Год народного единства Общество

Погляд у мінулае. Цяжкі шлях да адзінства

У гэтым годзе наша краіна ўпершыню адзначае новае дзяржаўнае свята — Дзень народнага адзінства. 17 верасня 1939 года пачаўся вызваленчы паход Чырвонай Арміі. Паспяховае завяршэнне гэтай вайсковай аперацыі дазволіла вызваліць заходнюю частку беларускіх зямель з-пад улады панскай Польшчы. Так была адноўлена гістарычная справядлівасць і створаны ўмовы для аб’яднання Беларусі ў адзіную краіну.

У неверагодна складаных і цяжкіх умовах ішоў да сваёй нацыянальнай самасвядомасці беларускі народ. Ужо пачынаючы з XVI стагоддзя на яго тэрыторыю пачалі прэтэндаваць больш моцныя дзяржавы-суседкі. У выніку такой барацьбы, якая нярэдка суправаджалася прымяненнем ваеннай сілы, перавагу атрымала Каралеўства Польскае. У 1569 годзе, пасля падпісання Люблінскай уніі, тэрыторыя Вялікага Княства Літоўскага фактычна была інкарпаравана ў склад Рэчы Паспалітай і больш чым на два стагоддзі трапіла ў залежнасць ад Польшчы.

Карыстаючыся сваім прывілеяваным становішчам, Каралеўства Польскае выкарыстоўвала ўсе сродкі, у тым ліку і супрацьпраўныя, каб асіміляваць карэннае насельніцтва далучаных зямель. Тое ж адбылося і пасля трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1772—1795 гг.), калі Беларусь зноў страціла сваю самастойнасць, ператварыўшыся ў Паўночна-Заходні край Расійскай імперыі. І на гэты раз не абышлося без праяў вялікадзяржаўнага шавінізму.

Як бачым, у выніку падобных хістанняў перакройваліся межы спрадвечна беларускіх тэрыторый, што пакідала адбітак у свядомасці людзей, якія траплялі пад уплыў этнічных і сацыяльных эксперыментаў. Як вынік, менталітэт беларускага народа працяглы час падвяргаўся карозіі і дэфармацыі.

Такая парушаная еднасць праявілася ўжо ў Айчыннай вайне 1812 года, калі асобная частка апалячанага і акаталічанага насельніцтва падтрымала Напалеона, які паабяцаў аднавіць былую Рэч Паспалітую. За гэтую ж ідэю нямала чалавечых лёсаў было зламана падчас шляхецкіх паўстанняў 1830—1831 і 1863—1864 гадоў, жорстка задушаных царскім рэжымам.

Працягам гэтай барацьбы можна лічыць і падзеі пачатку XX стагоддзя. Пасля заканчэння Першай сусветнай вайны і вываду кайзераўскіх войскаў з тэрыторыі знявечанай і спустошанай Беларусі яе насельніцтва нарэшце атрымала мірную перадышку і змагло заняцца нацыянальна-дзяржаўным будаўніцтвам. Гэтае пытанне перад Савецкім урадам узняў Беларускі нацыянальны камісарыят на чале са Зміцерам Жылуновічам (Цішкам Гартным). Пасля шматлікіх узгадненняў такі лёсавызначальны акт быў абвешчаны 1 студзеня 1919 года.

Але распачаць мірнае будаўніцтва Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (БССР) так і не змагла, бо ўзнікла пагроза ваеннай агрэсіі з боку Польшчы. І зноў этнічна беларускія землі ператварыліся ў арэну супрацьстаяння паміж усходам і захадам. З аднаго боку — буржуазна-памешчыцкія колы на чале з абвешчаным начальнікам Польскай дзяржавы Юзафам Пілсудскім заявілі аб намеры стварыць Другую Рэч Паспалітую з уключэннем у яе склад Прыбалтыкі, Беларусі і Украіны. З другога — Саўнаркам РСФСР не жадаў выключыць Беларусь са сферы сваіх інтарэсаў. Адчуваючы непазбежнасць ваеннага канфлікту, Савецкі ўрад, парушаючы ўласна прынятую Дэкларацыю аб праве нацый на самавызначэнне, без усякіх тлумачэнняў адлучыў ад Беларусі Віцебскую, Смаленскую і Магілёўскую губерні, а астатнюю частку аб’яднаў з Літвою. Створаная такім чынам Літоўска-Беларуская ССР (Літбел) фактычна ператварылася ў буферную зону паміж Польшчай і РСФСР.

У першай палове лютага 1919 года польскія дывізіі, пры падтрымцы краін Антанты, перайшлі межы Гродзенскай губерні і развязалі ваенную агрэсію супраць беларускага народа. Самастойна даць адпор інтэрвентам новая квазідзяржава Літбел не магла. Не дачакалася яна і своечасовай дапамогі ад Савецкай Расіі, якая на той час сама ледзь трымалася ў полымі Грамадзянскай вайны. Вось чаму палякі без цяжкасцей захапілі значную частку тэрыторый Беларусі, Украіны і Прыбалтыкі.

