Общество

«Койданаўскія чытанні» адбыліся на базе Дзяржынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі

Днямі ў нашай краіне шырока было адзначана новае дзяржаўнае свята – Дзень народнага адзінства. У раёне гэтай даце былі прысвечаны шматлікія ўрачыстасці і мерапрыемствы. Адно з іх – 9-я “Койданаўскія чытанні” прайшло ў чытальнай зале Дзяржынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі.

Падобныя сустрэчы даўно ўжо ператварыліся ў сваеасаблівыю дыялогавую пляцоўку, дзе праходзіць зацікаўленая размова па той ці іншай падзеі, дзе кожны можа выказаць сваю думку альбо падзяліцца сваімі творчымі набыткамі. Вось і на гэты раз разам сабраліся члены літаратурнага клуба “Выток” і аб’яднання “Койданаўскія летапісцы”, каб паразважаць па тэме: ”Сіла краіны ў адзінстве народа”. А іх удзячнымі слухачамі сталі актывісты БРСМ, вучні старэйшых класаў навучальных устаноў г. Дзяржынска. Шчырымі словамі прывітання мерапрыемства адкрыла дырэктар цэнтралізаванай бібліяятэчнай сістэмы Валянціна Клімовіч.

Прыгадваючы вызваленчы паход Чырвонай Арміі  супраць панскай Польшчы, які даў магчымасць нашаму народу нарэшце адчуць сябе адзінай нацыяй, неабходна адзначыць той факт, што ў аб’яднай краіне падзея 17 верасня лічылася вялікім святам і да 1949 года адзначалася на дзяржаўным узроўні. Пазней, улічваючы развіццё савецка-польскага сяброўства, многае з таго, што адбылося паміж Беларуссю і Польшчай, пачало замоўчвацца і забывацца. Больш таго, у 1990-я гады, калі пачалося пераасэнсаванне савецкага перыяду, зноў усплылі асобныя моманты таго часу, аднак іх трактоўка з боку некаторых недасумленных гісторыкаў набыла адмоўную афарбоўку і нярэдка засноўвалася на надуманай інфармацыі. Усё гэта выклікала негатыўную рэакцыю і парадзіла розныя ацэначныя меркаванні ў грамадстве.

Вось чаму наспела неабходнасць узнавіць страчаную гістарычную справядлівасць і зрабіць аб’ектыўны  аналіз падзей 82-х гадовай даўніны ў тым выглядзе, як яны адбываліся на самой справе. Невыпадкова, размова пачалася з тэмы: “Сіла ў гістарычай праўдзе; падзеі 1939 года”, якую падрыхтаваў і данёс да слухачоў гісторык, член літаратурнага клуба “Выток” Антон Анісовіч. Эмацыянальна, і ў той жа час, даходліва і канкрэтна, засноўваючыся на дакументальных крыніцах,  прамоўца паведаміў, як жылося беларусам “за польскім часам” і з якой радасцю сустракала Чырвоную Армію насельніцтва вызваленых тэрыторый. Як чалавек творчы, сваё выступленне ён завяршыў паэтычнымі радкамі.

Наступная тэма: “Скарачаючы адлегласць, аб’ядноўваючы лёсы” стала асновай для цікавага і грунтоўнага паведамлення, якое падрыхтаваў і зрабіў член краязнаўчага аб’яднання “Койданаўскія летапісцы” Вацлаў Матусевіч. Выказаўшы сваё меркаванне пра аб’яднаўчыя працэсы, якія мелі месца ў 1939 годзе, краязнаўца і аматар даўніны усё ж галоўную увагу засяродзіў на сваім даследванні, звязаным з будаўніцтвам чугуначнага палатна і пачатку руху цягнікоў праз Койданава.  Адкрыццё транспартнай артэрыі такога ўзроўню, на думку даследчыка, таксама адыграла важную ролю ў аб’яднаўчых працэсах.

“Вытокі недаверу” – так акрэсліў тэму свайго выступлення гісторык і журналіст Віктар Уранаў. На яго думку, карані гэтай сацыяльнай з’явы трэба шукаць у асаблівасцях фарміравання менталітэту беларусаў, якія працягу свайго гістарычнага развіцця працяглы час адчувалі канфесійны і моўны ціск з боку сваіх больш моцных краін-суседак. Водгукі тых этнічных і сацыяльных эксперыментаў адчуваюцца і па сёняшні дзень. Як адзначыў выступоўца, новае дзяржаўнае свята можа даць штуршок для аб’яднаўчых працэсаў, якія дапамогуць пераадолець духоўную цераспалосіцу ў душах і сэрцах людзей і кансалідаваць беларускае грамадства.

Ярка і запамінальна прагучала выступленне члена Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы, члена літаратурнага клуба “Выток”  Барыса Савінава, які на прыкладах сваёй творчасці раскрыў сутнасць патрыятызму і тэмы народнага адзінства. Яны, па меркаванню пісьменніка і паэта, павінны грунтавацца вакол дзяржаўных сімвалаў і агульнанацыянальнай ідэі, скіраванай на стваральную працу і захаванне міру і спакою на нашай зямлі. Карыстаючыся выпадкам Барыс Савінаў уручыў кіраўніку бібліятэчнай установы  экзэмпляр чарговай сваёй кнігі «Перешагивая рубеж тысячелетий», у змесце якой выразна праглядаецца грамадзянская пазіцыя аўтара.

Падводзячы вынікі размовы, Валянціна Клімовіч павіншавала прысутных са святам – Днем народнага адзінства і заклікала моладзь любіць, шанаваць і ганарыцца сваёй Радзімай. Такія ж пажаданні прагучалі ў адрас прысутных і ад Антона Анісовіча. Сугучным дапаўненнем да прайшоўшай размовы стала наведванне раённага гісторыка-краязнаўчага музея, дзе адбылося адкрыццё новай экспазіцыі «Единство – ты, я , моя страна». Экскурсійны агляд выставы правяла дырэктар установы Галіна Вашкевіч. А завяршэннем мерапрыемства стала пасадка алеі маладых дрэў каля будынка бібліятэка і агульнае фатаграфаванне.