Актуально Год народного единства

Погляд у мінулае: Койданаўская шляхта. Ч. 19

У другой палове XVIII стагоддзя палітычны і эканамічны крызіс у Рэчы Паспалітай дасягнуў найвышэйшай кропкі. Некалі вялікая і магутная дзяржава ў цэнтры Еўропы ляжала бездапаможнай і знясіленай шляхецкімі вольнасцямі. Яна даўно б ужо магла стаць ахвярай больш моцных сумежных краін, але тыя апекаваліся над сваёй бестурботнай суседкай, чакаючы, калі “плод даспее і сам упадзе пад ногі”. І дачакаліся.

Заканамерны фінал

Яшчэ ў 1764 годзе Расія і Прусія заключылі саюзны дагавор з сакрэтным дадаткам, паводле якога падпісанты абавязваліся захоўваць на тэрыторыі сумежнай дзяржавы існуючыя парадкі. Калі да яго далучылася Аўстрыя, вакол Рэчы Паспалітай утварылася свайго роду рэзервацыя, дзе ішоў натуральны працэс самаразбурэння дзяржаўнасці. Саюзнікі пільна сачылі за тым, што адбывалася побач, але пакуль не праяўлялі ніякай актыўнасці. Больш таго, дзякуючы такому апякунству Польшча на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў не ўцягвалася ў ваенныя канфлікты. Адным словам, былі створаны ўсе ўмовы, каб Рэч Паспалітая добраахвотна падышла да свайго самагубства.

У лютым 1733 года пайшоў з жыцця Аўгуст II Моцны. Але на гэты раз пераемнік быў прызначаны па ўказцы расійскага ўрада. Ім стаў сын папярэдняга караля Аўгуст III Саксонец. Такое становішча не задаволіла пэўную частку шляхты, якая бачыла на каралеўскім троне Станіслава Ляшчынскага, што меў падтрымку з боку Францыі. І гэтую праблему краіны-саперніцы вырашалі ўжо не з дапамогай грошай, а ў адкрытым ваенным супрацьстаянні. У выніку “вайны за каралеўскую спадчыну” перавагу атрымала руская армія. Станіслаў Ляшчынскі адмовіўся ад каранавання і з’ехаў за мяжу. І толькі пасля таго шляхта супакоілася і прызнала каралём Аўгуста III.

Як і бацька, новы кароль большасць часу праводзіў за мяжою, наведваючы Польшчу па неабходнасці, калі патрабавалася падпісаць важныя дакументы і прыкласці да іх пячатку. А ў яго адсутнасць усімі дзяржаўнымі справамі займаўся першы міністр граф Бруль. Ва ўмовах такога бязладдзя разбэшчанае шляхецкае саслоўе працягвала злоўжываць сваімі правамі. Так, пачынаючы з 1744 года Вальны Сойм не прыняў ніводнай пастановы, паколькі  liberum veto стала звыклай з’явай на пасяджэннях і прымянялася дэпутатамі без усякай патрэбы. Такім чынам, работа заканадаўчага органа краіны была паралізавана, што непазбежна вяло да паглыблення нестабільнасці.

Становішча амаль не палепшылася і пры апошнім каралю Рэчы Паспалітай Станіславе Аўгусце Панятоўскім (1764—1795). Ён лічыўся фаварытам рускай імператрыцы Кацярыны II і менавіта дзякуючы гэтым сувязям яму без цяжкасцей дастаўся каралеўскі трон.

З гэтага часу Рэч Паспалітая канчаткова трапіла пад пратэктарат Расійскай імперыі, бо Станіслаў Панятоўскі быў пазбаўлены ўсякай самастойнасці пры прыняцці рашэнняў на дзяржаўным узроўні. І ўвогуле  яму давялося жыць па ўказцы імператрыцы-палюбоўніцы, якая забараніла каралю стварыць уласную сям’ю.

Уплывовай фігурай у Варшаве быў стаўленік Кацярыны II пасол Мікалай Рэпнін, які паводзіў сябе бесцырымонна, навязваючы рашэнні, выгадныя для рускіх. Па яго загаду арыштоўвалі і высылалі ў Расію дзяржаўных дзеячаў, якія спрабавалі пярэчыць паслу. Менавіта ён стварыў “дысідэнцкую” праблему, якая стала падставай для падзелаў Рэчы Паспалітай.

Так званыя “дысідэнты” з боку праваслаўных і пратэстантаў стварылі ў Слуцку і Торуні ваенныя канфедэрацыі для абароны сваіх інтарэсаў. Пад націскам Рэпніна Вальны Сойм у 1768 годзе прыняў пастанову аб ураўнаванні ў правах праваслаўных і пратэстантаў з каталікамі. У адказ каталіцкія фанаты ў Бары (Украіна) аб’ядналіся ў сваю канфедэрацыю. Краіна зноў апынулася на мяжы грамадзянскай вайны.

