Год народного единства Общество

Погляд у мінулае: Койданаўская шляхта. Ч. 22

Вайна — перыяд выпрабаванняў, калі патрэбна прыняць рашэнне, на чыім ты баку. Такім пераломным момантам для насельніцтва заходніх губерняў Расіі стала інтэрвенцыя, пачатая напалеонаўскай Францыяй у 1812 годзе. Кіруючыся патрыятычнымі пачуццямі, беларуска-ліцвінская шляхта вітала іншаземных захопнікаў, фактычна супрацьпаставіўшы сябе астатняму народу.

Час выбару

Напалеон Банапарт загадзя рыхтаваўся да вайны з Расіяй. Ужо ў 1811 годзе яго войскі, парушыўшы Тыльзіцкае пагадненне, занялі тэрыторыю Вялікага герцагства Варшаўскага і падышлі да мяжы з Расіяй. Для будучага паходу на ўсход французскі імператар аб’яднаў пад сваім камандаваннем 600-тысячную армію з прадстаўнікоў розных еўрапейскіх народаў. У герцагстве яе шэрагі папоўніліся 30-тысячным вайсковым корпусам польскай шляхты. Спакусіўшыся на абяцанні Напалеона, яе прадстаўнікі шчыра верылі, што ідуць змагацца за інтарэсы сваёй радзімы. На самай жа справе гэтае войска ператварылася ў такіх жа заваёўнікаў, якімі на беларускіх землях лічыліся французы.

Камандаванне шляхецкім апалчэннем прыняў на сябе Юзаф Панятоўскі, пляменнік апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Панятоўскага. Пад яго ўплывам знаходзіўся Дамінік Радзівіл, патомак вядомага роду і ўладальнік Нясвіжскай ардынацыі.

Князь Дамінік Іеранім Радзівіл

Вакол магната групавалася вялікая колькасць дробнапамеснай шляхты, з якой ён ладзіў шумныя застоллі. Пасля іх кампанія пачынала аб’язджаць коней з вялікай стайні гаспадара. Як пазней высветлілася, так Дамінік, які здаўна рыхтаваўся да пераходу на бок Напалеона, фарміраваў з ліку сваіх прыхільнікаў полк уланаў.

Па сігналу Юзафа Панятоўскага гэты атрад у амаль тысячу шабляў перайшоў мяжу герцагства і далучыўся да агульнага шляхецкага строю. Гэты прыклад пазней перанялі прадстаўнікі іншых уплывовых магнацкіх родаў — Пацаў, Сапегаў, Хадкевічаў, Патоцкіх і іншых. З такой моцнай падтрымкай з боку пануючага саслоўя заходніх губерняў Напалеон Банапарт ужо не сумняваўся, што даб’ецца перамогі ў сваім паходзе на ўсход. На досвітку 12 чэрвеня 1812 года яго войскі пачалі перапраўляцца цераз Нёман.

Расійскі імператар чакаў такога павароту падзей, таму на мяжы з герцагствам Варшаўскім разгрупаваў тры арміі — 1-ю Заходнюю пад камандаваннем Міхаіла Барклая дэ Толі, 2-ю Заходнюю пад камандаваннем Пятра Баграціёна і Рэзервовую, якую ўзначальваў Аляксандр Тармасаў. Рыхтуючыся да вайны, царскі ўрад таксама рэкрутаваў у сваё войска нямала беларусаў. Так у межах былой Рэчы Паспалітай суайчыннікі разышліся па розныя бакі.

Калі для рускага народа гэтая вайна была Айчыннай, дык для насельніцтва заходніх губерняў яна ператварылася ў грамадзянскую.

Французская армія пераўзыходзіла па колькасці рускія войскі, тым больш што тыя былі раз’яднаны па трох кірунках. Для Напалеона гэта быў цудоўны шанц разбіць сілы праціўніка паасобку. Таму свой галоўны ўдар ён нанёс па пазіцыях 1-й Заходняй арміі, дзе знаходзіўся галоўнакамандуючы ўсёй ваеннай групоўкай Аляксандр I. Але Барклай дэ Толі ўхіліўся ад адкрытага бою і пачаў з ар’ергарднымі баямі адыходзіць на ўсход, каб аб’яднацца з арміяй Баграціёна. Таму напалеонаўскія войскі за кароткі тэрмін, амаль без супраціўлення, занялі шэраг важных стратэгічных пунктаў: Вільню, Гродна, Мінск, Магілёў, Віцебск.

На захопленых тэрыторыях многія магнаты, шляхта, некаторыя гараджане віталі іншаземцаў як вызваліцеляў, бо бачылі ў іх сілу, здольную  аслабіць Расію і дапамагчы адрадзіць былую дзяржаўнасць Рэчы Паспалітай.

