Актуально Год народного единства

Духоўная спадчына Каруся Каганца. Ч. 5

У канцы XIX – пачатку XX стагоддзя ў грамадстве заходніх губерняў Расійскай імперыі ўсё часцей гучала думка, што Беларусь – гэта самастойная тэрытарыяльная адзінка, гістарычна склаўшаяся ў анклаве паміж Польшчай і Расіяй. Таму яе народ, як і іншыя нацыі, мае права на ўласную мову, культуру і традыцыі. Носьбітам і актыўным прапагандыстам гэтай ідэі стаў Казімір Кастравіцкі – адзін з найбольш апантаных прадстаўнікоў беларускага адраджэння.

«Гэй, хлопцы, брацця мае, сыны Зямлі Беларускай, каторая раскінулася ад Гродны да места Смаленска і ад Прыпяці аж на другі бок ракі Дзвіны перакінулася. Кіньце ўвакол вокам, сабярыце харашэнька думкі і скажыце, ці павінна так быць, як цяпер ёсць? Ці справядліва гэта – усяго, што сваё, чурацца: і мовы сваёй, і звычаю свайго, і вопраткі сваёй? А ведаеце тое, што мова наша калісь слаўнай была, і быў час, калі наша мова працвітала пры дварэ каралёў польскіх. Ведайце, што спамеж вас больш, як спамеж другіх славянскіх народаў, слаўных людзей выходзіла даўней і цяпер выходзіць і розумам і ваеннымі заслугамі».

                                                                                                                                    Карусь Каганец. З артыкула «Прамова»

«За родну краіну, звычай і мову»

Літаратурная суполка, што заснавалася ў Мінску, з прыхільнасцю ўспрыняла самабытную творчасць пачынаючага пісьменніка і паэта. Казімір Кастравіцкі, нягледзячы на свой сціплы выгляд вясковага селяніна, адразу ж уваўшоў ў кола інтэлігенцыі, якая займалася папулярызацыяй беларускай мовы. З дапамогай калег-аднадумцаў першыя творы збіральніка юцкоўскіх легенд і паданняў хутка разышліся ў друкаваным слове па газетах і часопісах. З гэтага часу ён стаў больш вядомым пад псеўданімам Карусь Каганец.

Тэмы для літаратурных сюжэтаў Казімір, як і раней, чэрпаў з жыцця. У сялянскай хатцы з’явіўся куточак для ўласнай бібліятэкі, і чытанне стала неад’емнай часткай заняткаў па самаадукацыі. Ён шмат увагі надаваў удасканаленню сваіх лінгвістычных ведаў, напружана працаваў над праблемамі беларускай мовы ў кантэксце графікі, правапісу, лексікаграфіі і граматыкі.


Кастравіцкі адным з першых мовазнаўцаў паставіў пытанне аб стварэнні ўласнабеларускай азбукі, бо ў кірылічным варыянце не хапала літар, каб перадаць усю палітру гукавой афарбоўкі вуснай народнай творчасці.


Каруся заўсёды цікавіла самабытнасць беларускай лексікі, характэрнай для простага народа. Увесь час жывучы сярод сялян, ён запісваў цікавыя, на яго погляд, беларускія словы. Нават спрабаваў у далейшым скласці тлумачальны слоўнік. Гэтыя лінгвістычныя напрацоўкі пазней былі выкарыстаны для стварэння падручніка для дзяцей «Беларускі лемантар, або Першая навука чытання».

Вокладка падручніка для дзяцей, складзенага Карусём Каганцом

Падчас вандровак па наваколлях Кастравіцкі пазнаёміўся з Ганнай Пракаповіч, якая прыехала наведаць сваіх родзічаў у суседнюю вёску Навасады. Дзяўчына вельмі спадабалася Казіміру, і ён пачаў дабівацца ад яе ўзаемнасці. Узнікшыя пачуцці знайшлі ўвасабленне ў эпісталярным жанры. У дні разлукі адзіным сродкам зносін Казіміра і Ганны была перапіска. Яны дасылалі лісты адно аднаму звыш двух гадоў. Асабліва часта пісаў каханай Кастравіцкі. Пазней пачаў дапаўняць пасланні лірычнымі вершамі. Большасць з іх захавалася і была аб’яднана ў адзіны цыкл пад назваю «Спяванні мілосныя «Каханне Каганца». З гэтай творчай скарбонкі пісьменніка, раскрываючай яго асабістае жыццё, да друку дайшла толькі нязначная частка напісанага. Астатняе захоўваецца ў рукапісным выглядзе ў аддзеле рэдкай кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

У 1899 годзе закаханыя сталі мужам і жонкай. Адразу ж пасля вяселля Казімір заняўся ўзвядзеннем уласнага жытла, аб чым даўно марыў. Зруб ён заклаў ва ўрочышчы Лісія Норы, паблізу ад бацькоўскіх агародаў. Наведваючы гэтыя мясціны ў 1928 годзе, вядомы беларускі краязнаўца Мікола Каспяровіч зрабіў такі запіс (прыводзім з захаваннем правапісу аўтара): «Вось маленькая хатка з двама ваконцамі, у якой жыў Каганец. Уваход праз хлеў. Падлогі няма і не было. Не ймецца веры, што ў ёй прыходзілася жыць такому вялікаму чалавеку… Пазьней да яе прыбудавана крышку большая хатка з крытым ганкам. Хоць і ўехала ў зямлю Каганцова хатка, але перажыла яго. І актыўна перажыла, бо дрэнна ўплывала на здароўе».

