Общество

На свяце народных мастацкіх рамёстваў “Слуцкія паясы” майстры з Дзяржыншчыны прадставілі свае калекцыі

 

У цэнтры Слуцка быў літаральна на вачах пабудаваны “горад у горадзе”. Працавалі выставы з арыгінальнымі экспазіцыямі, кірмаш, канцэртныя і гульнёвыя пляцоўкі, ладзіліся майстар-класы, вабілі пачастункі – разнастайная і насычаная праграма была распланавана на ўвесь дзень.

Яркай падзеяй свята стала дэфіле мадэляў у нацыянальных касцюмах. На галоўнай сцэне былі прадстаўлены як рэканструкцыі аутэнтычных строяў, так і дызайнерскія ўборы з этнаграфічнымі матывамі. Творчы калектыў Дзяржынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці прэзентаваў калекцыю жаночага адзення пад метафарычнай назвай “Яе красаванне”. Беларуская жанчына-кветка прывабная ў любую сваю пару, – сцвярджае цэнтральная ідэя праекта. Дызайнер Наталля Ермаловіч прадумала і ажыццявілаадпаведныя вобразы: дзяўчынка-падлетак – гарэзлівы вясенні ручай, легкая светлая мара; маладая ў шлюбным касцюме – у ёй сустракаюцца вясна і лета, таямніца і спадзяванні; матуля – мудры Сусвет, ярчэй сонца ў ёй ззяе радасць уласнага ўвасаблення ў дзіцяці; дачушка – новае жыццё, іскрынка, зорачка, новая надзея.

Над стварэннем убораў амаль усё лета працавалі Кацярына Казакевіч, Дар’я Адамчук, Ала Балясава і Вераніка Хрышчановіч. Ва ўсіх касцюмах выкарыстаны аутэнтычны крой і рэдкая ручная вышыўка па складках, а таксама процягам. Апладысменты і шчырыя эмоцыі гледачоў, як і станоўчыя водгукі калег пацвердзілі плён усіх старанняў майстроў. Калектыў быў адзначаны дыпломам і каштоўным падарункам.

Таксама Кацярына Казакевіч і Святлана Дубоўская сталі дыпламантамі абласнога свята-конкурсу “Беларуская лялька”, якіправодзіўся ў рамках свята.Святлана прадстаўляла калекцыю абярэжнай лялькі, а падчас працы выставы стварыла яшчэі арыгінальнага персанажа – “Знахарку”.

Кацярына працягвала працаваць над аўтарскай калекцыяй “Кася, лялька ў нацыянальным касцюме”. На яе новы твор, дарэчы, адразу знайшліся і пакупнікі. Варта было бачыць шчаслівыя вочкі маленькай жыхаркі Слуцка, якая прыціскала да сэрца сваю новую сяброўку – ляльку Касю з Дзяржыншчыны.

Свята народных мастацкіх рамёстваў “Слуцкія паясы” сёлета аб’яднала больш за 500 народных умельцаў з розных рэгіёнаў Беларусі, якія дэманстравалі свой талент у вышыванні, ганчарстве, салома- і лазапляенні, разьбе па дрэве і іншых.У іх ліку удзел у святочным кірмашы прымалі майстры з Дзяржынска раёнаВольга Семіжон, Людміла Цімафеева, Таццяна Ахрэм і Галіна Цэлагуз з вучаніцай (прадстаўнікі бізнэс-кампаніі Петкавіцкай СШ).

Але цэнтральнае месца, зразумела, было адведзена ткацтву паясоў.

Майстры і выхаванцы Станькаўскага Дома майстроў ДУ “Дзяржынскі раённы ЦКіНТ” Ала Балясава, Вераніка Хрышчановіч, Вікторыя Сухарэўская і Анастасія Кузняцова падрыхтавалі адметную калекцыю паясоў, тканых на бердзечку. Па ацэнках спецыялістаў іх работы вылучаюцца дасканалым выкананнем і з густам падабранай каляровай гамай.

Ала Балясаваўдзельнічалаі ў стварэнні вялікіга агульнага “поясу Мінскай вобласці”, што стала знакавай падзеяй усяго мерапрыемства. Падчас урачыстай цырымоніі сімвалічны выраб, нібы аб’ядноўваючы ўсіх таленавітых майстроў, удзельнікаў свята, быў перададзены на захаванне ў Слуцкі Цэнтр традыцыйнай культуры.

Дзяржынскі раённы ЦКіНТ