Сапраўды, 19 чэрвеня 1812 года паводле загада Напалеона быў створаны орган найвышэйшай грамадзянскай улады на беларуска-ліцвінскіх землях – Часовы ўрад Вялікага Княства Літоўскага. Але ўжо з самага пачатку ён быў пазбаўлены самастойнасці і поўнасцю кантраляваўся напалеонаўскімі намеснікамі.

Галоўнай функцыяй гэтага марыянетачнага органа стала папаўненне французскага войска за кошт мясцовага насельніцтва. Паспешліва выконваючы дадзенае распараджэнне, новая адміністрацыя змагла сфарміраваць 4 уланскія палкі, татарскі эскадрон і тры егерскія батальёны колькасцю каля 20 тысяч чалавек. Але, не маючы ваеннай падрыхтоўкі, яны не змаглі праявіць сваю баяздольнасць і выкарыстоўваліся для дапаможных мэт.

Былі і прыклады іншага кшталту. З ліку мясцовых шляхціцаў-добраахвотнікаў быў створаны 3-ці кавалерыйскі полк Імператарскай гвардыі, якім камандаваў Ян Канопка з-пад Слоніма. Пасля задушэння  паўстання пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі ён апынуўся ў Францыі і далучыўся да арміі Напалеона, дзе даслужыўся да звання генерала. У яго полк былі залічаны нашчадкі такіх вядомых родаў, як Валовічы, Ромеры, Платэры, Пузыны, Пуслоўскія, Тышкевічы, але большасць складалі прадстаўнікі дробнапамеснай шляхты. Да іх далучыўся эскадрон беларускіх татараў на чале з Мустафой Ахматавічам. Нямала беларусаў-ліцвінаў несла службу і ў гвардзейскім уланскім палку генерала Вінсента Красінскага.

Па розныя бакі разышлося беларуска-ліцвінскае грамадства ў вайне 1812 года

З самага пачатку ваеннай кар’еры Напалеон прытрымліваўся правіла, што на занятых тэрыторыях яго войска павінна знаходзіцца на самазабеспячэнні. Іх уласныя запасы хутка скончыліся, і захопнікі па звычцы заняліся марадзёрствам. Каб папярэдзіць распаўсюджванне гэтай небяспечнай з’явы, Напалеон аддаў загад Часоваму ўраду тэрмінова сабраць для патрэб французскай арміі 3 млн пудоў жыта, 2,5 млн пудоў сена, 53 тысячы галоў жывёлы, сотні бочак крупаў, гарэлку, соль, а таксама заплаціць аднаразовае ахвяраванне грашыма.

Асаблівая роля адводзілася Мінску, які павінен быў ператварыцца ў горад-склад і шпіталь для французскіх салдат, калі яны вернуцца пасля пераможнага паходу, каб адпачыць на зімовых кватэрах. Такія загады з боку французаў працверазілі шляхту: яна пачала ўсведамляць, што трапіла ў памагатыя да саюзніка, які паводзіў сябе на іх землях як гаспадар.

З цягам часу ўзрастала і варожасць мясцовага насельніцтва, выкліканая загадамі Напалеона і паводзінамі новай улады. Адмяняць прыгоннае права ніхто не збіраўся, таму сяляне не бачылі сэнсу ў далейшай сімпатыі да французаў. Спачатку пасіўна, а потым адкрыта яны ўступілі ў барацьбу з іншаземнымі захопнікамі, паказаўшы нямала прыкладаў гераізму ў гэтай вайне.

Сваёй часовай рэзідэнцыяй Напалеон зрабіў Віцебск. Ён рыхтаваў горад да падпісання мірнага пагаднення на выгадных для сябе ўмовах пасля таго, як капітулюе руская армія. Але яго чаканні зацягваліся. У горадзе на Дзвіне французскі імператар сустрэў сваю 43-ю гадавіну. Выступаючы перад войскам з выпадку гэтай падзеі, Напалеон нечакана агучыў свой намер рухацца далей на Маскву. І зноў дзве арміі вогненным смерчам пайшлі па землях Беларусі. Праз некалькі месяцаў яны вернуцца па той жа спустошанай дарозе, але французы ўжо будуць у ролі ўцекачоў. Разам з імі, так і не дабіўшыся здзяйснення сваіх ідэалаў, бясслаўна сыдуць за мяжу і рэшткі  шляхецкага апалчэння, што змагалася на баку свайго былога куміра.

Дамінік Радзівіл, як сапраўдны воін, не здрадзіў Напалеону і загінуў у бітве пры Ганау 30 кастрычніка 1813 года. Яму было тады 27 гадоў. На ім спыніўся па мужчынскай лініі славуты род нясвіжскіх Радзівілаў, які панаваў на беларускіх землях звыш двух з паловай стагоддзяў.

Віктар УРАНАЎ