Год народного единства Общество

Погляд у мінулае: Койданаўская шляхта. Ч. 12

Паланэз пад адкрытым небам. Карціна К. Шлегеля

Падпісаўшы Люблінскую унію, польскі бок адразу ж паставіў мэту паланізаваць народ, далучаны да Кароны. Аднак просты люд супрацівіўся ціску і застаўся верны культуры і традыцыям сваіх продкаў. А вось ліцвінская шляхта без ваганняў прыняла такія ўмовы, перайшла ў каталіцкую веру і пераняла мову і традыцыі палякаў. Такі саюз яшчэ больш умацаваў становішча пануючага саслоўя Рэчы Паспалітай. Для абгрунтавання сваёй выключнасці яго прадстаўнікі выпрацавалі адпаведную ідэалогію, якая атрымала назву сарматызм.

Штуршком для пераасэнсавання сістэмы поглядаў на сацыяльныя перамены сталі даследаванні вядомага гісторыка і асветніка польскага сярэднявечча Януша Длугаша. У яго працах значнае месца адводзілася апісанню мужнага стэпавага народа — сарматаў. Адчуўшы “роднасць душ” з ваяўнічымі качэўнікамі, арыстакратычная знаць аб’явіла іх сваімі продкамі, заявіўшы, што ў далёкія часы стэпнякі заваявалі польскія тэрыторыі, даўшы пачатак шляхецкаму саслоўю. Атрымлівалася, што самі палякі — гэта нацыя выключных герояў, якія вядуць бесперапынную барацьбу з варварамі. А да іх яны адносілі не толькі найбліжэйшых заходнееўрапейскіх суседзяў, але, у першую чаргу, усходніх славян, якім адводзілася месца нашчадкаў дзікіх скіфскіх плямёнаў, здольных толькі да гультайства ды п’янства.

Сармацкі партрэт уладальніка Койданава Януша Радзівіла

Вось чаму палякі лічылі, што Рэч Паспалітая — гэта цэнтр цывілізацыі, дзе была створана самая дасканалая ў свеце дзяржаўная сістэма, у якой  гарманічна спалучаліся элементы манархіі і рэспублікі. Адсюль вынікала, што польская нацыя пераўзыходзіць па развіццю астатнія народы, якія жывуць ва ўмовах адсталых палітычных сістэм дзяржаўнага абсалютызму.

У пачатку XVII стагоддзя Маскоўскае царства ўступіла ў паласу крызісу, што атрымала назву Смутнага часу, і Рэч Паспалітая праявіла  супраць рускіх адкрытую агрэсію. Заняўшы Маскву, яе войскі пасадзілі на трон каралевіча Уладзіслава, каб навучыць “адсталы народ”, як трэба кіраваць дзяржавай.

Са свайго боку, ліцвінская шляхта, уступаючы ў саслоўнае брацтва з палякамі, жадала мець саюз на роўных, а таму стварыла легенду, пацвярджаючы высакароднасць уласнага паходжання. Свае карані яна бачыла ў продках цара Палямона і рымскіх патрыцыяў, якія ў старажытнасці аселі ў верхнім Панямонні і далі пачатак  арыстакратычнай знаці Вялікага Княства Літоўскага. З такой радаслоўнай без праблем адбыўся “шлюб па разліку”, і пануючае месца ў грамадстве Рэчы Паспалітай заняла новая еднасць людзей — “народ шляхецкі”. Парадаксальнасць такой сацыяльнай з’явы заключалася ў тым, што, нягледзячы на маёмасную няроўнасць, усе прадстаўнікі гэтай адасобленай каставай групы мелі роўныя правы. Таму стараліся быць падобнымі адзін на другога, кіруючыся ідэямі сарматызму.

Партрэт каралевіча Уладзіслава, які ў Смутны час заняў маскоўскі трон

У чым жа сутнасць гэтай новай ідэалогіі пануючага саслоўя Рэчы Паспалітай, якая прыйшла на змену ранейшаму рыцарскаму кодэксу гонару? Пасля аб’яднання з Вялікім Княствам Літоўскім Рэч Паспалітая стала адной з найбагацейшых дзяржаў еўрапейскага кантынента. Яна валодала значнымі плошчамі ўрадлівых зямель і лясоў, што давала магчымасць землеўласнікам весці шырокі гандаль з замежнымі дзяржавамі, пастаўляючы туды прадукты і драўніну. За кошт гэтага яны хутка багацелі, лічылі, што ўсе зямныя даброты ім падараваны недарэмна, а як прызнанне іх асаблівых заслуг перад іншымі народамі, якіх ім даводзіцца не толькі карміць, але і абараняць ад знешніх ворагаў — туркаў і татараў, “маскалёў” і ўкраінскага казацтва, шведаў і немцаў. Адсюль перакананасць у польскім месіянізме, маўляў, паляк (ён жа шляхціц) — гэта самы дужы, смелы і разумны прадстаўнік чалавецтва. Ад сарматаў ён узяў у спадчыну высакароднае паходжанне, а таму ў Рэчы Паспалітай, а магчыма і ў свеце, няма яму роўных. У падарунак ад продкаў яму дасталіся такія якасці, як імкненне да свабоды, гасціннасць, вясёлы нораў, мужнасць і адвага.

