Четверг, 3 декабряДзержинский район: новости - афиша - реклама
Shadow

Навучэнцы Баравікоўскай школы прынялі ўдзел у акцыі “Чысты лес”

Хто з вас чытаў апавядане Дзінтры Шулцэ “Роберцік”, той добра памятае маленькага жвавага робата, які аднойчы з планеты Фаіс здзейсніў вандроўку на планету Зямля. Ах, як уразіла Роберціка зямля з яе сінімі рэкамі і азёрамі, зялёнымі дубровамі і гаямі. Бярозы, дубы, елкі, сосны пакінулі свой след у душы металічнага робата. У сваёй далоньцы ён прывёз на аранжавую планету кволенькі парастак зялёнай елачкі. А вось раслінка прыжывецца, і ўпрыгожыць маркотны аранжавы пейзаж Фаіс.

Такую мару – упрыгожыць зямлю і тэрыторыю вакол сваёй школы мелі і нашы навучэнцы. Дзеці з задавальненнем прынялі ўдзел у Рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Чысты лес” з мэтай навядзення парадку на зямлі, прымеркаванай да Году малой радзімы.

 Каля будынка ўстановы сабралася гаманкая дзятва пачатковых і старэйшых. На прыступках ганка школы ў пакуначках з паперы чакалі нас сосенкі.

Такі цудоўны абяцаў быць дзень 23 кастрычніка – дзень пасадкі дрэў. Усе гатовы – і праца закіпела. Хто рулеткай мераў даўжыню
і шырыню, хто капаў ямкі, хто асцярожна прысыпаў маленькія, падобныя на травінкі, сосенкі. Сказаць сасна не выпадае – дрэўцам толькі год, вырошчвалі іх у гадавальніку.

Час за працай бяжыць непрыкметна. Азірнуцца не паспелі, а больш за паўсотні дрэўцаў пасадзілі. Няхай растуць наша сосны. А часу ў іх шмат: за гадоў 7-8 сасна вырастае прыкладна на адзін метр. Вось і марылі-гадалі дзеці, якімі будуць дрэўцы, калі закончацца іх школьныя гады.

Зямная прыгажосць моцна ўразіла робата Раберціка, а мы былі ўражаны нашай спорнай дружнай працай. Хлопчыкі і дзяўчынкі давалі сосенкам свае імёны. І зараз яшчэ зусім маленькія, крохкія дрэўцы маюць імёны Ульяна, Ганна, Дзяніс, Марк, Сафія і іншыя.

Пройдуць гады, дрэвы вырастуць, набяруцца моцы і будуць упрыгожваць наш школьны двор, стадыён, дарожку, якая пралягае паўз школы.

Наша блакітнавокая, зялёнакосая Беларусь відаць з космасу. А праз колькі гадоў наша вёска Баравікі зашуміць, заспявае салаўінымі песнямі ў голлі дрэў, адзавецца звонкімі дзіцячымі галасамі на школьным двары. Расці наш сасновы гай, а разам з табою няхай расце наша маладое пакаленне, будучыня светлай Беларусі.

Намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце

Баравікоўскай базавай школы Дзержынскага района

Алла ЗАНЕЎСКАЯ

Добавить комментарий