Год народного единства Общество

Погляд у мінулае: Койданаўская шляхта. Ч. 21

Пасля падзелу Рэчы Паспалітай прынцып “падзяляй і валодай”, вядомы яшчэ з часоў Рымскай імперыі, увайшоў у знешнюю палітыку еўрапейскіх дзяржаў, якія, адчуўшы сваю моц, працягвалі барацьбу за панаванне на кантыненце. У гэтым супрацьстаянні абвастрыліся адносіны паміж французскім імператарам Напалеонам I Банапартам і расійскім імператарам Аляксандрам I, а разменнай манетай у іх палітычных гульнях стала шляхта.

Напярэдадні грознай падзеі

Аляксандр I быў каранаваны ў сакавіку 1801 года. Яго бацька,  Павел I, знаходзіўся на троне досыць нядоўга і быў забіты ў выніку дварцовага перавароту. Насаджаючы палітыку насуперак той, што праводзіла яго маці Кацярына IІ Вялікая, Павел І выклікаў незадаволенасць большасці дваранства, што і прывяло да трагічнай развязкі.

Узышоўшы на трон, Аляксандр I зноў узмацніў ролю дваранства ў расійскім грамадстве. Такую ж саслоўную палітыку праводзіў ён і ў адносінах да заходніх губерняў. Асаблівай прыхільнасцю ў яго карысталіся ўплывовыя магнацкія роды Чартарыйскіх, Браніцкіх, Патоцкіх і некаторыя іншыя, якія атрымалі пасады пры імператарскім двары і занялі месца сярод найвышэйшай расійскай знаці. Без асаблівых канфліктаў ішоў працэс інтэграцыі ў дваранства і іншых землеўласнікаў з ліку колішняй шляхты. Яны карысталіся ўсімі правамі расійскага прывілеяванага саслоўя і нават мелі некаторыя льготы на мясцовым узроўні.

Аднак стварыць сабе апору з гэтай часткі паланізаванага насельніцтва Аляксандр I так і не змог. Употай гэтая саслоўная група працягвала марыць аб вяртанні былой дзяржаўнасці на іх землях і чакала зручнага моманту, каб ажыццявіць свае намеры.

А вось у адносінах да беззямельнага саслоўя заходніх губерняў была адразу ж дапушчана памылка, якая пазней прывяла да непажаданых наступстваў. Пачаўшы “разбор шляхты”, расійскі ўрад не прыняў да ўвагі польскую канцэпцыю высакароднага паходжання. У адрозненне ад расійскай, дзе дваранства пацвярджалася службовымі абавязкамі і валоданнем маёнткам з залежнымі сялянамі, польскае шляхецтва разглядалася як “якасць крыві” і перадавалася ў спадчыну ад бацькі да сына. Прычым валоданне зямельнай уласнасцю ў гэтым выпадку не было абавязковым. Вось чаму перавод чыншавай, акольнічай і службовай шляхты ў разряд сялян расцэньваўся імі як знявага іх шляхецкай годнасці. Гэта і выклікала моцную пратэстную рэакцыю, цэлы клубок супярэчнасцей у заходніх губернях.

Да таго ж і самі палякі ў той час не карысталіся сімпатыяй у большасці прадстаўнікоў расійскага дваранства, бо тыя бачылі ў шляхце носьбітаў “якабінскага вальнадумства” рэвалюцыйнай Францыі. І гэта таксама вымушана была ўлічваць царская ўлада.

У 1804 годзе Напалеон Банапарт быў абвешчаны імператарам Францыі. Яго палкаводчыя здольнасці дазволілі правесці шэраг пераможных бітваў з суседнімі краінамі і значна пашырыць межы сваёй дзяржавы. На кантыненце была створана новая імперыя. Калі ў залежнасць ад Францыі трапілі Аўстрыя і Прусія, якія з’яўляліся саюзнікамі Расіі па падзелах Рэчы Паспалітай, межы напалеонаўскай імперыі наблізіліся непасрэдна да расійскіх. Гэта прымусіла Аляксандра I і Напалеона I Банапарта ў 1807 годзе сесці за стол перамоў, каб узгадніць мірнае пагадненне, якое пазней было падпісана ў Тыльзіце. Іх сустрэчу вырашана было правесці на нейтральнай паласе.

Адзінае, што падзяляла расійскую і французскую тэрыторыі, была рака Нёман. Яна і была выбрана месцам правядзення рандэву дзвюх каранаваных асоб.

Вось як апісвалі сустрэчу сведкі той гістарычнай падзеі: «На середине реки французы устроили два парома с павильонами. На одном из фронтонов с нашей стороны виднелась огромная буква А, на другом, со стороны Тильзита — такой же величины литера N, искусно написанные зеленой краской. Во втором часу пополудни, по двум выстрелам из пушек, отплыли от противоположных берегов лодки. Наполеон прибыл несколькими минутами прежде на паром, и подал Императору нашему руку. Так, рука об руку, они вошли в павильон на виду многочисленных зрителей, которыми были усеяны оба берега. Все понимали, что судьба и вся будущность Европы была сосредоточена на этом пароме!»

