Год народного единства Общество

Духоўная спадчына. Жыццёвы подзвіг Адольфа Янушкевіча. Ч. 1

З вёскай Дзягільна звязана імя чалавека, чые адкрыцці паставілі яго на адзін  узровень з такімі навукоўцамі-даследчыкамі, як Ігнацій Дамейка, Іван Чэрскі, Зыгмунт Мінейка, Бенядыкт Дыбоўскскі, Мікалай Судзілоўскі і іншыя нашы славутыя землякі. Адарваныя па волі лёсу ад родных мясцін, гэтыя людзі праявілі свой навуковы талент на чужыне, дабіўшыся высокага прызнання. Такі няпросты шлях выпрабаванняў прайшоў і наш зямляк Адольф Янушкевіч, які паклаў пачатак асэнсаванаму і ўпарадкаванаму падыходу да гістарычнага летапісання казахскага этнасу.

Пра Адольфа Янушкевіча захавалася зусім мала звестак, у большасці публікацый яны ўвогуле маюць павярхоўны, а часам і супярэчлівы характар. Аб’ектыўную карціну яго жыцця сапраўды вельмі складана ўзнавіць — час няўмольна знішчае многія падрабязнасці. Да таго ж Адольф Янушкевіч за ўдзел у шляхецкім паўстанні 1830—1831 гадоў быў асуджаны на пажыццёвую высылку ў Сібір. Працуючы ва ўмовах абмежаванай свабоды, ён тым не менш змог пакінуць пасля сябе багатую навуковую і літаратурную спадчыну. На жаль, усе гэтыя матэрыялы былі надрукаваны толькі за мяжою і ў арыгінальным выглядзе да нас так і не дайшлі.

У апошняе дзесяцігоддзе сваёй высылкі Адольф Янушкевіч быў залічаны ў канцылярыю начальніка Памежнага ўпраўлення Сібірскімі кіргізамі. Па загаду царскага ўрада ён рабіў паездкі па бясконцых казахскіх стэпах, апісваючы побыт і звычаі казахаў Старэйшага жуза, якія ў 1846 г. добраахвотна далучыліся да Расіі.

Так, выконваючы новыя абавязкі, палітвязень ператварыўся ў перакладчыка, даследчыка і этнографа. Конна і пешшу ён пераадолеў каля дзвюх тысяч кіламетраў па нязведаных землях, дзе раней не ступала нага еўрапейца.

Вынікам такіх экспедыцыйных паездак стала апісанне прыроды і жывёльнага свету далучаных да расійскіх зямель тэрыторый. Але галоўнае месца ў гэтых запісах адводзілася людзям, іх мове, традыцыям, культуры, побыту. Яго праца мела надзвычай важнае значэнне для фарміравання казахскага этнасу, які ў сярэдзіне XIX cтагоддзя нават не меў свайго пісьменства.

Як усебакова развітая і высокаадукаваная асоба, Адольф Янушкевіч занатоўваў свае ўражанні яркай і вобразнай мовай, праяўляючы сапраўдны талент фалькларыста і публіцыста. Гэтыя запісы склалі яго знакаміты “Дзённік паездак у Сібір”, а сабраныя там матэрыялы сталі першым гістарычным даведнікам пра мінулае казахскага народа. Гэтая кніга і па сённяшні дзень мае высокую навуковую каштоўнасць.

Многія прадказанні Адольфа Янушкевіча спраўдзіліся. Так, напрыклад, пра качавыя плямёны ён пакінуў наступны запіс: “Народ, адораны творцам такімі здольнасцямі, не павінен застацца па-за межамі  цывілізацыі: дух яе распаўсюдзіцца калі-небудзь на кіргізскіх стэпах, разадзьме тут іскрынкі святла, і прыйдзе час, калі вандруючы сёння намад (пастух) зойме ганаровае месца сярод чалавецтва…”. І сёння мы сапраўды з’яўляемся сведкамі росквіту суверэннай Рэспублікі Казахстан.

Пра адно маленькае паселішча даследчык выказаў наступнае меркаванне: «Акмала, напрыклад, стане сталіцай усяго стэпу». Так яно і адбылося. На тым месцы вырас горад Цалінаград, перайменаваны затым у Астану, а зараз ён носіць назву Нур-Султан.

У ссылцы Адольф Янушкевіч вёў актыўную перапіску са сваімі роднымі і знаёмымі. Гэтыя лісты з няволі таксама з’яўляюцца ўзорамі літаратурнага мастацтва. Аўтар не толькі па-майстэрску валодаў пяром, але і меў удумлівы погляд на жыццё. Адзін з бліжэйшых паплечнікаў Адольфа Янушкевіча па рэвалюцыйнай дзейнасці паэт Густаў Зялінскі выкарыстаў з дазволу сябра многія сюжэты з яго лістоў  для ўласных паэм ”Кіргіз” і “Стэп”. У поўных лірычнага, а месцамі і філасофскага раздуму пісьмах нярэдка  гучалі настальгічныя ноткі аб радзіме, аб тых мясцінах вакол Дзягільна, з якімі было звязана юнацтва аўтара. Але ніколі Адольф Янушкевіч не выказваў шкадавання за перажытае. Да канца жыцця ён не здрадзіў сваім свабодалюбівым ідэям, ідэалам, застаючыся мужным і валявым чалавекам.

