Актуально

Адкуль пайшла Навасёлкаўская зямля? Як энтузіяст-мінчанін знайшоў шляхецкія карані на Дзяржыншчыне

Валянцін Калечыц не з’яўляецца прафесійным гісторыкам. Па адукацыі ён інжынер-будайнік, а па роду заняткаў – звязаны з IT-сферай. Цікавасць да мінулага – яго даўняе захапленне. Усё пачалося з юнацкіх гадоў, калі ўзнікла жаданне даведацца пра свае карані. Па меры таго, як генеалагічная дрэва абрастала новымі разгалінаваннямі, збіраўся і факталагічны матэрыял, які паглыбляў яго веды пра той асяродак, дзе  жылі яго далёкія продкі. Паступова набываўся і вопыт работы са старажытнімі дакументамі. Шмат інфармацыі малады чалавек набыў, гартаючы пажоўклыя старонкі ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь. Потым межы яго даследчай дзейнасці сталі пашырацца за кошт іншых крыніц. Так, крок за крокам, ён паглыбляўся ў гэты працэс, атрымліваючы ад такога падарожжа ў мінулае сапраўднае задавальненне і, вядома ж, вялікую карысць.

Нястомная праца неўзабаве прынесла станоўчыя вынікі. Як стала вядома, род Калечыцаў сапраўды існаваў здаўна, заснаваўшыся на  Койданаўшчыне, а дакладней, у сяле Макаўчыцы, якое гаспадарчымі сувязямі было звязана непасрэдна з мястэчкам. І зараз у гэтых месцах нярэдка можна сустрэць жыхароў з такім прозвішчам. Высветлілася, напрыклад, што продкі Валянціна Калечыца ў XVI-XVII стагоддзях належылі да служылай радзівілаўскай шляхты, пры гэтым неслі баярскую і зямянскую службу, за што атрымлівалі ад князёў Радзівілаў зямлю – галоўны сродак дабрабыту на той час. У 1638 годзе дальні продак па гэтай лініі Марка Калечыц, як засведчылі архіўныя дакументы, пазычыў горшы Яну Ждановічу, за што той перадаў яму ў застаўнае валоданне зямлю пад Ярашоўкай у складзе маёнтка Навасёлкі. У самой Ярашоўке ў гэты ж час Марка Калечыц трымаў зямлю з мясцовымі баярамі ад тагачаснага ўласніка асноўнай часткі маёнтка Даніэля Скіндара. Іншая галіна продкаў Валянціна Калечыца – род Гладкіх — таксама жыў у гэтых мясцінах і іх гісторыя, згодна з даследваннямі, непасрэдна звязана з Навасёлкамі. Усё гэта дала падставу для іх нашчадка  скіраваць увагу на новы аб’ект пошукаў.

На гэты раз, праз знаёмых, Валянцін Калечыц стаў уладальнікам копій старажытных дакументаў, датаваных XVI-XVII стагоддзямі і звязанных з Вялікім княствам Літоўскім. Іх арыгіналы зараз захойваецца ў архіўных сховішчах Вільнюса і Варшавы. Таму, вядома ж, іх рукапісны варыянт занатаваны на польскай і старабеларускай мове, што выклікала пэўныя цяжкасці па іх расшыфроўцы. Але патрачаны час зноў завяршыўся важнымі адкрыццямі. Даследчык не толькі паглыбіўся ў сваю радаслоўную аж да XV стагоддзя, але і аднавіў карціну жыцця, якая віравала тры стагоддзя таму на навасёлкаўскіх землях. Справа ў тым, што купчыя альбо іншыя дакументы па перадачы зямель утрымліваюць шмат падрабязнасцяў, якія даюць досыць шырокае уяўленне пра гаспадарчую дзейнасць іх уладальнікаў, бо нярэдка суправаджаюцца планамі-схемамі, радаводамі, інвентарнымі спісамі, што дазваляе зазірнуць праз цемру стагоддзяў і аднавіць карціну тых часоў.

Атрымаўшы ў валоданне такі важкі пласт духоўнай спадчыны, Валянцін Калечыц вырашыў не марнаваць яе ва ўласнай калекцыі, а перадаць копіі гэтых дакументаў непасрэдна па таму адрасу, дзе адбываліся падзеі далёкага мінулага. Ен выйшаў на сувязь з дырэктарам ДУА “Навасёлкаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа Дзяржынскага раёна” Аленай Арлоўскай і дамовіўся пра сустрэчу. Днямі адбылася перадача лістоў з інфармацыяй пра падзеі, якія адбываліся на тутэйшых землях некалькі стагоддзяў таму. Па дамоўленасці, гэтыя унікальныя артыфакты знойдуць дастойнае месца ў школьным гісторыка-краязнаўчым музеі.

