Год исторической памяти Общество

Чароўны настрой святочнага дня: як у Дзяржынску адзначылі Каляды

Святкаванне Каляд у Дзяржынску 7 студзеня адбывалася на Цэнтральнай плошчы горада. Вакол Ёлкі-красуні размясціліся забаўляльныя пляцоўкі, кірмаш майстроў і гандлёвыя кропкі з пачастункамі, а на сцэне творчыя аматарскія калектывы раёна прадстаўлялі свае святочныя прывітанні землякам.

Канцэртная праграма пачалася з аздобленага спевамі аповеду пра Нараджэнне Хрыстова. Кранаючыя пастаноўкі падрыхтавалі юныя артысты са Станькава, выхаванцы дзіцячай школы мастацтваў і Дома культуры, а таксама нядзельнай школы Святапакроўскай царквы. Удзельнікі ўзорнай студыі “Задорынка”, вакальнага калектыву “Карапузы” Дзяржынскага Дома культуры і ўзорнай студыі эстраднай песні “Новые имена” гімназіі г. Дзяржынска працягвалі святочнае выступленне.

Дзяцей і дарослых на плошчы вабілі прыгожыя фотазоны і выставы, падрыхтаваныя работнікамі музея, Дзяржынскага Дома культуры і бібліятэчнай сістэмы. Рамесніцкі кірмаш уражваў разнастайнымі прапановамі адмысловых сувеніраў ручной работы. Кераміка, саломка, цацкі і упрыгожванні – свае таленавітыя вырабы прадставілі майстры народнага аматарскага аб’яднання “Калаўрот” Дзяржынскага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці.

Ні хвіліны не пуставалі і гульнёвыя пляцоўкі ФАЦ “Адзінства” з зімовымі гульнямі і спаборніцтвамі, і кропкі з займальнымі квестамі, абуладкаваныя работнікамі РАНС. Шмат цікавых традыцыйных забаў прапаноўвалі ўдзельнікам свята вясёлыя калядоўшчыкі з Лагавішчанскага клуба. Весялосць вакол іх панавала да самага цямна!

Асаблівы падарунак землякам падрыхтавалі работнікі Дзяржынскага лясніцтва. Каб студзеньскі мароз нікому не перашкодзіў весяліцца, яны абуладкавалі пляцоўку з так званымі “фінскімі свечкамі” і ўсіх жадаючых частавлі гарачай гарбаткай з палявой кухні.

Падсілкавацца разнастайнымі прысмакамі гасцінна запрашалі і гандлёвыя кропкі Дзяржынскага філіяла Мінскага абласного спажывецкага аб’яднання і ААТ “Крутагор’е-Петкавічы”.

Нават Дзед Мароз са Снягуркай не прамінулі такое свята! Казачныя персанажы павіншавалі дзяржынцаў, зычылі здароўя, шчасця і спаўнення жаданняў, загаданных пад чароўным посахам.

Вечаровы канцэрт “Калядныя сустрэчы” ладзілі артысты Дзяржынскага гарадскога Дома культуры: удзельнікі вядомых калектываў “Карагод”, “Апрель”, “Альянс”, “New Nalents”.

Святочны настрой, шчырыя добрыя памкненні, радасныя пачуцці аб’ядналі ў гэты дзень землякоў-дзяржынцаў і гасцей горада. Калядкі – добрыя святкі!