Тыльзіцкае мірнае пагадненне адпавядала інтарэсам як Напалеона, так і Аляксандра I. Першаму яно было патрэбна, каб апраўдаць захопніцкую сутнасць сваіх ваенных паходаў, другому — для атрымання гарантый недатыкальнасці  з боку Францыі. Так на некаторы час аб’ядналіся інтарэсы дзвюх супрацьлеглых па поглядах асоб, рэвалюцыянера-вальнадумца Напалеона і кансерватара Аляксандра I.

На развітанне французскі імператар быццам  незнарок дапусціў намёк пра забойства Паўла I. Аляксандр I зрабіў выгляд, што не заўважыў абразу. Але з гэтага моманту Напалеон стаў для яго заклятым ворагам.

Калі  французскі імператар вырашыў узяць шлюб, ён зрабіў прапанову расійскім прынцэсам, спачатку Кацярыне, а потым Ганне. Але Аляксандр I катэгарычна адмовіўся выдаваць за яго сваіх сясцёр. Адносіны паміж імператарамі пагаршаліся і на заходняй мяжы.

Паводле Тыльзіцкага мірнага пагаднення на былых польскіх землях, якія пасля падзелаў Рэчы Паспалітай адышлі да Прусіі і Аўстрыі, было створана  Вялікае герцагства Варшаўскае. Яно разглядалася як буферная зона паміж тэрыторыямі дзвюх імперый, але хутка трапіла пад уплыў Напалеона I, які вырашыў стварыць там плацдарм для будучага нападу на Расію. Пры яго непасрэдным удзеле ў герцагстве, дзе большасць насельніцтва складалі палякі, была прынята канстытуцыя і пачаліся ліберальныя рэформы, што дало надзею яго жыхарам на адраджэнне былой польскай дзяржавы. Гэта ўскалыхнула каталіцкую частку насельніцтва заходніх губерняў Расійскай імперыі.

Напалеон ператварыўся для шляхты у сапраўднага куміра. З ім яна звязвала надзеі на адраджэнне Рэчы Паспалітай. Ведаючы такі настрой, французскі імператар, праз сваіх агентаў, распаўсюджваў сярод іх розныя ўлёткі і пракламацыі, дзе не скупіўся на абацянні. І колькасць яго прыхільнікаў пачала хутка расці.

Сітуацыя на далучаных землях не магла застацца незаўважанай расійскім імператарам. З дапамогай службаў палітычнага вышуку ён уважліва сачыў, як расце напружанне «в польских провинциях». Губернатары дакладвалі ў справаздачах, што папулярнасць расійскіх улад рэзка пахіснулася. Галоўнымі носьбітамі бунтарскага духу, як і варта было  чакаць, стала дробная шляхта. З яе боку пачасціліся пераходы мяжы з мэтай уцёкаў у герцагства Варшаўскае, пераважна гэта былі людзі маладога ўзросту.

Вялікае герцагства Варшаўскае — клубок супярэчнасцей

Каталіцка-ўніяцкае духавенства, а таксама вернікі гэтых канфесій лічылі рускіх ворагамі-іншаземцамі, якія варварскімі метадамі насаджаюць сваю перавагу. Калі ў герцагстве Варшаўскім было адменена прыгоннае права, незадаволенасць пачало выказваць і сялянства, чакаючы ад Напалеона правядзення такіх жа рэформаў.

Трывожныя данясенні ішлі і ад камандуючых вайсковымі злучэннямі, якія стаялі ў Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губернях. Яны папярэджвалі, што ў выпадку баявых дзеянняў з Францыяй большасць насельніцтва, асабліва «благородного происхождения», схіляецца да таго, каб падтрымаць Напалеона.

У сакавіку 1812 года занепакоены Аляксандр I запатрабаваў ад губернатараў «собрать сведения об образе мыслей помещиков и других обывателей пограничных губерний», а таксама «составить список тех лиц, которые ненадежны». Да здзіўлення імператара, у лік палітычна ненадзейных нават трапіў нясвіжскі ардынатар Дамінік Радзівіл. Калі таму спатрэбілася выехаць за мяжу, каб забяспечыць лячэнне для дачкі, Аляксандр I не даў дазволу, баючыся, што Дамінік далучыцца да Напалеона. Адначасова пачаліся арышты падазроных асоб з далейшай іх дэпартацыяй ва ўнутраныя губерні Расіі. Але гэтая мера аказалася запозненай, да вайны з Напалеонам засталося некалькі месяцаў.