Год народного единства Общество

Погляд у мінулае: Койданаўская шляхта. Ч. 17

Рэч Паспалітая выйшла з амаль 14-гадовай разбуральнай вайны не толькі знявечанай, але і абкарнанай па ўсходніх і паўднёвых межах. Тым не менш яна змагла захаваць за сабою сваю беларуска-ліцвінскую частку і па-ранейшаму з’яўлялася дастаткова ўнушальным па памерах дзяржаўным утварэннем. Аднак унутраныя супярэчнасці раз’ядалі грамадства, паглыбляючы крызісныя з’явы. Замест таго каб заняцца адраджэннем былой моцы і славы краіны, магнаты і шляхта працягвалі ставіць уласныя інтарэсы вышэй за дзяржаўныя.

Польшча трымаецца на бязладдзі”

Пасля заключэння з Расіяй Андрусаўскага мірнага пагаднення (1667 год) кароль Ян II Казімір Ваза зрабіў спробу цэнтралізаваць уладу, узмацніць свой уплыў на падначаленай яму тэрыторыі. Але адразу ж адчуў супрацьдзеянне як з боку польскіх, так і беларуска-ліцвінскіх магнатаў, якія не жадалі абмежавання сваіх правоў. Яны стварылі супраць караля некалькі ваенных канфедэрацый і сталі пагражаць яму рокашам — бунтам, паўстаннем. У такой сітуацыі Ян Казімір быў вымушаны прыняць умовы магнацкіх груповак. Адкрыта выступіць супраць канфедэратаў ён ужо не мог, бо не меў падтрымкі сярод ваенных. За гады вайны дзяржаўная казна была спустошана, а вайскоўцы, не атрымаўшы грашовага забеспячэння, пачалі разыходзіцца па дамах, хтосьці — займацца рабаўніцтвам, ставячы пад пагрозу нацыянальную бяспеку дзяржавы.  

У гэты крытычны момант пайшла з жыцця жонка караля Марыя Луіза Ганзага — надзейны памочнік і мудры дарадца ва ўсіх дзяржаўных справах. Душэўныя сілы Яна Казіміра былі канчаткова падарваны. У 1668 годзе кароль добраахвотна выракаецца тытула.

У сваёй развітальнай прамове перад сенатарамі ён выказаў наступную перасцярогу: “Дай Бог, каб я не быў прарокам, але кажу вам: калі вы не выправіцеся і не зменіце сваіх парадкаў, Польшча загіне ад іншаземцаў. Масква адарве ў яе ўсе рускія землі і Літву да самага Буга, Нарава і нават да Віслы; Прусія возьме Вялікую Польшчу і польскую Прусію. Аўстрыя ж, бачачы, што іншыя дзеляць паміж сабой наша дабро, кінецца на Кракаў і сумежныя ваяводствы, — і кожная з суседніх дзяржаў пажадае лепей валодаць часткай нашага гаспадарства, чым  мець яго ўсё з вашым бязладдзем і вашымі вольнасцямі”.

Але гэтыя пранікнёныя словы не кранулі прысутных, не спынілі разгулу анархіі. Праз стагоддзе такое прадбачанне пачне спраўджвацца.

А сам Ян Казімір з’ехаў у Францыю і ўзначаліў абацтва каля Парыжа, прысвяціўшы далейшае жыццё служэнню Богу. Праз чатыры гады яго сціпла пахавалі на манастырскіх могілках. Так скончылася панаванне каралеўскай дынастыі Вазаў.

І зноў у Рэчы Паспалітай наступіў перыяд бескаралеўя. Шляхта з нецярплівасцю чакала гэтага моманту, каб атрымаць новыя прывілеі ад гандлю каралеўскім тытулам. Аднак на гэты раз яна пралічылася. Ахвотнікаў на польскую карону з ліку багатых тытулаваных асоб аказалася няшмат — каму была патрэбна зруйнаваная вайною краіна са шляхецкай анархіяй? А таму палітычнай эліце Рэчы Паспалітай давялося шукаць годнага прадстаўніка на каралеўскі трон на ўласнай зямлі. Іх погляды скіраваліся на Міхала Вішнявецкага, якому ад бацькі дасталася найбагацейшая спадчына. Гэтая акалічнасць і стала вызначальнай пры выбары новага караля.

Кароль Міхал Вішнявецкі

Міхал Вішнявецкі прыняў тытул у 29 гадоў. Сутыкнуўшыся з фінансавымі цяжкасцямі, ён распачаў гандаль дзяржаўнымі землямі, каб разлічыцца па даўгах. Але казна па-ранейшаму заставалася без прыбытку і грошай ледзь хапала на ўтрыманне каралеўскага двара. Павышаць падаткі было немагчыма, бо народ жыў у галечы і ледзь зводзіў канцы з канцамі. Шляхту ж на соймавых сходах гэтае пытанне зусім не цікавіла.

Рэч Паспалітая фактычна ператварылася ў дзяржаву-банкрута. У 33 гады Міхал Вішнявецкі раптоўна памёр. Кажуць, яго падвяла схільнасць да тлустай ежы, і арганізм не вытрымаў.

