Год народного единства Общество

Музычна-паэтычны форум ў Маладзечне пачаўся з акрыцця выставы “Фестываль. Духоўнасць. Культура”

З адкрыцця выставы “Фестываль. Духоўнасць. Культура” пачаўся першы дзень музычна-літаратурнага форуму ў Маладзечне. Прэзентацыя творчага жыцця Нацыянальнага фестывалю песні і паэзіі адбылася ў выставачнай зале Палаца культуры, дзе яго гісторыю і моманты жыцця можна было адсачыць па газетных публікацыях, афішах, фотаздымках, памятных сувенірах.

Адкрыла ўрачыстае мерапрыемства першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення культуры Мінскага аблвыканкама Таццяна Хмель.

— На самай справе гэта выстава быццам бы адчыняе ўсім нам дзверы ў двухдзённую імпрэзу, дзе будзе шмат вершаў, музыкі, цікавых сустрэч і адкрыццяў, — сказала яна. — Вельмі хочацца падзякаваць калектыву Палаца культуры за складаны, але вельмі цікавы і патрэбны праект, які з аднаго боку вяртае нас у мінулае, а з другога — вядзе ўперад, дапамагае адкрываць новыя імёны і таленты.

Першы Нацыянальны фестываль песні і паэзіі адбыўся ў горадзе ў 1993 годзе. Гэта быў сапраўдны значны крок на шляху развіцця беларускай культуры, сведчанне таго, што наша эстраднае мастацтва мае шырокія перспектывы.

— Падрыхтоўка матэрыялу да выставы “Фестываль. Духоўнасць. Культура” ішла доўга, — расказвае дырэктар Палаца культуры горада Маладзечна Святлана Сарока. — На нейкім этапе нам нават прыйшлося звярнуцца да жыхароў горада, прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, якія дапамаглі папоўніць архівы ўстановы новымі фотаздымкамі, успамінамі, экспанатамі. Выстава закончыцца — перададзім увесь гэты матэрыял у Мінскі абласны краязнаўчы музей, дзе гісторыя мерапрыемства будзе пад надзейнай аховай.

Сярод тых, хто стаяў ля вытокаў фестывальнага руху, тагачасны начальнік аддзела культуры Маладзечанскага гарвыканкама Надзея Сідарэнка.

— За столькі гадоў мерапрыемства не страціла сваёй актуальнасці, —  зазначыла яна пад час адкрыцця выставы, — наадварот, фестываль узмужнеў, пашырыў свае межы, набыў папулярнасць і прэстыж.

MLYN.BY