Актуально Год народного единства

Духоўная спадчына. Жыццёвы подзвіг Адольфа Янушкевіча. Ч.5

У 1832 годзе па веснавым бездарожжы, адразу ж пасля абвяшчэння судовага прыгавору Адольфа Янушкевіча пад канвоем этапіравалі ў Сібір, дзе яму было вызначана пажыццёва адбываць высылку. Месца яго пакарання знаходзілася за 3600 вёрстаў ад роднай сядзібы. Так пачаўся сібірскі перыяд у жыцці палітычнага вязня. Год ён правёў у Табольску, восем – у Ішыме, дваннацаць – у Омску і тры – у Ніжнім Тагіле.

Пачатак выгнання

У XIX стагоддзі гэтыя кропкі на карце Расійскай імперыі губляліся на бясконцых сібірскіх прасторах і былі зусім непрыстасаваныя для існавання чалавека. Ізаляванасць ад знешняга міру, суровы клімат, бездарожжа і поўная адсутнасць любых прыкмет цівілізаціі зрабілі гэты край месцам адбывання пакарання для тых, хто здейсніў асабліва цяжкія злачынствы. Для ўлад гэта быў таксама найпрасцейшы спосаб залюднення амаль дзікай усходняй часткі Расіі.

Такога кшталту пасяленцаў звалі асаднікамі, і яны падзяляліся на крымінальных і палітычных злачынцаў. Першыя з іх мелі адносна нядрэнныя прывілеі. Па загаду Управы пасяленцаў («Приказ о ссыльных») ім адводзіўся надзел зямлі – 15 дзесяцін – каб мелі магчымасць уласнай працай здабываць сабе прадукты харчавання. Пасля трох гадоў прыкладных паводзін ім выдаваліся пашпарты, якія дазвалялі перамяшчацца ў межах сваёй акругі і займацца гандлем альбо іншым рамяством. Да таго ж гэтай катэгорыі пасяленцаў можна было без абмежаванняў дасылаць з цэнтральнай часткі Расіі лісты, пасылкі і грашовыя пераводы.

Ссыльныя палякі ў Сібіры. 1863 год

Зусім у іншых умовах знаходзіліся ссыльныя па палітычных справах. Адразу пасля прысуду іх пазбаўлялі пашпартоў і выкрэслівалі са спісаў грамадзянства. Весці перапіску і атрымліваць пасылкі ім дазвалялася не інакш як праз рукі паліцыі. Без спецыяльнага дазволу гэтыя людзі не маглі пакідаць месца свайго пасялення. Іх становішча пагаршалася тым, што па месцы жыхарства яны самі павінны былі клапаціцца пра ўладкаванне побыту – здабываць ежу, прыбіраць і ацяпляць жыллё, мыць вопратку і бялізну, але галоўнае – праводзіць доўгія гады без звыклага ладу жыцця.

Гэта было цяжкае псіхалагічнае выпрабаванне, якое не кожны мог здолець, таму звычайнай з’явай сярод палітычных пасяленцаў у той час былі вар’яцтвы і самагубствы.

Вытрымаць усе нягоды, супрацьстаяць такім пераменам мог толькі моцны духам, валявы чалавек. Такім быў Адольф Янушкевіч, які ў крытычны момант жыцця ніколі не падаваў нават і прыкметы адчаю. Дзякуючы адкрытаму характару яму шчасціла на добрых і спагадлівых людзей. Сціплую дапамогу ён меў ад родных, у першую чаргу ад матулі, але ў барацьбе за існаванне галоўную ролю ўсё ж адыграла яго дзейная натура.

Калі канвой з вязнямі прыбыў да месца прызначэння, Адольф Янушкевіч нечакана сустрэў свайго знаёмага Пятра Машынскага, які быў сасланы ў Сібір раней і змог ужо абжыцца ў няволі. З дапамогай сябра новы пасяленец хутка знайшоў кватэру ў Табольску, невялікім на той час паселішчы. Услед прыйшла грашовая дапамога ад дзядзькі з Падолля і матчына пасылка з Дзягільна, дзе знаходзіліся цёплыя рэчы, а галоўнае – кнігі, па якіх Адольф ужо пачаў сумаваць. Забяспечаны такім чынам матэрыяльна і духоўна, ён адчуў некаторы спакой за сваю будучыню.

Але сітуацыю нечакана ўскладніла падзея, звязаная са спробай польскамоўных палітычных зняволенных узняць мяцеж супраць паліцэйскага самавольства. Змова была выкрыта, а яе ўдзельнікі панеслі суровае пакаранне. Ускосна пацярпеў і новы табольскі пасялянец, якому ўлады выдалі новае прадпісанне – асесці на пастаяннае месца жыхарства каля самай мяжы з казахскімі стэпамі. Таму пад канец 1833 года Адольф Янушкевіч вымушаны быў пакінуць Табольск і рушыць да павятовага гарадка Ішыма. Ізаляванасць ад цывілізацыі вымусіла яго шукаць іншую магчымасць сувязі з блізкімі людзьмі.

Атрымаўшы пісьмовыя прылады і паперу, ён пачаў рэгулярна дасылаць лісты ў Дзягільна, падрабязна апісваючы свой побыт у сібірскай высылцы. Маці клапатліва складвала гэту карэспандэнцыю, якая пазней стала сапраўдным жыццяпісам таго, што давялося перажыць яе сыну.