У перыяд наступнага бескаралеўя шляхта пагадзілася тытулаваць вялікага  кароннага гетмана Яна Сабескага (1629—1696) — чалавека ваеннага, які змагаўся з галоўным ворагам Рэчы Паспалітай — Асманскай імперыяй. Трэба аддаць належнае, гэты палкаводзец атрымаў шэраг бліскучых перамог, але справамі дзяржаўнымі ён, як кароль, зусім не займаўся. Улада пры ім зусім пахіснулася. Суайчыннікі казалі пра Яна Сабескага, што ён хаця і адрадзіў былую вайсковую славу каралеўства, але на карысць дзяржавы так нічога і не зрабіў.

Кароль Ян Сабескі

Тым часам у самім паспалітым грамадстве пачаўся працэс дэзынтэграцыі. Буйныя магнаты хутка скупілі большую частку зямель з каралеўскага дамена, якія пусціў у продаж Міхал Вішнявецкі. Гэта дазволіла некаторым з іх пераўзысці па багацці самога караля. Адчуўшы адносную самастойнасць, яны не жадалі больш прыслухоўвацца да загадаў правіцеля і нават сталі дыктаваць яму свае ўмовы. На палітычнай арэне з’явіліся новыя ўплывовыя асобы, якія пачалі барацьбу за высокія дзяржаўныя пасады і перадзел улады. Яны мелі ўласныя войскі і любыя канфлікты вырашалі з дапамогай зброі.

Адным з іх быў Павел Сапега. У гады вайны ён стварыў на ўласныя грошы армію, але больш займаўся інтрыгамі, чым ваяваў супраць ворага. Менавіта Сапега абвінаваціў вялікага гетмана Януша Радзівіла ў здрадзе інтарэсам дзяржавы і, узяўшы яго ў аблогу, трымаў там, пакуль той не памёр ад хваробы і голаду. Пасля такой “перамогі” ён дабіўся ад караля гетманскай булавы.

Вялікі гетман Павел Сапега

Пасля вайны род Сапегаў стаў адным з самых магутных на былых велікакняжацкіх землях. Справу бацькі прадоўжыў яго старэйшы сын Казімір Ян. Гэта быў сквапны, беспрынцыповы, фанабэрысты чалавек. Ён першым стаў патрабаваць ад караля Міхала Вішнявецкага кампенсацыі страт, якія панёс бацька на стварэнне арміі ў час вялікай вайны. Канфлікты ў яго працягваліся і з Янам Сабескім. Гэтак жа пагардліва паводзіў сябе Казімір Ян і ў сенаце. Ён зусім не лічыўся з думкамі астатніх, а калі ўзнікала патрэба, жорстка распраўляўся з тымі, хто яму пярэчыў.

Вялікі гетман Казімір Ян Сапега

Справа дайшла да таго, што супраць Сапегаў выступілі Радзівілы, Агінскія, Пацы і іншыя магнаты. Барацьба набыла характар ваеннага супрацьстаяння, а ў выніку зноў вынішчаліся беларуска-ліцвінскія землі. У гэтай “хатняй вайне” войскі Сапегі былі разбіты пад Алькенікамі. Агульным сходам канфедэрацыі ўсіх Сапегаў пазбавілі званняў і пасад, а іх саміх прысудзілі да выгнання за межы дзяржавы. І толькі ўмяшанне караля пазбавіла гэты род ад такой ганьбы.

У выніку аслаблення цэнтральнай улады пачалося ўзвышэнне павятовых соймікаў, якія пачалі прысвойваць сабе функцыі заканадаўчай і судовай улад. Сваіх дэлегатаў на вальныя соймы яны надзялялі асаблівымі паўнамоцтвамі. І тыя карысталіся сваімі прывілеямі, вядома ж, не ў інтарэсах дзяржавы. Калі да 1652 года на агульных соймах справы вырашаліся большасцю галасоў, дык пазней шляхта пачала актыўна выкарыстоўваць сваё  права на liberum veto, адхіляючы любую пастанову караля ці сенатараў.

Упершыню фраза “не позволям” прагучала ад дэпутата Упіцкага павета Сіцінскага, які быў падкуплены Янушам Радзівілам, каб сарваць рашэнне Вальнага Сойма. З таго часу гэтыя словы ўсё часцей можна было пачуць на соймавых з’ездах. У выніку прыняцце важных дзяржаўных рашэнняў замаруджвалася, іншы раз і наогул правальвалася.

Шляхта ведала, што адказвае толькі перад Богам і сваім сумленнем. Але, страціўшы яго, пануючае саслоўе працягвала рабіць грамадства заложнікам уласных свавольства і бяздумнага самалюбства. Маўляў, “Polska nierządem stoi” (“Польшча трымаецца на бязладдзі”). Сапраўды, у другой палове XVII стагоддзя пашырэнне шляхецкай дэмакратыі пры аслабленні цэнтральнай каралеўскай улады прывяло да ўзвышэння магнацкіх груповак, якія закабалілі фінансава шляхту, ператварыўшы яе ў праваднікоў сваіх інтарэсаў. А вось да дзяржаўных спраў ні ў кога не даходзілі рукі. Рэч Паспалітая непазбежна набліжалася  да пагібелі.