Год народного единства Общество

Духоўная спадчына Каруся Каганца. Ч. 6

Пераломным для палітычнай дзейнасці Каруся Каганца стаў 1905 год, калі ў буйных гарадах Расіі пачаліся хваляванні рабочых, незадаволеных матэрыяльным становішчам і ўмовамі працы. Хутка іх выступленні набылі антыўрадавую афарбоўку і перараслі ў першую буржуазна-дэмакратычную рэвалюцыю 1905–1907 гадоў. Водгук гэтых падзей дакаціўся да заходніх ускрайкаў расійскай імперыі і быў падтрыманы найбольш актыўнай часткай беларускай інтэлігенцыі.

«Мы тыя хлопцы-радыкалы, што скінем цямноты ярмо»

У адрозненне ад аднапартыйцаў па Беларускай сацыялістычнай грамадзе, якія стрымана аднесліся да праяў бунтарства простага народа, Казімір Кастравіцкі не застаўся ў баку ад палітычнай барацьбы. Гэтай справе ён прысвяціў свой талент паэта, пісьменніка і публіцыста. У сакавіку 1905 г. прыняў удзел у Першым беларускім сялянскім з’ездзе ў Мінску, дзе заклікаў сялян да барацьбы за ўстанаўленне ўлады народа – у форме агульнарасійскага сойму і краёвых соймаў у нацыянальных акраінах: Беларусі, Літве, Польшчы. На другім з’ездзе БСГ і шэрагу партыйных нарад дапамагаў распрацоўваць праграмы і рэзалюцыі гэтых сходаў. Захаваўся варыянт аднаго з такіх дакументаў, напісаны рукою Каганца. У ім аўтар выступіў за пераход зямлі ва ўласнасць усяго краю і перадачу яе кожнаму, «хто хоча на ёй працаваць, чы адзінотна, чы гуртам».


У гэты перыяд свет пабачыў томік беларускіх вершаў «Песні», прызначаны для адраджэнска-рэвалюцыйнай агітацыі. І хаця паэтычныя творы ў зборніку змешчаны ананімна, вядома, што туды ўвайшлі вершы Францішка Багушэвіча, Алаізы Пашкевіч (Цёткі) і Каруся Каганца.


У сярэздіне 1905 года Казімір Кастравіцкі атрымаў месца дзясятніка на чыгунцы Балагое – Сядлец у Лідзе, дзе жыў і працаваў лекарам яго старэйшы брат Амброзі. Туды ж ён перавёз і сваю сям’ю – жонку і сыноў Янку і Мірона. Там яго аднадумцам па палітычных поглядах стаў Сцяпан Багушэвіч, блізкі сваяк жонкі брата. У кульмінацыйны момант падзей у Маскве, калі справа дайшла да ўзброенага паўстання, яны едуць у Прымагілле, каб падняць мясцовае насельніцтва на барацьбу супраць царскага самадзяржаўя. Аднак на мітынгу сяляне не адгукнуліся на гэты прызыў. Больш таго, на агітатараў данеслі ў паліцыю. Раніцай наступнага дня ў хату Кардэцкіх, дзе заначавалі Казімір і Сцяпан, уварваліся жандары і абодвух арыштавалі. Пісьменнік прасядзеў у Мінскай турме амаль 6 месяцаў. Потым, у сувязі з пагоршыўшымся станам здароўя, па хадайніцтве родзічаў і сяброў яго выпусцілі да суда на парукі.

Атрымаўшы свабоду, Карусь Каганец разам з сям’ёй перабіраецца ў Мінск. Тут яны вымушаны пераязджаць з кватэры на кватэру. Узніклі цяжкасці з уладкаваннем на работу: з былым арыштантантам, тым больш што ён знаходзіўся пад следствам, ніхто не жадаў мець справу. Адмаўлялі яму ў публікацыях і выдаўцы газет «Минский листок» і «Северо-Западный край», з якімі ў апошні час супрацоўнічаў пісьменнік. Нягледзячы на хадайніцтва сяброў, не згаджалася друкаваць яго і газета «Наша Ніва» – орган БСГ . Магчыма, рэдакцыя не прымала радыкалізм у поглядах Каганца, а магчыма, перашкаджалі тыя ўмовы, якія ёй ставіў аўтар. Напрыклад, «друкуйце так як ены написаны не змениваючы правописма. Я, бачыце, хочу штобы вашу газэту уси белорусы могли чытаци и штобы мели з ее корысць, а не одна борысоўшчына и вилейшчына».

То былі цяжкія гады, але Кастравіцкі не губляў прысутнасці духу. Ён нават патрабаваў ад суда, каб хутчэй разгледзелі яго справу і далі магчымасць адбыць тэрмін зняволення. У пачатку 1908 года ён уладкаваўся ляснічым ў Патоку, каля Клічава, а потым яго перавялі ў Дулебы, на Ігуменшчыну. Вандроўкі па тутэйшых ваколіцах і новыя сустрэчы зноў абудзілі жаданне ўзяцца за пяро. Так узнікае апавяданне-абразок «Забойства Захаркі».

