Понедельник, Сентябрь 16Дзержинский район: новости - афиша - реклама

Свята вёскі: Красная Горка стаіць на пагорку…

Вёска з такой адметнай назваю прытулілася да шашы, што вядзе з Дзяржынска ў Мінск. І хаця яна знаходзіцца, як кажуць, навідавоку, ніякіх гучных падзей там даўно не адбывалася. Таму, калі ў Фаніпальскім сельскім Савеце ўзнікла думка правесці свята вёскі, магчымасць адпачыць і набрацца весялосці было прапанавана менавіта жыхарам гэтага населенага пункта.

Свой пачатак Красная Горка бярэ з 1920-х гадоў,  а пабудавалася яна на знакавым месцы, дзе ў старадаўнія часы праводзіліся святы прыходу вясны. Такія пагоркі першымі аслабаняліся ад снегу і станавіліся пляцоўкамі для гулянак вясковай  моладзі. Па хрысціянскім календары свята Красная горка праводзіцца ў першую нядзелю пасля пасхы і з’яўляецца сімвалам  абуджэння прыроды, зараджэння новых пачуццяў і надзей. Да колеру яе назва не мае ніякіх адносін, таму і не перакладаецца, як чырвоная. А слова “красная” у дадзеным выпадку набывае сэнс “прыгожая”.

Дакументы сведчаць, што пасля ўсталявання савецкай улады бедныя сяляне атрымалі тут кавалкі зямлі і заснавалі паселішча. Гэта быў спачатку хутар у некалькі двароў, які з цягам часу пачаў прырастаць новымі дамамі. Ён ствараўся як пасёлак для хлебапашцаў, якія сяліліся паблізу да сваіх надзелаў. З гэтай прычыны, у адрозненні ад іншыхзвычайных беларускіх вёсак, будаваўшыхся на ўзлонні прыроды, тут у наваколлі няма ні рэчкі, ні лесу. У тыя часы рэлігія не была ў пашане, і, каб не паказваць сакральным сэнс назвы вёскі, яе жыхары, магчыма, тлумачылі слова “красны” як сімвал новага рэвалюцыйнага ладу жыцця. Што б там ні адбывалася, але вёска, на працягу свайго амаль векавога  існавання, так і засталася Краснай Горкай, хаця ў некаторых выпадках маршрутныя ўказальнікі яе вызначаюць як Чырвоная.

Яшчэ адной прычынай, якая падштурхнула сельвыканкам да правядзення ў вёсцы свята, стала цеснае супрацоўніцтва яе жыхароў з мясцовай уладай, калі паўставала пытанне аб рэалізацыі доўгатэрміновых праектаў. Створаныя кааператывы, пры фінансавай падтрымцы сельвыканкама, дазволілі правесці да падворкаў вадаправод і газ. Наступны крок – замена драўляных слупоў на жалезабетонныя і ўсталяванне новых асвятляльных прыбораў. Пракладка падземных камунікацый дала магчымасць прыступіць да добраўпарадкавання праезжай часткі вуліцы, якая ўжо выглядае дагледжанай і прывабнай. Па словах старшыні Фаніпальскага сельскага Савета Уладзіміра Лобача зараз ў Краснай Горцы засталося 34 домаўладанні. З мясцовых жыхароў большасць складаюць пенсіянеры, астатнія – гараджане, якія не пакідаюць бацькоўскія хаты, наведваючыся сюды для адпачынку. На адбыўшымся ў маі агульным сходзе усе падтрымалі прапанову аб правядзенні свята і актыўна ўключыліся ў яго падрыхтоўку. А на галоўную падзею, якая прайшла на пляцоўцы насупраць дома Лідзіі Якутовіч, сабралася шмат вяскоўцаў. І мерапрыемства адбылося гучным і незабыўным.

У святочнай праграме пад назваю “З наілепшымі пажаданнямі” знайшлося шмат цёплых слоў пра вёску і яе жыхароў. Такія ж шчырыя пажаданні прагучалі ў выступленнях старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Саракача і старшыні Фаніпальскага сельскага Савета Уладзіміра Лобача. З цікавай інфармацыяй пра мінулае вёскі выступіла бібліятэкар Фаніпальскай гарадской бібліятэкі Вольга Навуменка. У прыватнасці, яна адзначыла, што ў 1930-я гады ў Краснай Горцы быў створаны калгас “1-е Мая”.  Узначаліў яго Іосіф Сурмачэўскі. У пасляваенны час, пакуль старшыня знаходзіўся ў войску, абавязкі кіраўніка часова выконвала яго жонка Ганна Францаўна. У гістарычнай даведцы былі таксама агучаны прозвішчы вяскоўцаў, якія гераічна змагаліся з ворагам у гады Вялікай Айчыннай вайны і годна працавалі ў калгасе ў мірны час. Таму ветэранам на свяце была аказана асаблівая пашана. Ад Фаніпальскага сельвыканкама невялікія падарункі былі падрыхтаваны для старэйшых  жыхарак вёскі Тамары Фёдараўны Паўловіч і Вікторыі Іосіфаўны Бурай. Старшыня прафкама філіяла “Фалько-Агра” Вераніка Аўтухова вітала ветэранаў працы, якія зараз знаходзяцца на пенсіі. Лепшым актывістам вёскі Ганаровыя граматы ад раённага Савета дэпутатаў уручыў Аляксандр Саракач.

На свяце ўвесь час гучала музыка. Вялікую святочную праграму падрыхтаваў Чэрнікаўшчынскі Дом культуры, якім кіруе Святлана Дубоўская. Як заўсёды, прафесійна выступіў калектыў народнай песні “Дубравушка”. Сучасны песенны жанр прадставіла салістка групы “Milki”  Марына Куцко. На ўзроўні з дарослымі парадавалі сваім выступленнем юныя удзельнікі мастацкай самадзейнасці Марыяна Ярашэвіч, Дар’я Даўжук, Таццяна Даўгаполава і Ксенія Фурса. Шмат мелагучных народных песен было ў рэпертуары вакальнай групы “Надзея”, створанай пры фаніпальскім  філіяле ДЦСАН. Гледачам іх прадставіла старшыня фаніпальскай ветэранскай арганізацыіі Людміла Туля. І, канешне, працяглымі апладысментамі суправаджалася кожнае выступленне кампазітара і выканаўцы ўласных песен Тамары Кашчэва.

Паўдзённае сонца вымусіла гледачоў перабрацца з адкрытай пляцоўкі пад засень дрэў, але ніхто з іх не пакінуў разгарнуўшагася відовішча. Пад гукі музыкі многія пачыналі падтанцоўваць на месцах, а некаторыя закружыліся ў парах. Недалёка размясцілася гандлёвая кропка на колах райспажыўтаварыства, якая прапаноўвала прахаладжальныя напоі,  марожанае і іншыя прысмакі. Эмацыянальны настрой яшчэ доўга панаваў у вёсцы.

                                               Віктар УРАНАЎ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *