Год народного единства Топ-новости

Матчына мова — голас народа. 21 лютага адзначаецца Дзень роднай мовы.

«Я ведаю: нядобрых моў няма, у кожнай мілагучнасць ёсць і сіла», – пісаў вядомы паэт Генадзь Бураўкін. Цяжка з ім не пагадзіцца. Але якой бы прыгожай і цікавай ні здавалася замежная мова, яна ніколі не заменіць беларускаму народу сваёй, нацыянальнай.

21 лютага ва ўсім свеце святкуецца Дзень роднай мовы. Старанна рыхтуюцца да яго і ў Дзяржынскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці. Праз творы беларускіх пісьменнікаў, папулярызацыю старадаўніх традыцый і рамёстваў тут выхоўваюць любоў і павагу да беларускай мовы. Дзякуючы педагогам да гэтага багацця дакранаецца кожнае новае пакаленне хлопчыкаў і дзяўчынак. Бо мова – неад’емная частка народнай творчасці, культурнай прасторы і гістарычнай спадчыны.

Беларуская мова – гэта голас народа. Ён гучыць у легендах і казках, ліецца песняй на раздольны, вольны свет, матулінай калыханкай супакойвае няўрымслівае дзіця. Ты чуеш яго, прыслухоўваючыся да гаворкі вясковых бабуль… Сапраўды: калі жыве беларуская мова – будзе жыць і сам народ.