У верасні 1909 года Карусь Каганец у пошуках лепшага заробку падаўся ў Вільню. Пасяліўся ён у кватэры журналіста Мікалая Шылы, пра што той пасля напіша: «У канцы 1909 ці пачатку 1910 года (добра не памятаю) у Вільню прыехаў Карусь Каганец. Прыехаў ён, як і заўсёды хадзіў, у кажушку і беларускай світцы. Сьвітка была падпяразаная рэменем, на якім вісеў прывязаны да раменьчыка нож і шабалтас. Спакойная, зраўнаважаная гутарка яго рабіла моцнае ўражаньне. Ягоны выгляд – малы рост і горб, вялікая галава з пасівеўшай бародкай і жывымі, праніклівымі вачыма – цягнуў да сябе кожнага. З гэтага дня кожны вольны вечар Я. Купала праводзіў у гутарках у нас. На якія толькі тэмы не ішла размова: літаратура, і тэатар, і малярства (К. Каганец у поўным значэньні гэтага слова быў маляр і скульптар), але кожная тэма зводзілася на нашае беларускае жыцьцё і ягоныя праблемы. Усю зіму пісьменьнік працуе ў рамесьніцкай школе пры касьцёле Сьвятога Сьцяпана. Тут ён стварае найвядомую сваю скульптуру – драўлянае ўкрыжаваньне Хрыста, амаль у мэтар вышынёй, афарбаванае ў белы колер з ручніком на поясе Ісуса з народным арнамэнтам».


2 красавіка 1910 года за ўдзел у рэвалюцыйных падзеях 1905-га Карусь Каганец быў асуджаны Віленскай крымінальнай палатай на год зняволення ў Мінскай турме. Разам з ім у адной камеры адбывалі пакаранне яго зводны брат Міхась Кардэцкі, а таксама паэт і празаік Якуб Колас.


Час для іх ляцеў хутка: цікавыя размовы, агульныя інтарэсы і ўзаемная падтрымка… Пад уплывам свайго сябра па пісьменству Каганец прадоўжыў пісаць вершы і прозу, чытаў літаратуру, маляваў карціны і выразаў драўляныя скульптуры. Усё гэта дазвалялася рабіць арыштантам. Тады ж Карусь зрабіў ілюстрацыі да твораў Якуба Коласа, якія той напісаў у турме. На жаль, малюнкі не захаваліся.

Адбыўшы тэрмін зняволення, Казімір Кастравіцкі зноў пераехаў у Мінск. Па першым часе сям’і, якая папоўнілася яшчэ дзвюма дачушкамі – Міленай і Галінай, дала часовы прытулак малодшая сястра Маня. Потым пачаліся блуканні па чужых кватэрах. Здароўе пагоршылася, але былы палітвязень упарта шукаў працу, каб пракарміць жонку і чацвёра дзетак. Спачатку Каганец перабіваўся выпадковымі заробкамі, пакуль не атрымаў працу эканома ў фальварку Жартай каля мястэчка Багданава Барысаўскага павета.

Жыццё патроху наладжвалася, але яго павольны бег прыпыніла Першая сусветная вайна. Праз год да фальварка наблізіўся фронт. Усё часцей былі рэквізіцыі на армейскія патрэбы, што рэзка пагоршыла справы ў фальварку. Працаваць стала цяжка, і эканом Кастравіцкі, каб не мець канфліктаў з гаспадаром, панам Копацем, звольніўся і зноў падаўся ў Мінск. Там пад уплывам апошніх падзей актывізаваліся розныя палітычныя плыні. Каганец зноў акунуўся ў вір грамадскай дзейнасці.


Змітрок Бядуля: «Я памятаю Каганца з 1917 году, калі ён пасьля Лютаўскай рэвалюцыі пехатою прыйшоў у Менск з свайго хутару пад Койданавам… У яго быў выгляд імяніньніка: радасны, бадзёры, хоць яму было ўжо за 50 гадоў. – Вось цяпер падышоў час і нам, беларусам, працаваць, – гаварыў ён».


Калі выпадаў свабодны час, Каганец па звычцы наведваў Прымагілле, каб падыхаць паветрам роднай старонкі. Падчас аднаго з такіх візітаў, у майскі цёплы дзень 1918 года, ён раптоўна, як некалі яго бацька, пайшоў з жыцця. Магчыма, не вытрымала напружання сэрца ці праявіліся застарэлыя хваробы. На пахаванні жонка і дзеці не прысутнічалі. У апошні шлях яго правёў зводны брат Міхась Кардэцкі.

Паэта, драматурга, перакладчыка, публіцыста, мастака, скульптара і грамадскага дзеяча пахавалі на родавых могілках Кастравіцкіх у Вялікіх Навасёлках. Доўгі час гэтае месца заставалася неабазначаным: не было ні крыжа, ні помніка. І толькі ў сярэдзіне 1980-х гадоў за справу ўзяліся краязнаўцы з Навасёлкаўскай сярэдняй школы на чале з настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Лявонам Ермаловічам. Па апісанні, пакінутым у часопісе «Наш край» Мікалаем Каспяровічам, яны змаглі адшукаць магілу славутага земляка.

Па хадайніцтве грамадскасці і з дапамогай мясцовых органаў улады на месцы пахавання Каруся Каганца ў 1988 годзе быў устаноўлены гранітны помнік. Аднавілася і цікавасць да яго творчасці. Аднак, на жаль, пакуль у друку з’явіўся толькі адзін зборнік твораў пісьменніка і паэта ў апрацоўцы Сцяпана Александровіча.