Год народного единства Общество

Погляд у мінулае: Койданаўская шляхта. Ч. 20

Адкрамсаўшы сабе ладны кавалак ад агульнага пірага, які раней зваўся Рэччу Паспалітай, Расійская імперыя значна павялічылася па плошчы і людскіх рэсурсах. Да яе поўнасцю адышла этнічная Беларусь з насельніцтвам каля трох  мільёнаў чалавек. Так пачаўся новы этап у яе развіцці.

                  Пад царскаю рукою

Расійская імператрыца Кацярына II лічыла сябе «просвещенным монархом», а таму загадзя падрыхтавала некалькі гістарычных трактатаў, дзе падзелы суседняй дзяржавы патлумачыла не актам агрэсіі, а ледзь ці не добраахвотным аб’яднаннем славянскіх народаў. Але яна не прыняла да ўвагі той факт, што ў выніку гістарычных абставін славяне даўно падзяліліся на розныя адгалінаванні і пайшлі па сваім шляху.

Вось і беларусы на працягу пяці стагоддзяў жылі хаця і побач, але самастойна і паасобку ад рускіх. У канцы XVIII стагоддзя яны пачалі ідэнтыфікаваць сябе як нацыя, якая мела свае ментальныя, культурныя, моўныя і, у большасці, канфесійныя асаблівасці.

Да гэтага неабходна аднесці і розніцу ў дзяржаўным будаўніцтве, эканамічным развіцці і грамадскім падзеле. Прыкметны ўплыў на фарміраванне беларускага этнасу зрабіла суседняя Польшча. Вось чаму пра еднасць славянскіх народаў ужо ў той час можна было сцвярджаць умоўна, а філасофія Кацярыны II, па сутнасці, была не чым іншым, як ідэалагічным апраўданнем яе ўласных захопніцкіх планаў.

І калі просты народ, сяляне і мяшчане, больш-менш пакорліва ставіліся да пераходу пад уладу расійскага манарха, дык шляхта неахвотна ішла пад царскую руку. Ператварыўшыся ў замкнёную касту, яна не атаясамлівала сябе болей з тытульнай нацыяй. Гэта быў  на самай справе “польскі народ шляхецкі”, аб’яднаны не толькі адзінымі правамі і прывілеямі, але і агульнай мовай (польская), рэлігіяй (каталіцызм), культурай (сарматызм).

За гады шляхетызацыі многія звычкі і традыцыі ператварыліся для яе носьбітаў ва ўклад жыцця. І па меры таго як з боку царскага ўрада рабіліся спробы па інтэграцыі польска-ліцвінскага шляхецтва ў расійскае дваранства, гэтыя непаразуменні ўсё больш абвастраліся. Таму на далучаных тэрыторыях Расійскай імперыі адразу ж узнік так званы «польский вопрос», які на дзесяцігоддзі быў галаўным болем для царскага ўрада. Асабліва востра ён праяўляўся ў саслоўнай, нацыянальна-рэлігійнай і адукацыйнай палітыцы.

Адразу ж пасля заканадаўчага афармлення падзелаў Рэчы Паспалітай усё насельніцтва далучаных тэрыторый прымусілі прысягнуць на вернасць расійскай імператрыцы.

Асобам, якія не пагаджаліся з такой прапановай, дазвалялася ў трохмесячны тэрмін прадаць сваю нерухомасць і бесперашкодна выехаць за мяжу. Калі хто не паспяваў уладкаваць справы за гэты перыяд, уся маёмасць беглага шляхціца, у першую чаргу зямля, перадавалася ў дзяржаўную казну.

Але такіх аказалася няшмат. З буйных магнатаў назаўсёды пакінулі абжытыя месцы Пацы, Міхал Агінскі, некалькі Радзівілаў і нязначная частка паноў. Астатнія, заспакоеныя абяцаннямі Кацярыны II, ганарова паабяцалі пакорліва служыць новай уладзе. Таму канчаткова да расійскай казны адышло не больш за 30 тысяч прыгонных сялян, якія належалі раней тым землеўласнікам, якія не спакусіліся на абяцанні Кацярыны II. Іх секвестраваная маёмасць пазней пайшла на падарункі велікарускай знаці.

За ўдзел у задушэнні паўстання пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі латыфундыю на Беларусі атрымаў нават вядомы рускі военачальнік Аляксандр Сувораў.

З самага пачатку царызм ліберальна ставіўся да пануючага саслоўя далучаных зямель, каб «покорить сердце в оных живущих добрым, порядочным, правосудным, снисходительным, кротким и человеколюбивым управлением, а не силою оружия». Таму шляхта заходніх губерняў на першым часе пасля далучэння была задаволена сваім становішчам. Яна нават паслала пісьмо Кацярыне II, дзе разам з іншым было сказана: «Живя не в Польше, мы чувствуем себя как бы в Польше и даже лучше, чем в настоящей Польше». І іх словы сапраўды адпавядалі рэчаіснасці. У адносінах да карыстання маёмасцю і залежнымі сялянамі за землеўласнікамі засталіся ранейшыя правы.

