Год народного единства Общество

Погляд у мінулае: Койданаўская шляхта. Ч. 3

 

У перыяды праўленняў Гедыміна, Кейстута і Альгерда Вялікае Княства Літоўскае значна пашырыла свае межы і па сваіх памерах сапраўды стала адпавядаць сваёй назве. Але яе магутнасць падрывалася адсутнасцю моцнай цэнтральнай улады і другімі фактарамі, якія паслаблялі дзяржаву і пагражалі яе распадам.

На мяжы грамадзянскай вайны

Так, сістэма зямельных падараванняў, якая пачалася яшчэ пры Гедыміне, прывяла да таго, што значныя тэрыторыіі вялікай дзяржавы пачалі драбніцца на ўдзельныя княствы, дзе гаспадарылі нашчадкі вялікіх князёў літоўскіх. Пярэстасць карціны дапаўнялі ўсходнерускія князі, якія хоць і прысягнулі на вернасць вялікаму князю літоўскаму, але працягвалі захоўваць адносную самастойнасць. Пачало ўзвышацца і прыдворнае баярства, якое паступова ператваралася ў буйных землеўласнікаў.

У 1377 годзе пайшоў з жыцця вялікі князь літоўскі Альгерд. У сваім тэстаменте ён абвясціў пераемнікам свайго пестуна і любімца Ягайлу, які на той час  яшчэ нават не набыў паўналецця. У яго былі старэйшыя браты, якія паходзілі  ад першага і другога шлюбаў бацькі, а таму згодна з законам мелі больш правоў на вялікакняжацкі тытул. Не ўсе з іх адразу прысягнулі на вернасць новаму вярхоўнаму правіцелю.

Першым у барацьбу за трон выступіў Андрэй Полацкі, але ў гэтым супрацьстаянні  перамогу атрымаў Ягайла. Такім чынам, яго найбольш бяспечны сапернік са сваёй дружынай вымушаны шукаць паратунак  спачатку ў Цвяры, а потым у вялікага князя Маскоўскага Дзмітрыя. Пазней, у 1380 годзе, ваяры з Полаччыны на чале з князем Андрэем прымуць удзел у знакамітай бітве на Куліковым полі і праявяць там выключную мужнасць, здабываючы перамогу аб’яднаным сілам Маскоўскага княства над войскамі залатаардынскага хана Мамая. Атрымаўшы такім чынам прыхільнасць маскоўскага князя, які за тую бітву атрымаў пачэснае прозвішча Данскога, Андрэй з яго дапамогай пачынае збіраць сілы супраць Ягайлы. Вялікае Княства Літоўскае апынулася на мяжы грамадзянскай вайны.

 

Падман, вераломства… і адвага

Адчуваючы такую бяспеку стары Кейстут, які па-ранейшаму стаяў на заходніх рубяжах у Троках, захапіў сталіцу ВКЛ Вільню і адхіліў свайго пляменніка ад улады. Ісці адкрыта супраць такога вопытнага ваеначальніка Ягайла не адважыўся, а таму вырашыў дамагчыся свайго з дапамогай вераломства. Ён запрасіў свайго дзядзьку і яго сына Вітаўта ў Крэўскі замак нібыта для перамоў. Кейстут не жадаў адкрытага супрацьстаяння, а таму пагадзіўся на такую прапанову. Але Ягайла сілай захапіў Кейстута і стрыечнага брата і кінуў іх у склеп пад вежаю. На пяты дзень зняволення Ягайлавы найміты задушылі Кейстута шнурам. Вітаўта, які ў няволі цяжка захварэў, са згоды Ягайлы часта наведвала жонка Ганна разам са служанкай Аленай. У адзін з восеньскіх вечароў жанчыны, як звычайна, прыйшлі да хворага князя. Яны хутка пераапранулі Вітаўта ў жанучую спадніцу. Вартавыя не заўважылі падмены і Ганна вывела мужа з вязніцы. А на яго месцы засталася Алена. На такую ахвяру яна пайшла, каб адпомсціць за свайго бацьку Рыгора Амуліча, які загінуў, абараняючы Кейстута падчас яго забойства. Бегства князя заўважылі толькі на трэці дзень, і Алена, мужна вытрымаўшы здзекі, была пакарана  самым жорсткім чынам. А тым часам Вітаўт з жонкай і двума сынамі здолеў дабрацца да Мазовіі, дзе княжыў муж яго роднай сястры.

Ягайла зноў абвясціў сябе вялікім князем літоўскім, але яго становішча, як і раней, заставалася хісткім. З Масковіі яму пагражаў князь Андрэй. Яго вотчына, полацкая зямля, таксама не прызнала ўладу Ягайлы. Абвастрыліся адносіны і з удзельнымі князямі з дынастыі Кейстутавічаў, якія пачалі аб’ядноўвацца, каб адпомсціць за смерць заснавальніка роду. Трывожна было і за межамі Вялікага Княства Літоўскага. У паход рушылі войскі Януша Мазавецкага, каб заняць землі вакол Бярэсця і Гародні і вярнуць іх былому ўладальніку Вітаўту. Непакоіла і Залатая Арда. Яе новы хан Тахтамыш праз два гады пасля Куліковай бітвы захапіў і спаліў Маскву, ад яе і да мяжы Вялікага Княства Літоўскага было недалека. Парушылі дамоўленасць і крыжацкія рыцары, пачаўшы зноў рабаваць паселішчы жамойтаў. Здавалася, што Ягайла не здоляе захаваць у непарушнасці бацькаву спадчыну, але ў самы крытычны момант лёс дараваў яму магчымасць застацца пры ўладзе.