Падрыхтоўка польскай арміі да акупацыі беларускіх зямель

Юзаф Пілсудскі звярнуўся з адозвай “Да насельніцтва былога Вялікага Княства Літоўскага”, у якой паабяцаў ліквідаваць бальшавіцкую няволю і ўстанавіць свабоду ў гэтым краі. Ён запэўніў, што дасць магчымасць усім  без абмежаванняў “вырашаць унутраныя, нацыянальныя і рэлігійныя справы без усякага прыгнечання з боку Польшчы”. Але, як аказалася на справе, гэтыя абяцанні так і засталіся пустымі словамі.

Тым не менш Пілсудскі, як некалі Напалеон, змог закрануць нацыяналістычныя пачуцці некаторай часткі насельніцтва Беларусі і  прыцягнуць на свой бок. Менавіта з іх ліку вербавалася апора для акупацыйнага рэжыму. Таму савецка-польская вайна на мясцовым узроўні нярэдка набывала рысы грамадзянскага супрацьстаяння.

У занятым польскімі жаўнерамі Койданаве прыслугачы новай улады за грошы даносілі дэфензіве пра дзейнасць патрыётаў, якія не пажадалі мірыцца з прыходам чужынцаў на іх зямлю. Рабаўніцтвам мірнага насельніцтва займалася і банда з былых дэзерціраў і здраднікаў, якія матэрыяльна падтрымліваліся палякамі. Яны нават зрабілі спробу стварыць Койданаўскую самастойную рэспубліку, якая, дарэчы, праіснавала ўсяго чатыры дні.

Пералом у вайне адбыўся ў ліпені 1920 года, калі Заходні фронт пад началам галоўнакамандуючага Міхаіла Тухачэўскага пачаў агульнае наступленне па ўсіх напрамках. Вызваленчая аперацыя развівалася даволі паспяхова і да канца месяца Чырвоная Армія перайшла польскую мяжу і рушыла на Варшаву. Але ў далейшым савецкае камандаванне дапусціла сур’ёзныя стратэгічныя і тактычныя пралікі, якія не дазволілі развіць поспех. У выніку фронт адступіў на ранейшыя пазіцыі і стабілізаваўся па лініі, якая фактычна перарэзала Беларусь на дзве часткі.

Чырвонаармейцы пераходзяць беларуска-польскую мяжу 17 верасня 1939 года

Не маючы больш сіл для працягу ваенных дзеянняў, абодва бакі ў сакавіку 1921 года вымушаны былі пачаць перамовы, якія завяршыліся падпісаннем Рыжскага мірнага пагаднення. У выніку тэрыторыі сучасных Брэсцкай і Гродзенскай абласцей, а таксама часткова Мінскай і Віцебскай адышлі да Польшчы. Пайсці на такі крок савецкае кіраўніцтва вымусілі сур’ёзныя эканамічныя і палітычныя абставіны.

На анексаванай тэрыторыі Заходняй Беларусі польская адміністрацыя ўстанавіла рэжым, спецыяльна распрацаваны для “ўсходніх крэсаў”. Як сведчаць дакументы, беларускія землі ператварыліся ў сыравінны прыдатак Польшчы. Амаль не працавала прамысловасць, у цяжкім становішчы апынуліся сяляне.

Буйныя ўчасткі беларускіх зямель перадаваліся асаднікам — былым афіцэрам і чыноўнікам, якія мелі заслугі ў савецка-польскай вайне 1919—1920 гадоў. Польскі ўрад шырока распаўсюджваў хутарызацыю (“камасацыю”), якая яшчэ больш ускладніла фінансавае становішча сялян. Беларусаў не прызнавалі за нацыю, іх родная мова была забаронена, закрываліся нацыянальныя школы, бібліятэкі і іншыя культурныя ўстановы. У Заходняй Беларусі панавалі сацыяльны і нацыянальны прыгнёт, палітычны і паліцэйскі тэрор. Па ўсёй тэрыторыі “ўсходніх крэсаў” праводзіліся карныя экспедыцыі — “пацыфікацыя”. У выніку расло супраціўленне працоўных мас.

Калі нацысцкая Германія 1 жніўня 1939 года развязала вайну супраць Польшчы, узнікла рэальная пагроза таго, што насельніцтва заходняй часткі Беларусі можа трапіць пад гітлераўскую акупацыю. Таму 17 верасня 1939 года, па распараджэнню Савецкага ўрада, войскі Чырвонай Арміі перайшлі мяжу, якая была створана паводле Рыжскага мірнага пагаднення. Яны ўзялі пад абарону жыццё і маёмасць насельніцтва не толькі Заходняй Беларусі, але і Украіны. Жыхары гэтых тэрыторый горача віталі сваіх вызваліцеляў.

Гэтая знакавая падзея вучыць нас простай ісціне: наша сіла ў еднасці і сяброўстве з суседзямі. На жаль, яшчэ знаходзяцца псеўдапатрыёты, якія дрэнна засвоілі ўрокі гісторыі. А яны сведчаць, што чужыя абяцанкі і падачкі нікому не прыносілі шчасця, трэба здабываць яго ўласнымі рукамі. Таму наша агульная задача — берагчы мір і спакой на роднай зямлі, дзе нам наканавана нарадзіцца і жыць.