Так атрымалася, што большая частка пісьмаў (каля 600) была захавана ў бацькоўскім маёнтку Дзягільна, а потым апрацавана добрым знаёмым Адольфа Янушкевіча — Феліксам Вратноўскім, які  вельмі выразна адлюстраваў ва ўласных аповедах вобраз дарагога прыяцеля. У выніку атрымаўся цікавы двухтомнік пад назваю “Жыццё Адольфа Янушкевіча і яго лісты з кіргізскіх стэпаў”, які быў надрукаваны на польскай мове ў Парыжы ў 1861 годзе. Кніга раскрывала для шырокага кола чытачоў жыццё ссыльных у Сібіры і была з прыхільнасцю ўспрынята грамадскасцю.

Цэнтральнае месца ў зборніку адводзілася таленавітай і надзвычай прывабнай постаці чалавека-грамадзяніна, які прынёс у ахвяру сваё жыццё і свабоду дзеля высокіх ідэалаў.

Адначасова, праз думкі самога Адольфа Янушкевіча, перад чытачамі паўстала шырокая панарама грамадскага жыцця таго часу. Таму выданне мела поспех у Еўропе.

У 1927 годзе кніга была перавыдадзенна другі раз у Берліне і хутка стала бібліяграфічнай рэдкасцю. Але потым пра яе забыліся. Магчыма, яна так і згубілася б ў неабсяжным моры літаратурных публікацый, аднак адзін з яе асобнікаў выпадкова трапіў на вочы выкладчыку Алмаацінскага ўніверсітэта Фаіне Сцякловай, нястомнаму даследчыку гісторыі Казахстана. З яе дапамогай кніга была перакладзена на рускую мову і надрукавана ў такім варыянце ў 1966 годзе. Гэтая публікацыя значна ўзняла аўтарытэт Адольфа Янушкевіча.

Яго імя загучала ў назвах вуліц населеных пунктаў Казахстана. Там, дзе ён жыў на пасяленні, у яго гонар быў створаны этнаграфічны музей, пачалі праводзіцца навуковыя даследаванні яго літаратурнай спадчыны.

На Бацькаўшчыне беларускамоўны варыянт “Жыцця Адрольфа Янушкевіча і яго лістоў з кіргізскіх стэпаў” з’явіўся толькі ў 2008 годзе. Гэтую надзвычай адказную справу выканала па ўласнай ініцыятыве жыхарка Дзяржынска Ганна Суднік-Матусевіч. Нарэшце жыццяпіс нашага выдатнага земляка з’явіўся на яго радзіме, што дазволіла больш грунтоўна пазнаёміцца са светапоглядам знакамітага вучонага-этнографа.

Да асобы Адольфа Янушкевіча сталі прыглядацца беларускія навукоўцы. На старых панскіх могілках у Дзягільне пачаліся рэстаўрацыйныя работы, добраўпарадкоўваліся месцы пахавання членаў сям’і Янушкевічаў. Усё гэта праводзілася пад кіраўніцтвам старшага навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі Міколы Крывальцэвіча. Многія надмагільныя пліты, якія ўжо паўрасталі ў зямлю, былі прыведзены ў парадак. Пашырыліся кантакты з навуковай грамадскасцю Рэспублікі Казахстан, інфармацыйны матэрыял пра Адольфа Янушкевіча ўзбагаціўся новымі звесткамі. Вялікую работу па даследаванні архіваў сям’і Янушкевічаў правяла дацэнт гістарычнага факультэта БДУ кандыдат гістарычных навук Валянціна Гарбачова.

І ў пачатку лістапада 2012 года на фамільных могілках у Дзягільне быў адкрыты  памятны знак у гонар Адольфа Янушкевіча (на жаль, месца яго пахавання так і не было дакладна ўстаноўлена).

На ўрачыстым мерапрыемстве прысутнічаў Пасол Рэспублікі Казахстан у Беларусі Ергалі Булегенаў. У гонар 110-й гадавіны з дня нараджэння Адольфа Янушкевіча ў чытальнай зале Дзяржынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі адбыліся II Койданаўскія чытанні, а ўдзел у іх дэлегацыі з Казахстана надаў падзеі міжнароднае гучанне.

Здавалася б, забытае імя знакамітага даследчыка і этнографа пачало адраджацца на яго малой радзіме. Але за мінулае дзесяцігоддзе многія з гэтых пачынанняў не атрымалі далейшага развіцця. У заняпад сталі прыходзіць і старыя панскія могілкі — па сутнасці, знакавае месца ў гісторыі нашага раёна. Таму і ўзнікла неабходнасць зноў успомніць пра жыццёвы подзвіг слыннага земляка.

(Працяг будзе)

Віктар УРАНАЎ