Шлюбныя перспектывы

У 1382 годзе пайшоў з жыцця польскі кароль Людовік Угорскі, які не пакінуў пасля сябе нашчадкаў па мужчынскай лініі. Каралеўскі трон амаль два гады заставаўся незаняты. Не дамогшыся знайсці годную кандыдатуру, уплывовыя феадалы пасля працяглых спрэчак абвясцілі каралевай чатырнадцацігадовую Ядвігу, малодшую дачку былога караля. Адразу ж пачаліся пошукі для яе мужа, які стаў бы ўладаром каралеўскай кароны. Ядвіга яшчэ ў дзяцінстве была заручана з аўстрыйскім герцагам Вільгельмам, але палякі не хацелі і чуць пра немца, які заняў бы трон. Іх позіркі скіраваліся на ўсход, дзе зайздросным жаніхом лічыўся вялікі князь літоўскі. Дынастычны шлюб адкрываў для прагнага да ўлады Ягайлы новыя перспектывы і значна ўмацоўваў яго хісткае ўнутрыпалітычнае становішча. Таму ён без ваганняў прыняў умовы польскіх паслоў, якія адначасова выконвалі ролю сватоў. На гэтай падставе 14 жніўня 1385 года было падпісана пагадненне з Польшчай, вядомае пад назвай Крэўскай уніі. Згодна з гэтым дакументам Вялікае Княства Літоўскае фактычна губляла самастойнасць. У 1386 годзе на Люблінскім сейме Ягайла быў абраны польскім каралём. Праз пэўны час ў Кракаве ён прыняў каталіцтва, атрымаўшы імя Уладзіслаў, а потым узяў шлюб з Ядвігай.

 

Новае саслоўе

Выконваючы ўмовы Крэўскай уніі, 20 лютага 1387 года полькі кароль выдаў грамату, у адпаведнасці з якой літоўскім феадалам дараваліся вялікія маёмасныя прывілеі і асабістыя правы пры ўмове прыняцця каталіцтва. Першымі такой магчымасцю скарысталася літоўскае баярства, якое ўзмацнілася падчас міжусобных войнаў. Прадстаўнікі гэтага саслоўя адразу адчулі свой матэрыяльны інтарэс і масава сталі прымаць каталіцкую веру, што нанесла сур’ёзны адбітак на іх светапогляд. Яны пачалі пераймаць культуру, мову і звычаі суседняга народа. Усё часцей гэта катэгорыя насельніцтва звала сябе на польскі манер шляхтаю. Карані гэтага слова паходзяць ад нямецкага Schlaht, што ў перакладзе азначае “бітва”. Для палякаў, а пазней і для літвінаў, гэты тэрмін, які замацаваўся ў XIV—XV стагоддзях, па сваёй годнасці стаў чымсьці накшталт рыцарства. Таму атрымаць такое званне было гонарам для кожнага баярына, які выконваў службовыя абавязкі ў войску. Шэрагі шляхецтва на літоўскіх землях хутка папаўняліся, бо польскі кароль бачыў у іх не толькі звычайных ваяроў, але і сваю апору пры дасягненні пэўных мэтаў. Так у ВКЛ склалася значная па сваёй колькасці сацыяльная праслойка, якая ў грамадскіх інтарэсах захоўвала адданасць як польскаму каралю, так і сваім гаспадарам, заможным феадалам. Па прыкладу суседзяў іх таксама пачалі зваць панамі.

Спрадвечныя праціўнікі

Але палітыка акаталічвання і апалячвання насельніцтва ВКЛ не ўсім была даспадобы. Зноў супраць Ягайлы і яго уніі з Польшчай падняўся Андрэй Полацкі. Але  войскі палачан былі разбіты, а сам ён на доўгія гады трапіў у зняволянне да Ягайлы. Бязлітасна абышоўся польскі кароль і з іншымі сваімі праціўнікамі. Усіх іх чакалі палон альбо смерць. З апазіцыі застаўся адзін Вітаўт. Жорсткая барацьба паміж стрыечнымі братамі ішла з пераменным поспехам, пакуль не скончылася прымірэннем і заключэннем Востраўскага пагадення, згодна з якім Вітаўт быў прызнаны вялікім князем літоўскім, а пасля яго смерці ўся тэрыторыя пераходзіла пад уладу Польскай Кароны. Княжанне Вітаўта было росквітам магутнасці Вялікага Княства Літоўскага. Ужо ў сталым узросце мудры палітык і адважны военачальнік нават вырашыў скасаваць Крэўскую унію і абвясціць сябе каралём незалежнай дзяржавы. Але ў самы апошні момант перад каранацыяй Вітаўт раптоўна памірае. Існуе думка, што яго атруцілі, і ў гэтай ганебнай справе быў замешаны Ягайла. Так ён нанёс апошні ўдар свайму спрадвечнаму праціўніку. Тым не менш ідэя суверэнітэту беларуска-літоўскіх зямель, закладзенная ў той перыяд, працягвала жыць у грамадстве.  

                      (Працяг будзе.)