Хатка Каруся Каганца. Здымак, зроблены з натуры Міколай Каспяровічам. 1928 год

На жаль, вельмі хутка маладажоны адчулі пэўныя матэрыяльныя цяжкасці, бо стрыечныя браты Кардэцкія не пажадалі дзяліцца зямлёю са сваім зводным братам. А таму ў пачатку XX стагоддзя Казімір зноў падаўся ў Мінск. Каб пракарміць сям’ю, ён браўся за любую працу, адначасова займаўся літаратурнай дзейнасцю, якая таксама прыносіла невялікі заробак.  З пад яго пяра выходзілі вершы і апрацаваныя народныя легенды і паданні, паступова выкрысталізоўваўся і індывідуальны стыль іх напісання. Паэзія Каганца набыла формы, блізкія да народнай песні. Нярэдка у яго вершах гучалі антыпрыгонніцкія і рэкруцкія матывы. Карусь Каганец аднавіў у беларускай літаратуры таго часу старадаўні жанр духоўнай паэзіі, у якой рэлігійныя матывы часам спалучаліся з патрыятычна-адраджэнскімі (вершы «Малітва», «Наша ніўка»). Каганец таксама зрабіў цікавы парафраз 90-га псалма (з польскага вершаванага перакладу «Псалтыра» Яна Каханоўскага).

Заснаваная на творчым выкарыстанні здабыткаў беларускай гутарковай мовы, набыла адметнасць і проза Каруся Каганца. Асабліва ярка яна праявілася ў апрацоўках народных казак «Скрыпач і ваўкі», «Журавель і чапля», «Што кажух, то не вата».


Вельмі ўдалымі па зместу і форме атрымаліся навукова-папулярныя нарысы «Вандроўка кроплі вады», «Год», «Нашыя птушкі». У гэтых творах пісьменнік выступае як самародак-педагог, які ўмела і проста тлумачыць дзецям складаныя жыццёвыя і прыродныя з’явы.


Займальным атрымаўся і пераклад на беларускую мову навукова-папулярнай брашуры «Гутаркі аб небе і зямлі». Сярод празаічных твораў Каруся Каганца сваёй арыгінальнай пабудовай вызначаецца апавяданне «Бывалы Юр у Мінску». Запісаны ў форме дыялога, яно адлюстроўвае крытычны погляд бывалага селяніна на гарадскія забаўкі. З’явіліся ў Каруся Каганца і цікавыя бытавыя апавяданні.

У гэты перыяд пісьменнік спрабуе сябе таксама ў ролі драматурга. Першым творам гэтага жанру стала п’еса «У іншым шчасці няшчасце схавана». Пазней убачыла свет яго камедыя «Модны шляхцюк», дзе ярка і запамінальна паказана жыццё беларускай засцянковай шляхты. Пастаўлены на тэатральнай сцэне трупай Ігната Буйніцкага, гэты вадэвіль меў вялікі поспех у гледачоў. На вялікі жаль, засталіся няскончанымі бытавая драма «Двойчы прапілі», а таксама творы на гістарычную тэматыку – «Старажовы курган» і «Сын Даніла».


Шматгранная дзейнасць Каруся Каганца сведчыла пра тое, што ў пачатку XX стагоддзя беларускамоўная літаратура атрымала яшчэ адну яркую і самабытную асобу.


У гэты ж перыяд Казімір Кастравіцкі стаў адным з актыўных удзельнікаў гуртка нацыянальна-культурнай накіраванасці. Дыскусіі і спрэчкі маладых літаратараў часам выходзілі за межы прафесійнай дзейнасці і набывалі палітычны характар. Так, у іх асяроддзі ўзнікла ідэя заснавання самастойнай палітычнай партыі. У 1902 годзе быў створаны арганізацыйны камітэт, куды, апрача Кастравіцкага, увайшлі Аляксандр Бурбіс, Вацлаў Іваноўскі, Браты Антон і Іван Луцкевічы, Элаіза Пашкевіч і іншыя. Яны аб’ядналі вакол сябе групу аднадумцаў і абвясцілі аб стварэнні Беларускай рэвалюцыйнай грамады. У снежні 1903 года ў Вільне адбыўся I з’езд новага згуртавання, на якім прынята рашэнне аб стварэнні палітычнай партыі пад назваю Беларуская сацыялістычная грамада, а таксама зацверджаны першы варыянт праграмы.

Большасць членаў новай партыі адносіліся да прадстаўнікоў інтэлігенцыі і па паходжанні мелі шляхецкія карані. Зразумела, што яны прытрымліваліся поглядаў, сфарміраваных пад уплывам Польскай сацыялістычнай партыі. Аднак у праграмным дакуменце выступалі з патрабаваннем аб нацыянальна-краявой аўтаноміі беларускіх зямель. Уключыўшыся ў палітычную барацьбу, Карусь Каганец праявіў сябе як выдатны публіцыст. У артыкулах «Прамова», «Думка», «З рэферату на калядны сход беларускай грамады 1903 года» ён ярка акрэсліў праблемы нацыянальнага адраджэння, развіцця беларускай культуры, мовы, асветы.