Четверг, 3 декабряДзержинский район: новости - афиша - реклама
Shadow

Крыжаванкі і перыпетыі лёсу Лявона Целеша

На старонках газеты “Узвышша”, а таксама  ў іншых выданнях чытачы напэўна сустракалі яскравыя беларускамоўныя крыжаванкі. “А вяселейка, а вяселейка”, “Сэрца, зямля мая…”,  “Купальскі калейдаскоп”, “Маці і дзіця – ружа і цюльпан” – чаго толькі тут няма! За невялікім, на першы погляд, куточкам ў газеце, стаіць плённая праца Лявона Целеша.  Акрамя таго, ён піша артыкулы, з’яўляецца актыўным удзельнікам і паважаным госцем культурных мерапрыемстваў у Дзяржынскім раёне і нават за яго межамі. Асабіста ведаю гэтага чалавека, аўтара трапных скрыжаванняў слоў. Заўседы ветлівы і жыццярадасны, уражвае сваімі ведамі і рашучай жыццёвай пазіцыяй. Сам пра сябе гаворыць проста: “Быў там-сям, бычыў тое-сёе. Жыву здавён. Прывет! Лявон!”.

Няма звароту ў маленства…

Горад Мазыр – гэта родны куток майстра крыжаванак. Там у ліпені 1941 года ён нарадзіўся, там жа вырас. Бацька яго амаль адразу пайшоў на фронт. Праз чатыры гады маці Лявона Сцяпанавіча атрымала несуцяшальную навіну: муж прапаў без вестак.

— Хоць я і быў тады зусім малы, але памятаю, як яна плакала…

 

Дзяцей у сям’і засталося трое. Канешне, цяжка было маці адной усіх гадаваць. Яна працавала прыбіральшчыцай у краме. Стараннай і сумленнай жанчыне вельмі давяралі.

— Мазыр на той час быў яўрэйскім горадам. А мы пасля вайны жылі бедна, галаднавата. Вось яўрэі нам і дапамагалі. Такія добрыя людзі, — распавядае Лявон Сцяпанавіч. – Памятаю, стаіць жанчына адна, рыбу прадае. Ведае, што нашай сям’і цяжка прыходзіцца. Кліча ціхенька маю маці, працягвае ён рыбіну. Такія нераўнадушныя і спачувальныя людзі былі!

Галоўную выснову з дзяцінства на усё будучае жыццё зрабіў Лявон Целеш: людзі бываюць розныя. Чалавек чалавеку не роўны. Выразны прыклад таму – паліцаі.  Адзін з іх, напрыклад, ведаў, што таты ў маленькага безабароннага хлопчыка побач няма. І пачаў чапляць яго на вуліцы, падкідваць да гары нагамі, здзеквацца. Пашчасціла, што мама заўважыла і адбіла сына. А другі паліцай сустрэўся чалавечны.

— Маладых жанчын забіралі і адвазілі ў Германію. І маці маю ўзялі. Стаялі яны ўсе ў чарзе на мазырскай станцыі, чакалі цягнік. Паліцай, які назіраў за імі, прыгадаў, што яна пакінула на волю лёсу траіх дзяцей. І кажа: “Надзя, я не бачу, уцякай!”. Маці пабегла. Такім чынам, ён нас уратаваў…

“Душа геолага мне родная:
І я гарнуся да кастроў,
Такі ж рамантык ад прыроды я
Шукаю скарбы,
Скарбы слоў…”

У школьныя гады Лявон Сцяпанавіч цікавіўся літаратурай і геаграфіяй. Таму і скончыў геаграфічны факультэт Белдзяржуніверсітэту. Менавіта там выкладчык прадказваў яму вялікую настаўніцкую будучыню. Здольны студэнт хутка здаў экзамены, разважыў прапанову і… пайшоў працаваць у навукова-даследчы інстытут глебазнаўства.

— Потым нас перавялі ў праектны інстытут, дзе мы займаліся землеўпарадкаваннем. Ездзілі ў калгасы і саўгасы Беларусі, рабілі карту глеб, эрозій, рацыянальнага выкарыстання зямель і геабатанічную карту. Глебазнаўцам мне давялося аб’ездзіць амаль усю нашу краіну.

