы…
– І гэта так. Але ў нас ёсць мова тытульнай нацыі. Яна – асноўная і мае ўнікальны каларыт. Мова – гэта далучэнне да нашых каранёў. Гэта працяг таго, што напрацавалі нашы продкі. І калі браць глабальна: я размаўляю на той мове, на якой гаварылі Янка Купала, Якуб Колас, Леў Сапега і наш першадрукар Францыск Скарына. Хоць гэта і была трошкі іншая мова, але ж асноўная лексіка і пэўныя канцэптуальныя рэчы захаваліся. І мне прыемна гэта асэнсоўваць. Я адчуваю сваю далучанасць да нашай дзяржавы, да яе культуры і традыцый.

Гутарыла Ганна ХАЛДЗЕЕВА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.