Воскресенье, Июль 23Дзержинский район: новости - афиша - реклама

На базе гімназіі №1 г. Дзяржынска прайшоў Міжнародны фестываль педагагічнага майстэрства.

Сістэма адукацыі нашага раёна – адна з лепшых у Мінскай вобласці, таму педагагічныя калектывы не толькі паспяхова канкурыруюць на рэгіянальным узроўні, але і годна праяўляюць сябе ў міжнародных сувязях. Не адзін год добрыя сяброўскія адносіны існуюць паміж педагогамі Дзяржыншчыны і Ціхвінскага раёна Ленінградскай вобласці. У межах Саюзнай дзяржавы такія кантакты сталі выдатнай формай супрацоўніцтва і ўсталявання даверу паміж суседнімі народамі.

На мінулым тыдні адбылася яшчэ адна падзея, якая аб’яднала прафесійныя інтарэсы педагогаў нашага раёна і іх расійскіх калег. На базе ДУА “Гімназія №1 г. Дзяржынска” прайшоў Міжнародны фестываль педагагічнага майстэрства. На гэты раз партнёрам па абмену вопытам стала Дзяржаўная бюджэтная агульнаадукацыйная ўстанова г. Масквы “Школа №1557 “Шматпрофільны комплекс “Браціслаўскі”, якая вя-дзе актыўную работу па распаўсюджванню педагагічных ведаў. Падпісанае некалькі гадоў таму пагадненне дазваляла мець даволі актыўныя кантакты паміж дзяржынскай гімназіяй і масквічамі, але яны адбываліся, галоўным чынам, праз інтэрнэт. Пасля візіту ў Дзяржынск прадстаўнікоў комплекса “Браціслаўскі” І. В. Шаўчэнкі і І. Б. Шульгіной вырашана было правесці больш маштабнае мерапрыемства. Ідэя знайшла падтрымку ў раённым выканаўчым камітэце і ў аддзеле адукацыі. Пасля ўзгаднення і прапрацоўкі ўсіх арганізацыйных пытанняў у Дзяржынск завітала прадстаўнічая дэлегацыя ў складзе 17 педагогаў з Масквы, Набярэжных Чалноў і Ніжняга Ноўгарада. Іх шчыра віталі ў калектыве ДУА “Гімназія №1 г. Дзяржынска”.

У гэтай навучальнай установе створаны выдатны адукацыйны асяродак, які дазваляе праводзіць вучэбна-выхаваўчы працэс ў адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі. Гасцей пазнаёмілі з тэхнічнай аснашчанасцю прадметных кабінетаў, бібліятэкай, гімназічным медыя-цэнтрам, умовамі для правядзення ўрокаў фізкультуры. Цікавасць у расіян выклікаў агульны ахоп усіх вучняў гульнёй у шахматы, гурток робататэхнікі, дзейнасць бізнэс-кампаніі “Керамічны куфэрак”. Падчас урачыстага адкрыцця Міжнароднага фестывалю, на які былі таксама запрошаны ўсе кіраўнікі навучальных устаноў раёна, яго ўдзельнікаў віталі начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму В. І. Матусевіч і дырэктар ДУА “Гімназія №1 г. Дзяржынска” Л. І. Сакалоўская. Слова ў адказ мела метадыст школы №1357 г. Масквы, заслужаны настаўнік Расійскай Федэрацыі І. Б. Шульгіна. Агульным накірункам для абмену вопытам была абрана тэма “Развіццё адукацыі: ад эфектыўнай школы да паспяховага выпускніка”, а мэтай мерапрыемства – актуалізацыя развіцця прафесійнай педагагічнай кампетэнтнасці настаўніка.

Беларускую і расійскую сістэмы адукацыі аб’ядноўвае агульнае мінулае – савецкая педагагічная школа. Тым не менш, за гады самастойнага існавання ў методыках выкладання прадметаў, а таксама ў вучэбных планах з’явіўся шэраг нацыянальных асаблівасцяў. Вось чаму абодва бакі былі зацікаўлены ў абмене вопытам работы, каб параўнаць свае дасягненні і ўзяць нешта новае па ўкараненні сучасных адукацыйных тэхналогій як неабходнай умовы павышэння якасці навучання. З гэтай мэтай другі дзень фестывалю быў адведзены для адкрытых урокаў, восем з якіх паказвалі расіяне, і восем – настаўнікі гімназіі. Арбітрамі прафесійнага спаборніцтва сталі намеснікі дырэктараў навучальных устаноў раёна, якіх запрасілі на мерапрыемства. Сваеасаблівы экзамен трымалі і вучні гімназіі.

Паказальная частка фестывалю атрымалася надзвычай плённай і змястоўнай. На адкрытых уроках педагогі прадэманстравалі сваё высокае прафесійнае майстэрства і бліскучае валоданне разнастайнымі сучаснымі тэхналогіямі і сродкамі навучання. Не горш паказалі сябе і гімназісты, ўпэўнена адказваючы на самыя складаныя пытанні. Іх высокі ўзровень ведаў і камунікабельнасць таксама адзначылі настаўнікі падчас экспертнага абмеркавання прадстаўленага вопыта работы. Яно адбылося ў другой палове дня пад кіраўніцтвам дырэктара гімназіі Л. І. Сакалоўскай. Былі агучаны і вынікі анкетавання. Агульная думка, якая вынікала з іх, падцвердзіла неабходнасць правядзення такіх сустрэч у будучым. Гэты намер знайшоў падтрымку ў адпаведных дамоўленасцях, згодна з якімі вырашана стварыць пастаянна дзеючую камунікатыўную адукацыйную пляцоўку для абмену вопытам. Кожны настаўнік, які даваў адкрыты ўрок, атрымаў сертыфікат Міжнароднага фестываля педагагічнага майстэрства.

Не менш насычанай была і культурная праграма, якую падрыхтаваў калектыў гімназіі для сваіх новых расійскіх сяброў. Яны змаглі папрысутнічаць на літаратурным балі па матывах рамана Льва Талстога “Анна Карэніна”, паглядзець мюзікл “Мама-кот”, пастаноўку тэатральнай студыі “Ступені”, канцэрт творчых самадзейных калектываў. Госці атрымалі вялікае задавальненне не толькі ад выканаўчага майстэрства юных артыстаў, але і былі ўражаны іх прыгожымі сцэнічнымі касцюмамі. На развітанне ўдзельнікаў Міжнароднага фестывалю пачаставалі блюдамі традыцыйнай беларускай кухні. Педагогам з Расійскай Федэрацыі таксама была прапанавана азнаямленчая экскурсійная паездку па Мінску.

Віктар УРАНАЎ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.