Сарматызм знайшоў адлюстраванне і ў адзенні прадстаўнікоў пануючага класа. Выключна модным мужчынскім аксесуарам у XVII стагоддзі лічыўся жупан. Яго шылі з дарагога сукна, атласу, аксаміту розных колераў і падшывалі палатном. Нярэдка ён дапаўняўся даламанам — ваенным плашчом, як у турэцкіх янычараў. Разам з жупанамі ў шляхецкай модзе распаўсюджанне атрымалі кунтушы, якія лічыліся пераважна святочным адзеннем.

Разам з тым у гэты перыяд шляхецкія маёнткі і палацы абавязкова аздабляліся так званымі сармацкімі партрэтамі іх гаспадароў. У магнатаў і паноў яны ператвараліся ў сапраўдныя галерэі. Дзякуючы гэтаму віду жывапісу да нас дайшлі многія выявы знакамітых палітычных дзеячаў і іншых прадстаўнікоў шляхецкага саслоўя. Яго ідэалам быў вобраз мужнага суровага воіна, які стаіць на абароне інтарэсаў дзяржавы.

Так паступова фарміравалася шляхецкая ідэалогія, якая дасягнула найвышэйшага развіцця ў XVII стагоддзі і існавала да падзелаў Рэчы Паспалітай. Згодна з гэтымі ўстаноўкамі ідэальным шляхціцам лічыўся чалавек каталіцкага веравызнання, які быў цвёрда  перакананы ў сваёй выключнасці і валодаў адпаведнымі маральнымі прынцыпамі. З аднаго боку — гэта высакародны рыцар, які (хаця і не меў адпаведнай культуры паводзін) заўсёды адрозніваўся ветлівасцю і простымі манерамі ў абыходжанні са сваёй роўняю. Аднак пры іншых абставінах ён павінен захоўваць пачуццё ўласнай годнасці і не дазваляць нікому яго прыніжаць. Абавязковай умовай для прадстаўнікоў гэтага саслоўя з’яўлялася адукаванасць і красамоўства, якое неабходна было дэманстраваць на пасяджэннях соймаў і соймікаў.

Адносіны да жанчын адрозніваліся асаблівай галантнасцю. Трэба адзначыць, што звычай цалаваць руку даме нарадзіўся менавіта ў шляхецкім асяродку Рэчы Паспалітай.

Партрэт Станіслава Шчукі — тыповага прадстаўніка звычайнай шляхты

З другога боку, шляхціц лічыўся руплівым гаспадаром, але, вядома ж, галоўным яго заняткам з’яўлялася вайна. Атрымаўшы мірны перапынак, ён некалькі тыдняў бавіў час на паляўнічых ловах. Пасля — абавязковы ўдзел у балях і пагулянках. На забавы грошай не шкадавалі, жыццё на шырокую нагу таксама з’яўлялася адной з праяў шляхецкай годнасці. Пілі многа,  гэта заахвочвалася, як адзін з элементаў культуры дадзенага саслоўя.

Зразумела, не садзейнічалі грамадзянскаму міру і спакою пагардлівыя адносіны паноў да тых, хто знаходзіўся на ніжэйшых прыступках саслоўнага падзелу. Гэта былі сяляне, мяшчане, рамеснікі і гандляры — людзі, якія працавалі на дабрабыт сармацкай шляхты. Класавая няроўнасць у Рэчы Паспалітай набыла найбольш ганебныя формы. У асабліва цяжкія ўмовы трапіла сялянства, якога землеўласнікі эксплуатавалі самым жорсткім чынам.

Просты чалавек для шляхецтва быў “хлопам” ці “быдлам”.

Няроўнасць і знявагу цярпелі і прадстаўнікі іншых нацыянальных меншасцей і рэлігійных канфесій. “Не католік — значыць не паляк”, —  лічыла пануючая вярхушка ў Рэчы Паспалітай. А гэта ўжо былі прыкметы сацыяльнага расізму.