Вандроўкі ў жыцці Лявона Сцяпанавіча заўсёды займалі асобнае месца. Беларускія краявіды пачалі дапаўняць замежныя падарожжы. Разам са сваім добрым сябрам, які займаў пасаду загадчыка аддзела ва ўпраўленні геалогіі, яны асвойвалі рэгіён Сярэдняй Азіі. Таму і прапанову перакваліфікавацца ў геолага прыняў станоўча. Пясок, гравій, розныя прыродныя будаўнічыя матэрыялы – так спачатку выглядала штодзённая праца. А ўжо потым вырашыў падацца ў інжэнерную геалогію і прысвяціць свае намаганні будаўніцтву мастоў і дарог.

Пачынаецца ўсё з любві!

Жыццёвы шлях Лявона Целеша нечакана прывеў яго да дзвярэй хаты будучай жонкі Людмілы. Мінула ўжо 30 гадоў, а пачуцці толькі ўмацаваліся. Яны і сёння клапатліва завіхаюцца адзін каля аднаго, весела гутараць, разам гатуюць прысмакі. Дарэчы, на стале сярод іншых страў стаіць глыбокая талерка са свежай салатай. Гародніна пакрышана дробненька-дробненька, што адразу прыцягвае ўвагу. Аказваецца, гэта любімая салата Лявона Сцяпанавіча. Гатуе яе ён заўседы сам, і назву даў гучную “А-ля Лявон”.

Прашу расказаць гісторыю кахання.

— Гэта будзе доўгая гісторыя! (Смяецца). Да сустрэчы з Людмілай я быў вольнай птушкай. Вызначылі мяне неяк кандыдатам у дэпутаты Ленінскага раённага савета горада Мінска. Я хадзіў па кватэрах, азнакамляў людзей са сваёй праграмай. І вось заходжу ў адну з кватэр на сёмым паверсе, пачынаю расповед. Пасля маёй прамовы Людміла Анатольеўна запрасіла мяне зайсці да іх яшчэ раз, выпіць гарбаты.

— Я ж для прыліку (ред. для приличия), не думала, што ён і праўда зноў прыйдзе!

— А я запомніў нумар кватэры і завітаў да яе з тортам.

— Мінуў тыдзень, а можа, трошкі больш. Чую званок у дзверы. Адчыняю, а там нейкі мужчына стаіць. Я ж не пазнала яго спачатку. Ён мне кажа: “Вы ж мяне запрасілі гарбату разам выпіць, дык я і прыйшоў”. Праходзіць у хату, а ў мяне ў галаве круціцца адно: “Хто ж гэта такі?”. Ён здагадаўся, што я ніяк не магу ўспомніць наша знаёмства, і кажа: “Я ж кандыдат у дэпутаты!”. І тады да мяне дайшло!

Людміла Анатольеўна і Лявон Сцяпанавіч спачатку жылі ў Мінску. Пасля вырашылі займець уласную гаспадарку, купілі хату ў Дзяржынску. Не ўсё аказалася так проста, у доме не было нават базавых камунікацый: ацяплення, вады, сувязі. Што ўжо казаць пра ўтульную альтанку на двары і вялікі агарод, клумбы цудоўных кветак!

— Людміла жартавала калісьці, называла дом “хаткай на курыных ножках”. Альбо лецішчам. А я яе папраўляў: не дача, а дом. Яна доўга яшчэ прызвычаіцца не магла. А цяпер вяртаецца ў Мінск, асабліва летам, і ёй няма там чым дыхаць.

Ён усё робіць для душы

Калі прыйшоў час выходзіць на заслужаны адпачынак, Лявон Сцяпанавіч расхваляваўся: а што ж гэта далей будзе? Бо хто прывык трудзіцца, таму без працы не сядзіцца. Хутка ён пачуў цягу да журналістыкі, пачаў чытаць шмат кніг, знаёміцца з творчасцю цікавых таленавітых людзей, а галоўнае, жонка Людміла натхніла яго рабіць крыжаванкі.

Майстар паказвае сваё працоўнае месца. Літаратура беларускіх пісьменнікаў, даведнікі, слоўнікі, нататкі… Ну і без інтэрнета сёння нікуды! Два-тры дні нястомнай працы, азнаямленне з матэрыялам, занатоўванне неабходнай інфармацыі ў вялікі сшытак — і так, крок за крокам, на старонках часопісаў і газет па ўсёй Беларусі з’яўляюцца яго фірменныя аўтарскія крыжаванкі.

Лявон Целеш сваім прыкладам пацвярджае, што пенсія – ідэальны час для здзяйснення мараў. “Працуйце, цікаўцеся чымсьці новым, і часу для смутку не застанецца”, — такое крэда ў гэтага неверагоднага чалавека!

Добавить комментарий