Адзінае, што царскі ўрад рашуча забараніў, дык гэта бескантрольную самастойнасць буйных магнатаў і ўтрыманне імі прыватнага войска. Былі ліквідаваны таксама правы шляхты на стварэнне канфедэрацый і большасць прывілей, звязаных са шляхецкімі вольнасцямі. У астатнім ім дазволена было займаць такое ж грамадскае становішча, якім карысталася расійскае дваранства. У “Даравальнай грамаце”  Кацярына II абвясціла, што «каждое состояние (сословие) на жителей присоединенных земель вступает с самого сего дня во все оному свойственные выгоды по всему пространству империи  Российской».

Вось чаму да 1840 года на далучаных тэрыторыях насельніцтва працягвала жыць па мясцовых законах, запісаных у Статуце Вялікага Княства Літоўскага. Такім чынам расійскі ўрад спрабаваў далучыць на свой бок беларуска-ліцвінскую шляхту і не дапусціць распаўсюджання сярод яе апазіцыйных настрояў.

Аднак гэта быў толькі пачатак. Не з тых была руская самадзержыца, каб паддобрывацца да сваіх падданых.

У сваіх сакрэтных распараджэннях да губернатараў заходніх тэрыторый яна катэгарычна патрабавала праводзіць такую палітыку, каб насельніцтва хутчэй “абрусела і да далучэння прывыкла”, а ў адносінах да беларусаў наогул ставілася мэта, каб сярод іх як мага хутчэй  «исчезла грань инородия».

Такія праявы вялікадзяржаўнага шавінізму на той час сталі ўжо звычайнай палітыкай царскага ўрада ў адносінах да нацыянальных меншасцей, якія насялялі прасторы Расійскай імперыі. Першым сур’ёзным выпрабаваннем для шляхты стала яе прымусовае падпарадкаванне моцнай цэнтралізаванай уладзе, да якой яна зусім не прывыкла. З цяжкасцю ўспрымаліся гэтым саслоўем і новыя законы аб падатках, вайсковай службе, пераводзе прыгонных сялян з паншчыны на грашовую рэнту і іншыя новаўвядзенні.

Карэнным чынам змянілася і канфесіянальная палітыка. Каталіцызм хаця і не забараняўся, але страціў сваю дамінуючую ролю. Пачаўся адваротны працэс пераводу насельніцтва з уніяцтва ў праваслаўе. З ужытку паступова выходзіла польская мова, якая на дзяржаўным узроўні змянілася на рускую. Інтэграцыя шляхецтва ў дваранства яшчэ больш абвастрала грамадскія супярэчнасці.

Па свайму маёмаснаму становішчу пануючае саслоўе Рэчы Паспалітай было неаднолькавым. Таму царскія ўлады перш за ўсё пастараліся стварыць найбольш спрыяльныя ўмовы для прадстаўнікоў магнацкіх родаў. Усе яны атрымалі найвышэйшыя чыны ў расійскім “Табелі аб рангах” і  былі набліжаны да імператарскага двара. Царскімі ўказамі было вызначана месца, таксама адпаведна іх маёмаснаму становішчу, і для іншых землеўласнікаў, якія мелі прыгонных сялян. З гэтага часу яны сталі звацца на расійскі манер памешчыкамі, але з абавязковым дадаткам “рымска-каталіцкага веравызнання” — знак адрознення ад тых, хто належаў да праваслаўя. Астатняя частка, так званая “галытва”, так і засталася ў стане шляхты.

Адносны працэнт феадальных уласнікаў у Расіі быў значна ніжэйшы, чым у заходніх губернях. Там збяднелыя памешчыкі гублялі свае правы і прывілеі і ішлі служыць у якасці дзяржаўных чыноўнікаў.

На Беларусі ж існавала даволі значная праслойка пануючага саслоўя, на ўзроўні селяніна-аднадворца, хаця па грамадскаму становішчу мела такія ж правы, як і магнаты. Вядома ж, з такім сацыяльным перакосам царскі ўрад не пажадаў мірыцца. Таму адразу ж пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай было абвешчана аб правядзенні так званага “разбору шляхты”.

Ён прадугледжваў выключэнне маламаёмных землеўласнікаў з прывілеяванага становішча. Праз земскія суды яе прадстаўнікі павінны былі даказаць, што сапраўды маюць шляхецкія правы. У адваротным выпадку іх пагалоўна ўносілі ў сялянскія спісы. Яны адразу ж абкладаліся падаткам і прыпісваліся да рэкруцкіх набораў.

Такім чынам расійскі ўрад вырашыў тры задачы: скараціў працэнт беспамеснай шляхты, павялічыў колькасць падаткаплацельшчыкаў і набыў рэзервы рэкрутаў у армію. Не выпадкова, што менавіта гэтая катэгорыя насельніцтва першай пачала адкрыта выступаць супраць новых парадкаў. Але ў адносінах да іх царызм не ліберальнічаў, за кожную такую праяву бунтаўшчыкоў жорстка каралі. У якасці рэпрэсіўных мер выкарыстоўваліся арышты, высылка ва ўнутраныя губерні, канфіскацыя маёмасці і іншыя метады. Такім чынам расійскі ўрад паказваў, на што ён здатны пры абароне сваіх інтарэсаў.