Знайшоўшы пакойчык у невялікай сялянскай хаце, Адольф з цяжкасцю перажыў першую зіму. Турбот дадало абвастрэнне недалечанай хваробы. Пакуль знаходзіўся ў ізаляцыі, чакаючы спынення маразоў і снегападаў, прыйшоў да высновы, што без пэўных зрухаў у жыцці ён доўга не працягне. І вось пад канец красавіка ў Дзягільна быў дасланы ліст з наступнымі радкамі: «Капаю садок, бегаю за качкамі і зайцамі, лаўлю рыбу, безупынным рухам баранюся ад меланхоліі, якая так лёгка нападае ў падобным да майго становішчы. Купіў сабе каня, гадую некалькі штук скаціны, пахаджаю на пастуха, шкада толькі, што край не з’яўляецца Аркадыяй».

Не звяртаючы ўвагі на сваё шляхецкае паходжанне, Адольф Янушкевіч не грэбуе простай сялянскай працай. Больш за тое, ён знаходзіць у такім занятку шмат карыснага. Ніколі не займаўшыся фізічнай працай, ён хутка асвоіўся з новымі для сябе абавязкамі.

Таму ў наступным пісьме да маці піша: «Прыгожая вясновая пара, шпацыры, язда на кані, занятак агародам і скацінай, уставанне да сонца, найдакладнейшая дыета змякчаюць мінуты, каторых дазнаю». Такая дзейнасць паніча забяспечвае яму прызнанне сярод мясцовых жыхароў. Яны з сімпатыяй пачынаюць да яго адносіцца і, калі ўзнікае патрэба, не адмаўляюць у дапамозе. «Гэта людзі прастыя, – піша ён у захапленні, – але найлепшыя ў свеце, задаволены імі гэтак жа, як і яны мной. Трэці год ужо ў іх жыву, а не засведчыў ніводнай непрыемнасці».

Жыццё ў ссылцы падпарадкоўвалася паліцэйскім законам

Як і раней, Адольф Янушкевіч значную частку свайго змененага распарадку адводзіць інтэлектуальнай працы: шмат чытае, займаецца замежнымі мовамі. Да гэтага перыяду адносіцца яго пераклад у класічным варыянце працы Аўгусціна Цьеры «Гісторыя заваявання Англіі нарманамі». «Цяпер на нуду скардзіцца не магу, – паведамляе ён у наступным лісце да родных, – бо, як толькі змучуся чытаннем, хапаю рыдлёўку альбо сякеру – і далей на дзядзінец! Калі б не дом, пэўна сёлета звар’яцеў бы з браку свецкага жыцця».

«Няхай аднак мама не думае, што здзічэў, стаў пустэльнікам. Бачу людзей, але толькі калі сам хачу. Няма таго дня, каб не бачыў каго-колькі з маіх калег. Адведваем адно аднаго, ездзім разам на прагулкі, часта чытаем разам, гуляем у шахматы альбо ў мілых гутарках аб родным краі бавім доўгія гадзіны».

І ўсё ж гады сібірскай ссылкі наклалі свой адбітак на дзейны характар Адольфа Янушкевіча. Звыклыя чаргаванні працяглай зімы і хуткаплыннага лета ўсё часцей сталі прыводзіць да тужлівых думак аб нікчэмнасці існавання на зямлі. Ён не ведаў, што рабіць, чым насыціць сваю бязмежную патрэбу дзейнасці, напоўніць духоўную спустошанасць, якую немагчыма заспакоіць толькі абывацельскімі справамі. Сітуацыя пагаршалася яшчэ і бязвыхаднасцю становішча і немагчымасцю вяртання дадому, што прыносіла сібірскаму пакутніку хваравітую панурасць. Пагоршаны стан маральнага здароўя ўсё часцей гучаў у лістах Адольфа Янушкевіча да родных. І нават усялякая падтрымка з іх боку не магла задаволіць выгнанніка, які пакутаваў у сібірскай глухмені.

У гэты пераломны момант нечакана з’явілася надзея на нязначныя перамены. Пад канец лета 1840 года Мікалай I, наведваючы Кіеў, аказаў нейкую схільнасць да прабачэння «бунтоўных» правінцый. Хутка да насельніцтва быў даведзены маніфест, выдадзены з нагоды шлюбу нашчадка прэстолу, – аб тым, што асобнай частцы польскіх вязняў давалася права паступіць на дзяржаўную службу ў межах Сібіры. У іх лік трапіў Адольф Янушкевіч і яго сябра Павел Цяпінскі. Яны вырашылі пераехаць у Омск, каб хоць нейкім чынам змяніць невыносна пакутівую абстаноўку.

Пасля ўсіх узгадненняў, па загаду генерал-губернатара Заходняй Сібіры князя Гарчакова, іх залічылі на службу ў канцэлярыю Пагранічнага Начальніка Сібірскіх Кіргізаў, якую ўзначальваў беларус па паходжанні палкоўнік Вішнеўскі. Так пачалася новая старонка жыцця сібірскага вязня, якая дала магчымасць разгарнуцца яго дзейнай натуры і прывяла да вядомасці.