Уласных сіл для атрымання перамогі над праціўнікам не хапала ні з аднаго, ні з другога боку, таму, па звычцы, “дысідэнты” звярнуліся па дапамогу да замежных краін: слуцкая і торунская канфедэрацыі — да Расіі, а барская — да Францыі. Крызіс вырашыла, вядома ж, на сваю карысць, 40-тысячная расійская армія. Такая актыўнасць з боку Кацярыны II насцярожыла партнёраў па кааліцыі, якія здаўна марылі адхапіць свой кавалак ад польскіх тэрыторый. Таму, па прапанове Прусіі, 6 лютага 1772 года ў Санкт-Пецярбургу было падпісана расійска-прускае, а 19 лютага 1772 года — расійска-аўстрыйскае пагадненне аб падзеле часткі тэрыторый Рэчы Паспалітай.

Прусія атрымала паўночна-заходнюю частку Польшчы, Аўстрыя — паўднёвую частку, а да Расіі адышлі Інфлянты, частка Полацкага, Віцебскае і Мсціслаўскае ваяводствы. З дапамогай ваеннай сілы саюзнікі вымусілі Вальны Сойм зацвердзіць пагадненне аб добраахвотнай перадачы гэтых зямель на карысць краін-захопнікаў.

Першы падзел Рэчы Паспалітай прымусіў прагрэсіўную частку грамадства задумацца аб далейшым лёсе краіны. Па іх ініцыятыве былі зроблены пэўныя крокі да правядзення палітычных і эканамічных рэформ. Гэтыя змяненні замацаваліся ў канстытуцыі, прынятай 3 мая 1791 года. Але яны не закраналі асноў дзяржаўнага і грамадскага ладу Рэчы Паспалітай, а таму не адыгралі значнай ролі. Праціўнікі канстытуцыі, на чале якіх стаялі Севярын Ржавускі, Ксаверый Браніцкі і іншыя, узняліся на барацьбу супраць канстытуцыйных перамен. У мястэчку Таргавіцы (Украіна) яны стварылі канфедэрацыю і абвясцілі аб прызнанні ранейшага парадку кіравання краінай. Іх патрабаванні падтрымаў кароль. Па дапамогу канфедэраты звярнуліся да Кацярыны II.

Зноў пачалася вайна, вынікам якой стаў другі падзел Рэчы Паспалітай. Ён адбыўся 23 студзеня 1793 года. Да Прусіі адышлі Данцыг і Вялікая Польшча, да Расіі — Полацкае, Мінскае і ўсходнія часткі Навагрудскага і Брэсцкага ваяводстваў. Аўстрыя, занятая барацьбой супраць рэвалюцыйнай Францыі, у саюзе не ўдзельнічала.

Другі падзел Рэчы Паспалітай узняў хвалю абурэння сярод шляхты. На гэты раз дзеянні Прусіі і Расіі ніхто не збіраўся прызнаваць законнымі. Сітуацыя ў краіне абвастрылася. У сакавіку 1794 года ў Кракаве было абвешчана аб пачатку ўзброенага паўстання, якое ўзначаліў генерал-лейтэнант Анджэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка. Патрыёты абвясцілі яго “дыктатарам рэспублікі” і заявілі, што іх мэтай з’яўляецца адраджэнне Рэчы Паспалітай у межах 1772 года. Хутка паўстанне перакінулася на вялікакняжацкія землі. У сакавіку 1794 года ўзброеныя атрады захапілі Вільню і стварылі там найвышэйшую раду на чале з камендантам палкоўнікам Якубам Ясінскім. Ад яе імя быў прыняты зварот да ўсёй шляхты далучыцца да паўстанцаў. Але адгукнуліся не ўсе. Не дапамог і заклік “Хто не з намі — той супраць нас”, таму барацьба не набыла ўсеагульнага характару. Не падтрымаў яе і народ, які не пажадаў праліваць кроў за інтарэсы прыгнятальнікаў.

На тэрыторыю Польшчы былі ўведзены ваенныя сілы трох суседніх дзяржаў. Касцюшка абвясціў усеагульную мабілізацыю, у выніку яго армія ўзрасла да 70 тысяч навабранцаў. Тым не менш перавага заставалася на баку інтэрвентаў. Крок за крокам яны падступалі да Варшавы.

Лёс Рэчы Паспалітай быў вырашаны ў бітве пад Мацаёвіцамі (недалёка ад Варшавы), дзе паўстанцы былі разбіты войскамі генерала Дзянісава, а сам Касцюшка трапіў у палон. Пасля гэтага стала відавочнай бессэнсоўнасць далейшага супраціўлення, і 25 кастрычніка палякі падпісалі акт аб капітуляцыі.

Станіслаў Аўгуст Панятоўскі адрокся ад трона, і Кацярына II запрасіла яго ў Расію, дзе ён атрымліваў высокую пенсію і жыў у раскошы.

А пераможцы зноў пачалі перамовы, каб канчаткова падзяліць паміж сабою Рэч Паспалітую. Дакумент быў падпісаны 24 кастрычніка 1795 года. Расія яшчэ больш паглыбілася на захад і атрымала землі агульнай колькасцю 120 тысяч кв. км з насельніцтвам 1,2 млн чалавек. Прусія набыла тэрыторыі, этнічна заселеныя палякамі, агульнай плошчай 55 тысяч кв. км і з насельніцтвам 1 млн чалавек. Да Аўстрыі перайшлі Кракаў і Малая Польшча агульнай плошчай 47 тысяч кв. км і з насельніцтвам 1,2 млн чалавек. Больш чым на стагоддзе краіна была выкраслена з карты Еўропы.