Сцяжынкамі гістарычных фактаў

Сваё знаёмства з Навасёлкаўскім краем госці з Мінска, а гэта былі сам Валянцін Калечыц і яго стрыечны брат Аляксандр Калечыц, пачалі  з агляду музейных экспанатаў. У якасці экскурсавода іх суправаджала кіраўнік школьнага музея Ганна Кавалеўская. Яна, у прыватнасці, адзначыла, што іх зямля заўсёды славілася сваім цікавым мінулым і людзьмі, якія пакінулі пасля сябе незабыўны след. Сярод іх Героі Савецкага Саюза Міхаіл Гармаза і Антон Гурын,  вядомыя паэты і пісьменнікі, працаўнікі сельскагаспадарчай вытворчасці. Некалькі пакаленняў аматараў краязнаўства па крупінках збіралі пра іх звесткі, паважліва захоўваючы здабытае для нашчадкаў. Сёння школьны музей сапраўды з’яўляецца цэнтрам па выхаванні ў падрастаючага пакалення пачуцця гордасці за сваю малую радзіму і  можа служыць прыкладам для любой установы адукацыі раёна. Праца ў гэтым накірунку не спыняецца, таму па словах дырэктара школы Алены Арлоўскай, архіўныя дакументы, што прывёзлі наведвальнікі з Мінска, павінны даць дадатковы імпульс для напісання новых старонак летапісу роднага края.

 

Да гэтага часу лічылася, што летапісная гісторыя Вялікіх Навасёлак пачалася з сярэдзіны XVII стагоддзя, калі, згодна з дакументамі, да мсціслаўскага скарбніка Стэфана Кастравіцкага звярнуўся за пазыкай адзін з самых багатых ліцвінскіх магнатаў таго часу Багуслаў Радзівіл.  На той час гэты ўладальнік шматлікіх маёнткаў і апошні прадстаўнік біржанскага разгалінавання знакамітага роду сапраўды апынуўся ў складаным фінансавым становішчы, звязаным з вайной паміж Рэччу Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай. Пад залог сваіх зямель ён пазычыў у Стэфана 60 тясяч злотых. Так Кастравіцкія сталі уладальнікамі значных плошчаў на Койданаўшчыне. Да іх засваення яны прыступілі ў пачатку XVIII стагоддзя. Пра гэта, у прыватнасці, паведаміла Ганна Кавалеўская пад час экскурсіі па музеі.

Працяг размовы пра мінулае Навасёлкаўскага краю адбыўся непасрэдна пры перадачы новых архіўных дакументаў. Гартаючы іх старонкі, Валянцін Калечыц адзначыў, што тутэйшыя землі, па выяўленных звестках, згадваюцца з XV-XVI стагоддзяў. На той час яны з’яўляліся часткай адміністрацыйнай адзінкі з цэнтрам у Станькава і належылі князям Гальшанскім. У 1540 годзе, па прывілею епіскапа Віленскага Паўла Гальшанскага, значныя плошчы з гэтых уладанняў з пражываючымі на іх баярамі была перададзена станькаўскаму ўрадніку Васілю Гладкаму. Пазней яны драбніцца паміж яго нашчадкамі і іх сваякамі. Зямельныя ўтрыманні, па прозвішчах іх гаспадароў, тады зваліся Суслаўшчына, Бахматаўшчына, Захаршчына, Маўрыкіеўшчына, Жукоўшчына і гэтак далей.

А вось дакумент, датаваны 1601 годам, паведамляе, што на землях, дзе зараз знаходзяцца Малыя Наваселкі, існаваў буйны гаспадарчы цэнтр, дзе, па прывілею кароля Жыгімонта II Аўгуста была закладзена вольная карчма. Мястэчка на той час мела плябанію (касцёл), дом бакалаўрскі (што сведчыць аб існаванні парафіяльнай школы), дамы мяшчан. Але пазней адмоўны адбітак на іх жыццё наклалі падзеі руска-польскай вайны 1654- 1667 гадоў. Гаспадарчыя сувязі прыйшлі ў заняпад і мястэчка пачала паступова губляць свае лідзіруючыя пазіцыі. Навакольныя землі таксама змянілі гаспадароў і ў 1653 годзе чарговы ўладар Даніэль Скіндар прадае іх Аляксандру Аравінка-Асядоўскаму, брат якога, Міхал, падчашы пінскі, дарэчы, склаў ад рукі рэестр дакументаў маёнтка і некалькі радаводаў былых землеўласнікаў, што таксама стала часткай архіўных знаходак.

А вось на вялікасельскім ускрайку гаспадарчая дзейнасць набірала абароты. Маёнтак кантралявалі нашчадкі брата станькаўскага урадніка Васіля Гладкага – Фёдара, урадніка гальшанскага. Мясцовыя землі называліся Навасёлкі Гладкоўскія, у тым ліку Акалоўшчына, Граблеўшчына, Яцкоўшчына і гэтак далей. Дарэчы пазней, праз сваяка Самуэля Герждовіча, род Калечыцаў, у выніку шлюбных зносін, перасёкся з родам Кастравіцкіх, што таксама надало пошукам Валянціна Калечыца асаблівую цікасць да Навасёлкаўскага краю. У канцы XVIII стагоддзя Умецкія прадалі землі сваіх продкаў у Малых Навасёлках Кастравіцкім, якія  і сталі поўнымі гаспадарамі маёнтка.

Амаль гадзіну доўжылася гэтае цікавае падарожжа ў даўніну, пасля чаго Валянцін Калечыц перадаў архіўныя дакументы на 33-х лістах кіраўніку музея Ганне Кавалеўскай. Пасля госці з Мінска наведалі магілу Каруся Каганца (Казіміра Кастравіцкага), каб аддаць даніну памяці свайму далёкаму сваяку, а потым прайшліся па былому маёнтку Кастравіцкіх.