Год народного единства Топ-новости

Мастак і пісьменнік Станіслаў Налецкі: «Мова патрэбна нашым дзецям і ўнукам»

«Я з сусвету сказаў і легендаў свой маленькі скарб сабраў…» З рамантычнага ўступу пачынаецца першая кніга мастака, майстра і пісьменніка Станіслава Налецкага «Апавяданні». У повязі валмянскага дыялекту і трапнай мілагучнасці беларускай мовы нараджаюцца непаўторныя рэчы. Роднае слова, да якога ў сваёй творчасці нязменна звяртаецца Станіслаў Сцяпанавіч, адлюстроўвае сапраўднага беларуса: з няхітрай радасцю і сціплымі патрэбамі.

Карані Станіслава Налецкага — з прыгожага куточка, вёскі Волма. Там, нягледзячы на тэрытарыяльныя межы (да 1939 года Волма была ў складзе Польскай Рэспублікі), захавалася жывое беларускае слова. Яно гучала ў майстэрні бацькі-каваля, у местачковым шпіталі, дзе працавала маці Станіслава Сцяпанавіча. Маленькі Стасік часта сядзеў на беразе ракі Валмянка, прыслухоўваючыся да шэпту ветру, лагоднага перакату хваль. Дома, лежачы на лаве ці печы, чуў гаворку бабулі.

Станіслаў Налецкі разам з сынам Ільёй наведаў Дзяржынскую бібліятэку

— Неяк я моцна захварэў, начамі перастаў спаць, туляўся па хаце, не ведаў, чым заняцца. Нават дакладна не памятаю, як у мае рукі трапілі аркуш і фарбы. Вось тады я ўпершыню ўзяўся за пэндзаль, зрабіў свой першы малюнак, — распавядае Станіслаў Налецкі. — Так я знайшоў сябе, пачаў маляваць. Мне было гадоў дзевяць-дзесяць.


Калі табе пачынаюць сніцца сны па-беларуску, значыць ты беларус”.


А вось пісьменніцтвам Станіслаў Сцяпанавіч пачаў займацца ў больш сталым узросце.

— Насамрэч, пісаць я пачаў яшчэ ў 9-м класе. Рабіў невялічкія замалёўкі. А ў такім узросце, вядома ж, вабяць дзяўчаты, і ўсе думкі толькі пра іх. Мае першыя вершы былі ім прысвечаны. І настаўніца Марыя Аляксандраўна знайшла тыя запісы ды параіла мне… спаліць іх! — смяецца Станіслаў Сцяпанавіч.

Звычайныя беларускія матывы натхняюць Станіслава Сцяпанавіча

Потым вясковы хлопчык вучыўся ў сталічным будаўнічым вучылішчы на майстра каляровай мазаікі, скончыў установу адукацыі, дзе рыхтавалі мастакоў-афарміцеляў. 35 год Станіслаў Налецкі працаваў мастаком па аб’ёмнай рэкламе ў Мінску.

— Ведаеце, вялікія гарады забіраюць людзей, але не ўсе могуць там прыжыцца. Мне стала цесна ў горадзе, таму я вярнуўся ў раздолле — родную вёску. Можа, і спазніўся, трэба было раней…


Я прытрымліваюся меркавання, што ў нас ёсць свая родная мова, і яе трэба праз усё жыццё ўдасканальваць. Калі ў вас у руках добрая піла, вы ж не намагаецеся карыстацца сякерай? У такім выпадку, навошта пісаць па-руску?


І вось тут, у Волме, Станіслаў Сцяпанавіч пачаў пісаць.

— Я паэтам сябе не лічу. Калі мне скажуць напісаць верш, напрыклад, пра горад, я наўрад ці гэта зраблю. А ў вёсцы пойдзеш у грыбы ці на рачулку, і прыходзіць натхненне. Я пішу свае вершы душой.

А ў душы гучыць беларуская мова.

— Бацька мой родам з-пад Ракава, а мама тутэйшая. У маёй сям’і заўсёды размаўлялі па-беларуску. Гэта мова маёй бабулі, мамы. І я, вядома, беларус. Таму заўсёды было ясна, што пісаць трэба па-беларуску.

Аднойчы ў Станіслава Сцяпанавіча спыталі: каму патрэбны беларускія творы? На што ён упэўнена адказаў: “Мне, майму ўнуку, чытачам, беларускаму народу”.


Вырачыся мовы — тое ж самае, што вырачыся суседа, любай.


Хуткасці, з якой Станіслаў Сцяпанавіч піша свае вершы і апавяданні, можа пазайздросціць нават вопытны літаратар. У выдавецтве “Вараксін”, дзе публікуюцца кнігі валмянскага пісьменніка, здзіўляюцца: не праходзіць і паўгода, а яго новая кніга ўжо рыхтуецца да публікацыі.

— Мае матэрыялы былі напрацаваны на працягу ўсяго жыцця. Яны не нараджаюцца сённяшнім днём, а нарадзіліся даўно і зараз проста кладуцца на паперу.

У сваёй першай кнізе Станіслаў Налецкі адзначае, што ў XVI стагоддзі ў мястэчку Волма па-суседску жылі беларусы, габрэі, палякі, татары. Беларусь увогуле была шматнацыянальнай. Але ж захавалася беларуская мова, культурны скарб народа. Як жа сёння развіваецца яна ва ўмовах білінгвізму?

— Каб зразумець, з якімі праблемамі сутыкаецца мова, далёка хадзіць не трэба. Завітайце, напрыклад, у краму каля дома. Якую мову вы пачуеце? Рускую. А я хачу чуць у Беларусі — беларускую. Дазволю сабе ўжыць такі тэрмін, як “вясковая мова”. Яна становіцца трасянкай, яе ўжо з нацяжкай можна назваць беларускай.  На шыльдах тых жа крамаў, кавярняў ці прадпрыемстваў якія надпісы мы сёння бачым? Чаму б не напісаць па-беларуску, а ўнізе па-англійску ці па-руску? Мы губляем мову за шыльдамі і рэкламамі. А страчваючы мову, страчваем дзяржаву і культуру.

Хвалююць мастака і пісьменніка іншыя праявы беларускасці.

— Беларусь — цудоўны край. У нас столькі матэрыялаў: дрэва, гліна, жалеза. Чаму б людзям не падтрымліваць нацыянальныя рамёствы? Можна аздабляць беларускім арнаментам адзенне, прапагандаваць беларускія стравы, спяваць беларускія песні, чытаць беларускіх аўтараў. І ўсё гэта пачынаецца з мовы. Так ствараецца моцная культурная дзяржава.